Стаматолаг у Брэсце з балкона папрасіла сілавікоў не біць дзяўчыну — і атрымала кулю ў жывот
Увечары 10 жніўня брэстаўчанка Вольга Рыбакова стала сведкай жорсткага затрымання людзьмі ў чорным маладога чалавека. За тым, што адбываецца, яна назірала з балкона сваёй кватэры на чацвёртым паверсе шматпавярховіка. У адказ на яе патрабаванне спыніць гвалт у Вольгу стрэлілі гумавай куляй. З тых часоў яна ў бальніцы — і распавяла TUT.BY, што з ёй адбылося.
Вольга працуе стаматолагам у адной з клінік Брэста. Увечары 10 жніўня яна была дома з 21-гадовым сынам. Вокны яе кватэры выходзяць на паркавую зону Набярэжнай Францыска Скарыны. Каля 23.30 Вольга з сынам пачулі крыкі з вуліцы:
— У нас на вокнах былі закрытыя ралеты і таму мы прыадчынілі балконныя дзверы, каб паглядзець, што адбываецца. Я ўбачыла, як людзі ў чорнай форме і шлемах са шчыткамі білі і валаклі хлопца ў мікрааўтобус. Іх было не менш за шэсць чалавек. Для мяне гэта шок. Я не прымаю гвалт ні ў якой форме. Катэгарычна. Дзве дзяўчынкі, якія былі з хлопцам, прыселі на кукішкі на траве непадалёк. Да іх падышлі двое і адзін з іх ударыў дзяўчынку нагой. Я закрычала: «Што вы робіце! Перастаньце». На гэта адзін з супрацоўнікаў у грубай форме загадаў усім схавацца. Ніхто не чакаў, што могуць страляць, але ён у мяне стрэліў. Усё гэта адбылося за лічаныя секунды.
Гумавая куля трапіла Вользе ў ніжнюю частку жывата, разарваўшы мяккія тканкі.
— Зрабіўшы ў пакой пару крокаў, я апусцілася на калені. Боль быў жудасны. Уяўляючы сабе, што ад гумовых куляў бываюць толькі сінякі, падумала: «Ну, гематома будзе, раз так баліць». Але адчула, што губляю прытомнасць. Сын ад стрэсу крычаў: «Мама, мама, толькі не не сыходзь!». Убачыўшы кроў, я зразумела, што свядомасць губляць ніяк нельга. Калі закранула сасуд, то проста сцяку крывёй у сына на руках, бо хуткая можа затрымацца з-за перакрытых вуліц. Я заціснула рану кулаком, каб не крывіла. Сын выклікаў хуткую і пабег да бабулі па нашатыр — яны жывуць побач, у суседняй кватэры. Я была шчаслівая, што не патрапілі ні ў сына, ні ў маіх бацькоў.
Медыкі, якія прыехалі, агледзелі Вольгу, наклалі ёй павязку, паставілі кропельніцу і забралі ў бальніцу.
— Мяне прывезлі ў чыгуначную бальніцу. Лекары вельмі добрыя, увесь час да мяне прыходзілі, прасілі пацярпець трошкі — аперацыйная была занятая. Там аперавалі кагосьці, хто паступіў раней за мяне таксама з ранай ад гумавай кулі. Мяне прааперавалі ў тую ж ноч, прыбралі разарваныя і разбітыя куляй тканкі вакол раны. Наклалі стэрыльную павязку і адвезлі ў хірургічнае аддзяленне. Лекары сказалі, што я шчасліўчык — унутраныя органы не закранутыя. Цяпер у мяне адкрытая рана. Яе падлечваюць, каб потым можна было зрабіць аперацыю з пластыкай. Мне кожны дзень робяць перавязкі, увесь мінулы тыдзень былі кропельніцы і ўколы. У гэтым аддзяленне ўсё — лекары, сястрычкі, санітарачкі, — проста дзіўныя людзі. Незвычайна душэўныя і вельмі прафесійныя.
Па словах Вольгі, гэты тыдзень яна правядзе ў шпіталі.
— Праблема ў тым, што гэтая гумавая куля разбівае тканку і вырывае кавалкі мяса. Таму пачынаецца некроз тканак. І, калі яе адразу зашыць, то тканкі адміраюць пад швамі і гнаяцца. Такія раны пакідаюць адкрытымі, каб паступова знікла ўсё, што павінна адмерці — пакуль не зашыта. Пасля будзе аперацыя. Лекары кажуць, што з такімі ранамі ім не даводзілася працаваць, бо вайна даўно скончылася. Але яны запросяць спецыяліста. Магчыма, з апёкавага аддзялення.
Брэстаўчанка падала заяву ў Следчы камітэт з патрабаваннем правесці праверку і прыцягнуць вінаватых да адказнасці:
— Мы вырашылі, што нельга маўчаць. Хочацца, каб людзі разумелі, што так не павінна быць. Гэта бесчалавечна. Нельга дапусціць, каб гэта калі-небудзь паўтарылася. Калі ў Следчым камітэце будзе стос заяваў ад пацярпелых — гэта ўжо будзе паказальна. І тут гаворка не пра палітыку, а пра гуманнасць і чалавечнасць. Усім нам я ад усёй душы жадаю стойкасці, дабра і святла.