Суды ў Мінску і рэгіёнах 10 жніўня. Спісы

Па афіцыйных даных, падчас мірных акцый пасля выбараў па усёй Беларусі былі затрыманыя каля трох тысяч чалавек. «Вясна» працягвае збіраць інфармацыю пра гэтых людзей у Мінску і рэгіёнах. 10 жніўня чакалася, што над імі адбудуцца суды.

Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY

Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY


Валанцёры і валанцёркі Валанцёрскай службы «Вясны» маніторылі суды цэлы дзень, але поўную інфармацыю пра асуджаных даведацца не ўдалося. Вядома, што над затрыманымі, якіх змясцілі ў жодзінскі і магілёўскі ізалятары, судзілі на выязных паседжаннях прама там. Праз тое, што гэтыя суды фактычна закрытыя, вынікі праваабаронцам даведацца амаль немагчыма.

Як распавядае каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, па інфармацыі валанцёраў затрыманыя ў апошнія некалькі дзён у Мінску знаходзяцца ў двух гарадах: у Мінску і Жодзіне.

«У Мінску на гэты момант яшчэ не было судоў над затрыманымі 7 і 8 жніўня. Больш за тое, гэтых людзей перавезлі ў ІЧУ горада Жодзіна. Іх туды павезлі на мінімум пяці аўтазаках. У жодзінскім ізалятары над імі адбываліся закрытыя суды, у якіх бралі ўдзел суддзі з усіх навакольных гарадоў, а таксама суддзі некалькіх раённых судоў сталіцы. Верагодна, там адбываецца судовы канвеер.

Сваякі затрыманых на мірных акцыях пратэсту могуць атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне сваіх блізкіх па тэлефоне жодзінскага ІЧУ: 8-017-754-6819. Варта адзначыць, што прадуктовыя і рэчавыя перадачы ў Жодзіна дазволена ажыццяўляць толькі ў аўторак і чацвер. Пры гэтым перадаваць іх можа любы жадаючы, а не толькі сваякі.

Што тычыцца затрыманых у ноч з 9 на 10 жніўня, то частка іх знаходзіцца на Акрэсціна ў Мінску, а частка таксама былі перамешчаныя ў Жодзіна. Дата і месца судоў над імі нам пакуль не вядомыя. Аднак у Мінску каля ІЧУ вывешваюцца спісы затрыманых, якія перыядычна абнаўляюцца, што крыху спрашчае працэс пошуку людзей. У Жодзіне абяцаюць пачаць рабіць гэта крыху пазней. Як толькі Валанцёрская служба атрымае поўную інфармацыю з дадзенымі грамадзян, якія знаходзяцца на Акрэсціна, мы адразу ж яе апублікуем. А заўтра мы працягнем маніторынг ўсіх судоў горада Мінска», — распавядае агульную сітуацыю пра суды Марфа Рабкова.

Мінск

10 жніўня ў 18:00 у судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаліся суды над назіральнікамі за выбарамі і начальніцай штаба Святланы Ціханоўскай Марыя Мароз. Валанцёры перадаюць наступны спіс:

  • Іва Амбражэвіч (арт. 17.1 КаАП)— 7 сутак арышту (суддзя Пісарэвіч);
  • Вольга Суркова (арт. 17.1, 23.4 КаАП)— 7 сутак арышту (суддзя Лукашэвіч);
  • Алена Бужынская (арт. 17.1, 23.4 КаАП)— вынік невядомы.
  • начальніца штаба Ціханоўскай Марыя Мароз — працяг 11 жніўня ў 12:00, на волю да новага суда яе не адпусцілі (суддзя Млечка),
  • Філімонава (арт. 17.1, 23.4 КаАП)— штраф 40 базавых.

Вядома, што ў Мінскім раённым судзе аштрафавалі назіральніцу Ганну Бічэль, але на колькі базавых пакуль невядома. У судзе Кастрычніцкага раёна павінны былі судзіць Наталлю Дзянісаву, вынікі суда пакуль невядомыя.

Таксама вядома, што ў адным з мінскіх судоў быў асуджаны на 15 сутак Андрэй Рыхальскі. Яго затрымалі 9 жніўня.

Гомель

Вядома, што ў Гомелі падчас пратэстаў затрымалі каля 30 чалавек. Сёння чакаліся суды над імі.

Як піша «Радыё Свабода», 10 жніўня сваякі затрыманых на акцыі 9 жніўня ў цэнтры Гомеля прыйшлі да гарадскога ізалятара часовага ўтрымання, каб даведацца інфармацыю пра іх. Яны стаялі невялікімі купкамі і размаўлялі, калі да пад’ехалі невядомыя людзі ў спартовай вопратцы на двух аўтамабілях. Сказалі, што неабходна праверыць дакументы — і звезлі ў невядомым кірунку каля пяці чалавек.

Валанцёрская служба «Вясны» паведаміла, што ў гомельскіх судах 10 жніўня асудзілі траіх чалавек за ўдзел у акцыях на 10-15 сутак, але прозвішчы іх невядомы. У Гомелі на 12 сутак арышту асудзілі Міхаіла Кузьмянкова, якога затрымалі 9 жніўня каля 23 гадзін.

Вядома, што гомельскія суды 10 жніўня разглядалі адміністрацыйныя справы ў дачыненні да актывістаў.

“Радыё Свабода” паведамляе, суд Савецкага раёну Гомеля 10 жніўня адправіў справу Таццяны Канеўскай па арт. 23.4 КаАП на дапрацоўку. Але калі, яна пайшла забраць рэчы з міліцэйскага аўтамабіля, яе зноў затрымалі.

Таксама ў Гомелі асудзілі актывіста Васіля Палякова. Яго паводле двух артыкулаў КаАП пакаралі арыштам на 10 сутак. Міліцыя напісала ў пратаколе, што ён «мачыўся ў грамадскім месцы і на заўвагі міліцыі не рэагаваў». Палякоў віны не прызнаў.

Глыбокае

У Глыбокім асудзілі журналіста-фрылансера Дзмітрыя Лупача на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Магілёў

Таксама ў Магілёве сёння адбываліся суды над затрыманымі па арт. 23.34 КаАП, але невядома канкрэтна ў якіх акцыях іх абвінавачвалі і чым скончыліся гэтыя суды. Усіх судзілі наўпрост у ізалятары. Суды праходзяць фактычна ў закрытым рэжыме. Прыводзім спіс, каго 10 жніўня судзілі па ч. 1 арт. 23.34 КаАП:

суддзя Вікторыя Палякова:

  • С. Лісоўскі,
  • М. Жукоўскі,
  • А. Баркоўскі,
  • А. Смалякоў,
  • А. Шышоў,

суддзя Наталля Панасенка:

  • О. Бабкова,
  • Ю. Жданаў,
  • М. Гарбачоў,
  • М. Ліпенка,
  • Т. Шышкін.

Гродна

10 жнўня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна таксама адбываліся суды. Прыводзім спіс:

  • Артур Сухоцкі — 10 базавых;
  • Аляксандр Іконнікаў — 20 базавых.

Інфармацыя дапаўняецца і ўдакладняецца.

Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі на акцыі пратэсту паведамляйце пра гэта праваабаронцам "Вясны" праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 29 543 38 66 (у тым ліку Viber),
  • @ViasnaSOS — тэлеграм.
  • + 375 17 377 55 40