Тры гады калоніі. Маці Рамана Караневіча пасля абвяшчэння прысуду страціла прытомнасць

У судзе Слуцкага раёна вынесены прысуд Раману Караневічу. Ён прызнаны вінаватым у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове правапарадку і нанясенні яму цялесных пашкоджанняў. Пасля вынясення прысуду маці Рамана страціла прытомнасць.

sud_sluck_1.png

Нагадаем, Рамана Караневіча затрымалі 10 жніўня пасля мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Пры затрыманні ў яго быў пашкоджаны пазваночнік, звязкавы апарат галёнкаступневага сустава, параарбітальная гематома, гематома верхняга века. Хлопец пасля затрымання не мог уставаць самастойна, з цяжкасцю рухаўся і маці нават прыйшлося аднесці адмысловы гарсэт для пазваночніка ў міліцэйскі ізалятар.


З абвінавачвання вынікае, што 10 жніўня пасля 21:00 Раман Караневіч у стане алкагольнага ап'янення знаходзіўся ў грамадскім месцы Слуцка — на вуліцы Сафіі — каля рэчкі Случ. У гэты час там прагучаў вокліч «Жыве Беларусь». Міліцыянт з напарнікам кінуліся «на ліквідацыю грамадскага непарадаку». Убачылі траіх чалавек, пры іхнім прыбліжэнні адзін уцёк.
Пры складанні старэйшым лейтэнантам міліцыі Іванам Ганчарэвічам пратакола затрымання для правядзення медыцынскага агляду на ўтрыманне ў крыві Караневіча алкаголю і высвятлення асобы, аказаў супраціў і ўчыніў гвалт: спачатку ўцякаў, а пасля каменем нанёс удар па галаве міліцыянту — стукнуў па цемечку. Пры гэтым нібыта Караневіч дакладна ведаў, што падымае руку на прадстаўніка ўлады пры выкананні абавязкаў. Усе негатыўныя дзеянні здзейсніў свядома.


Дарэчы, сам камень як рэчавы доказ крымінальнага злачынства ў матэрыялах справы адсутнічае.Напярэдадні падчас спрэчак бакоў пракурор Аляксей Крот заявіў, што нягледзячы на непрызнанне віны Раманам Караневічам, паказанні абвінавачанага аспрэчваюцца сведчаннямі пацярпелага супрацоўніка міліцыі Ганчарэвіча і яшчэ двух сведак з боку пацярпелага. Пракурор палічыў, што сведчанні міліцыянтаў паслядоўныя, лагічныя і ў поўным аб’еме адпавядаюць пісьмовым матэрыялам крымінальнай справы.

img_20201112_100003_logo.jpg


Пракурор прасіў прызначыць Караневічу пакаранне ў тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама спагнаць з яго сродкі, выдаткаваныя на судовую экспертызу: 1876 рублёў 54 капейкі.
Абаронца абвінавачанага выступіў катэгарычна супраць пакарання Рамана Караневіча. Абаронца таксама знайшоў шмат нестыковак у гэтай крымінальнай справе:

  •  Артыкул 363 прадугледжвае, што супрацоўнік міліцыі павінен выконваць свае абавязкі па ахове грамадскага парадку. І пры гэтым  у дачыненні да яго павінны быць здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні. Дзеянні супрацоўніка міліцыі не насілі законны характар і, адпаведна, іх нельга аднесці да дзеянняў па ахове грамадскага парадку.

  • Немагчыма згадзіцца з абвінавачваннем Караневіча ў супрацьпраўных дзеяннях, паколькі такія дзеянні праглядаюцца ў дзеяннях саміх супрацоўнікаў РАУС, і яны далі паказанні супраць Караневіча, каб самім пазбегнуць адказнасці. У той час, як абавязак праваахоўнікаў — ахоўваць грамадзян.

  • Не было саміх падстаў для затрымання Караневіча, супраць яго не было складзена нават ніводнага пратакола аб хуліганстве альбо алкогольным ап’яненні ці іншым парушэнні грамадскага парадку. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў Караневіч да сустрэчы з міліцыянтамі не здзейсніў. Гэта пацверджана нават  “пацярпелым” Ганчарэвічам. Ніякай неабходнасці яго затрымліваць не было.

  • Не даказана і не ўстаноўлена, якім чынам былі атрыманы сінякі на грудзіне і перадплеччы — магчыма, у іншым месцы. Сумненне выклікае і прычына траўмы галавы, бо нават яго напарнік фактычна пацвердзіў паказанні Караневіча. Калі Ганчарэвіч падаў, даганяючы Караневіча, і атрымаў ушыб, то Караневіч гэтага не хацеў і ў гэтым не вінаваты. Ударыць жа каменем на блізкай адлегласці па цемені Караневіч не мог, паколькі ён значна ніжэйшы ростам за Ганчарэвіча і не змог бы фізічна да гэтага месца дацягнуцца.

  • Пратакол агляду месца здарэння каля рэчкі і пратакол допыта Ганчарэвіча супадаюць па часе і сведчаць, што Ганчарэвіч быў адразу ў двух месцах.

  • Агляд месца здарэння праводзіўся 10 жніўня з удзелам пацярпелага ў 22-40, не было выяўлена камянёў ці іншых прадметаў, якімі магло быць нанесена цялеснае пашкоджанне.

  • Крымінальная справа была ўзбуджана раней, чым у міліцыі было зарэгістравана само здарэнне і раней, чым з бальніцы прыйшло паведамленне аб цялесным пашкоджанні Ганчарэвіча. Пратакол жа затрымання быў аформлены толькі каля дзвюх гадзін ночы.

  • Фактычна Раман Караневіч вінаваты толькі ў тым, што не хацеў быць затрыманым міліцыяй, што спужаўся і ўцякаў.

img_20201113_094114__3__logo.jpg

Абаронца прасіў суд апраўдаць абвінавачанага па частцы 2 артыкула З63 Крымінальнага кодэксу.
У сваім апошнім слове Раман Караневіч заявіў:
— Я прызнаю, што ўцякаў, што не трэба было ўцякаць. Але я спужаўся і не хацеў быць затрыманым. Хацеў дамоў… У тым, у чым мяне абвінавачваюць? Я не вінаваты. Я не біў супрацоўніка міліцыі…
У выніку суддзя Аляксандр Шутко прысудзіў Раману Караневічу 3 гады калоніі агульнага рэжыму і выплату за экспертызу — гэта тое, што патрабаваў пракуррор.

Пасля вынясення прысуду маці Рамана страціла прытомнасць.

img_20201113_095033_logo.jpg