Шмат пацярпелых баяліся звяртацца ў дзяржаўныя клінікі (відэа)

Медыкі распавядаюць пра тое, у каго стралялі сілавікі, якія траўмы яны бачылі іпратое,чаму пацярпелыя баяліся звяртацца ў дзяржаўныя клінікі. Пра гэта ў сюжэце "Белсата".


Алена Хоміч, судмэдэкспэрт:

„Сігналы пра чаканы паслявыбарны гвалт паступалі задоўга да асноўнага дня галасавання. Медыкі рыхтавалі свае кансультацыйныя медычныя блокі, каб ратаваць людзей, бо ведалі, што будзе беспакараная бойня з боку ўладаў. Мы выдатна ведалі і былі папярэджаныя, што быў дадзены загад страляць на паражэнне, загад біць, хапаць.

Мы з калегамі аказвала валантэрскую дапамогу пацярпелым у палявых умовах, каб яны ня мусілi звяртацца па дапамогу афіцыйна і не траплялі такім чынам у поле зроку сілавікоў.

Многія лекары выйшлі інкогніта, не кажучы ўжо пра гэтых чулых медсястрычак і фельчараў. Яны зачыняліся ў сваіх машынах хуткай дапамогі ды рабілі цуды. Фактычна хірургію на месцы. Каб выратаваць рукі, ногі, апечаныя вочы.

Асноўны ўдар прыняла на сябе лякарня хуткай дапамогі. Прычым самыя цяжкія пацыенты былі ня з мірных акцыяў пратэстаў, дзе пацярпелі ад гумавых куляў ды святлашумавых гранатаў, — а людзі, якіх білі і катавалі ў міліцэйскіх пастарунках ды ізалятарах часовага ўтрымання“.

Кацярына Мяржынскас, рэаніматолаг:

„Вельмі шмат пацярпелых баяліся звяртацца ў дзяржаўныя клінікі. Бо калі чалавек звернецца з гумовай куляй у нейкім месцы, дык ясна, што ён не на арматуру напароўся, а гэта крымінальная траўма. А пра ўсе крымінальныя траўмы мы вымушаныя паведамляць у адпаведныя органы. Многія пра гэта ведаюць: адна справа схапіць кулю, а зусім іншая — атрымаць яшчэ болей.

Характар траўмаў менавіта крымінальны. Большая частка куляў была ў вобласці спіны, задняй паверхні ног і ягадзіц. Не трэба быць Шэрлакам Холмсам, каб зразумець, што стралялі ня ў тых, хто нападаў, а ў тых, хто спрабаваў уцячы.

Многія, з кім я размаўляла, казалі, што калі б з імі зараз здарылася такое, яны нізавошта ў жыцці б не звярнуліся па дапамогу, бо ўжо сутыкнуліся з такімі несумленнымі дзеяннямі ўладаў. Усе мы памятаем, як на машынах «хуткай» ездзіў АМАП. Давер быў вельмі моцна падарваны. Быў выпадак, калі я ездзіла да чалавека з нагоды ягонай траўмы, і, калі я выходзіла з машыны, чалавек сустрэў мяне з дубінкай у руцэ, бо баяўся, што прыедуць не да яго, а па яго.

Усе цудоўна разумелі, чым скончыцца 9 жніўня, ні для кога гэта ня стала сюрпрызам, і рэакцыя, якая за гэтым ішла, таксама нікога не здзівіла. Усім было зразумела, што будуць пацярпелыя, што будуць траўмы, але ня думалі, што настолькі. Нават у шмат якія клінікі афіцыйна далі распараджэнні аб узмацненні гатоўнасьці ў ноч з 9 на 10 жніўня, былі выкліканыя на дзяжурства галоўныя дактары, загадчыкі, аперацыйныя былі ў поўнай гатоўнасці. Але да таго, што давялося пабачыць, да гэтага, я думаю, многія ўсё ж не былі гатовыя. Да таго, што будуць біць з асаблівай жорсткасцю, што пачнуць ужываць газ. Асабліва калі ўлічыць, што Беларусь — гэта такая краіна, дзе праз генэтычныя парушэнні ў выніку наступстваў Чарнобылю вельмі шмат людзей пакутуе ад алергіі, бранхіяльнай астмы. Пры ўжыванні газу гэта можа вельмі лёгка прывесці да смерці.

Медыкі, якія гадамі працавалі ў рэанімацыі, на хуткай дапамозе, якія бачылі шмат і якія не баяцца таго, што звычайнага чалавека шакуе, з дрыготкімі рукамі ды слязьмі на вачах расказвалі пра вельмі сур’ёзныя траўмы і пашкоджанне ўнутраных органаў, шматлікія падцёкі пад абалонкі і ў рэчыва галаўнога мозгу, пра ўнутраныя крывацёкі ды разрывы органаў. Ня кажучы пра шматлікіх мужчынаў з разрывам прамой кішкі — зразумела, ад чаго… Зноў жа, са словаў (я сама не сутыкалася з тымі жанчынамі), але вядома, што былі сур’ёзныя пашкоджанні як вонкавых, так і ўнутраных палавых органаў“.