«Тэлефон разбілі аб маю галаву». Анархіста Паўла затрымалі на працы

Сярод жорстка затрыманых пасля выбараў былі і тыя, на каго палявалі яшчэ раней. Анархісту Паўлу Садоўскаму месяц таму споўнілася 18 гадоў. Супрацоўнікі ў цывільным затрымалі яго наўпрост на працы, на якую ён толькі ўладкаваўся.

x6ezgd9bsbm.jpg


«Страшна мне не было, я рыхтаваўся да таго, што мяне могуць забраць», — пачынае распавядаць Павел. Яго сяброў затрымалі яшчэ 6 жніўня: «Да іх на працу прыехалі людзі і затрымалі: пэўна, рабілі своеасаблівую зачыстку перад выбарамі. У мяне пад домам таксама стаялі людзі ў цывільным, стаяў “бусік”, таму некалькі дзён я проста не выходзіў на вуліцу».
Аднак хлопцу трэба было ісці на працу: ён якраз уладкоўваўся зборшчыкам мэблі ў гандлёвы цэнтр «Кірмаш». На працу ён прыйшоў 10 жніўня а 14 гадзіне, аформіў патрэбныя дакументы, распісаў графік, прыступіў да сваіх абавязкаў. «А ў 15:25 за мной прыехалі людзі ў цывільнай вопратцы, — узгадвае Паша. — На мяне надзелі кайданкі, пацягнулі ў машыну. Я думаў, што павязуць у Маскоўскі РАУС, але, аказалася, што ў Фрунзенскі РАУС».
Пашу завялі ў кабінет, дзе сядзелі два супрацоўнікі міліцыі, прыкавалі кайданкамі да крэсла, забралі ўсе асабістыя рэчы і пачалі допыт.
— У мяне запытвалі, хто я па сваіх палітычных поглядах, пыталі, каго я ведаю з анархістаў, хто чым займаецца, што робіць… Я сказаў, што не буду адказваць на іх пытанні. Мне нанеслі некалькі ўдараў па твару, па нагах. Пасля прыйшлі два іншыя супрацоўнікі, я так зразумеў, з галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаваным злачынствам і карупцыяй, і пачалі задаваць тыя ж самыя пытанні, на якія я і ім не адказваў.
Пасля гэтага ў Паўла патрабавалі разблакаваць экран тэлефона, каб мець да яго доступ: «Пароль я ім не сказаў, таму ў рэшце рэшт мне разбілі тэлефон аб галаву. Але я і далей працягваў маўчаць».
Павел кажа, што ў выніку на яго склалі два пратаколы: адзін — аб дробным хуліганстве, другі — аб супраціве пры арышце: «У першым пратаколе пазначана, што у 16:25 я быў каля Кальварыйскіх могілак, паводзіў сябе неадэкватна, гэтым і парушыў артыкул. Мне нібыта зрабілі заўвагу, я не паддаўся і аказаў супраціў пры арышце, але ж у 16:00 я ўжо знаходзіўся ў Фрунзенскім РАУСе».
Аб 11 гадзіне раніцы ў наступны дзень Пашу пасадзілі ў аўтазак і павезлі ў Жодзіна. Хлопец кажа, што ехалі чамусьці вельмі доўга: прыехалі ў ізалятар амаль пад вечар. Камера, у якую трапіў Павел, разлічана на 12 месцаў, але ў яе пасадзілі 35 чалавек: спалі або па чарзе, або па два чалавекі на ложку. «На працягу ўсіх дзён мае родныя не ведалі, што са мной здарылася, ці жывы я наогул, — дзеліцца хлопец. — Яны абзванілі ўсе РАУСы, але ім адказвалі, што такі чалавек не паступаў. У Жодзіне я прасядзеў да 13 жніўня. Мяне там і судзілі. Па адным пратаколе далі трое сутак, якія я ўжо адсядзеў, па другім — штраф у памеры 5 базавых адзінак».
Павел кажа, што ў параўнанні з іншымі, умовы ўтрымання ў яго былі неблагія: «Так, камеры былі перапоўнены, нам не давалі курыць і часам не хапала туалетнай паперы. Але я больш хваляваўся не за сябе, а за родных, якія не ведалі, ці жывы я. Я даў пра сябе ведаць на трэці дзень: мой сукамернік выходзіў на волю, я даў тэлефон маці, каб ён набраў і сказаў, што са мной усё добра. У гэты ж дзень мяне судзілі. Суд адбыўся вельмі хутка, я нічога не зразумеў. Зачыталі вырак і выпусцілі. Аддалі мае рэчы і разбіты тэлефон. Да Мінска на машыне мяне падвёз валанцёр. Такой салідарнасці, калі шчыра, я не чакаў».
Пасля вызвалення Павел пазбавіўся працы. У гандлёвым цэнтры «Кірмаш» яму сказалі, што месца ўжо заняў іншы чалавек. Праблем са здароўем, звязаных са збіццём у РАУСе, ён асабліва не адчувае. Да медыкаў хлопец вырашыў не звяртацца, палічыўшы, што пасля апошніх падзей працы ў іх і без яго зашмат.