«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 18: Злавесны цень НКВД і той, хто смяецца апошні

У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала, за што турэмнікі ненавідзяць Марыю Калеснікаву, які артыкул за кратамі насамрэч лічыцца народным, і што здарылася з Бібліяй Змітра Дашкевіча. Сёння распавяду, якую здзелку мне прапаноўваў супрацоўнік Генпракуратуры, чаму мяне не даслалі ў крытую турму і як служакі пераконваюць палітвязняў у тым, што мы вар’яты.

novyj_proekt_1__logo.png


«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Папярэднія часткі

«Цалую. Люблю. Ваша Ляля»

—  Блін, чагосьці не хапае, — запытальна гляджу на Волю Ялцэвіч і працягваю ёй паперу са сваім зваротам у Дэпартамент выканання пакаранняў. 

Брэсцкае СІЗА № 7. Снежань 2021-га. Разумею, што пасля прысуду па новай крымінальнай справе мяне зноў этапуюць у гомельскую калонію і думаю, як гэтага пазбегнуць. 

Вяртацца ў ПК-4 страшэнна не хочацца. Выдатна разумею, што мяне там чакае. Напярэдадні этапу ў Брэст начальнік калоніі Талсцянкоў адкрытым тэкстам сказаў, што супраць мяне будуць узбуджаць яшчэ адну крымінальную справу — па артыкуле 411. «Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі». А тое, што яны незаконныя — гэта нікога не хвалюе. 

У этапнае памяшканне ў лістападзе 2021-га мяне забралі наўпрост з ШІЗА. Са штрафнога ізалятара я ўвогуле не вылазіла апошнім часам. «Так будзе і цяпер, нават яшчэ горай, — з сумам падумала я. — Трэба гэтага неяк пазбегнуць па магчымасці».

Варыянтаў няшмат. Спрабавала застацца ў брэсцкім СІЗА (асуджаныя з невялікімі тэрмінамі маюць такую магчымасць. Яны адбываюць пакаранне ў следчых ізалятарах, працуючы там у сферы гаспадарчай абслугі). Але нічога не атрымалася. Тагачасны начальнік Лук’яновіч сказаў мне, што ў «хозотряде» ў брэсцкім ізалятары працуюць толькі мужчыны.

Тады вырашыла звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў з хадайніцтвам аб пераводзе мяне ў магілёўскую турму. Так званую крытку. 

«Сваё знаходжанне ў папраўчай калоніі № 4 лічу немэтазгодным, паколькі я асуджаная за свае палітычныя перакананні, мяняць якія не збіраюся, адпаведна, выпраўляць мяне няма ад чаго», — напісала я ў лісце да кіраўніцтва Дэпартаменту. 

— О, ведаю, чаго тут бракуе, — кажу Волі, перачытваючы ліст. — Напрыканцы трэба дадаць: «Цалую. Люблю. Ваша Ляля».

Камера пырснула смехам. 

А служакі з ДВП мяне цалкам праігнаравалі. Хадайніцтвы ім я дасылала двойчы, але адказаў адтуль так і не атрымала. Нават фармальнай адпіскі. 

Ужо вярнуўшыся ў сакавіку ў гомельскую калонію, звярнулася з такой жа просьбай да Талсцянкова і яго намесніка Кавалёва

— Давай по чесноку. Зачем тебе это нужно? Попиариться хочешь? — хітра прыжмурыўся Кавалёў. 

Я шчыра не зразумела, што ён мае на ўвазе. 

— Мне няма чым дыхаць тут. Я ненавіджу гомельскую калонію. І ведаю, што вы мяне тут задушыце. Вось і ўсе прычыны, — адказала я тады падпалкоўніку. 

— Нет, Оля, не поедешь ты туда. Почему? Потому что ты туда хочешь. И больше не дури мне голову с этим вопросом, — скончыў размову службоўца. 

З гэтай гісторыі я зрабіла адну выснову: ніколі не трэба агучваць турэмнікам свае сапраўдныя жаданні і думкі. З імі трэба гуляць, маніпуляваць імі. І агучваць у якасці пажаданняў цалкам супрацьлеглае. Тады яны зробяць наадварот. Гэта ж залюстроўе. З крывымі люстрамі. 

Гумар супраць вытанчаных катаванняў

— Класковская, ну что ты постоянно жалуешься? Температура в камере соответствует норме. Сейчас я тебе это докажу, — мажная супрацоўніца рэжымкі Ала Дашэўская няўклюда ўвалілася ў камеру штрафнога ізалятара. У руках трымала вялікі тэрмометр. Побач з ёй — два кантралёры. 

Служакі пачалі замяраць у памяшканні тэмпературу. Дашэўская ўвесь працэс фіксавала на відэарэгістратар. Чамусьці адразу згадаліся радкі з жартаўлівай песенькі з папулярнай некалі гумарыстычнай перадачы «Я всегда с собой беру видеокамеру». Ала Уладзіміраўна пазіравала. Падбірала словы. Крыўлялася. Казала пафасныя прамовы. Той яшчэ перформанс.

Праз некалькі хвілін прыбор паказаў 24 градусы цяпла. 

— Я вам не веру. Такога не можа быць. Я ўся сіняя ад холаду, зуб на зуб не трапляе, — кажу Дашэўскай.

— Что и требовалось доказать, — пераможна вымавіла грузная маёрша. — И это тебе не так, и то тебе не этак. На ровном месте выдумываешь проблемы. Все, вопрос с температурой закрыт. 

Рэжымніца са світай і тэрмометрам рэціраваліся, а я адчувала сябе як той дурань з вымытай шыяй з анекдоту.

«Бог ты мой, ну які ж цырк, які цынізм, — падумала я тады. — Ну ўсе ж яны выдатна ведаюць, што ў ШІЗА страшэнны холад, адмыслова яго ствараюць, а цяпер імкнуцца белае выдаць за чорнае. На каго гэта ўсё разлічана толькі?..»

Усе, хто праходзіў праз штрафны ізалятар, выдатна разумеюць, пра што я зараз. Камеры ШІЗА — гэта лядоўні. Праз некаторы час знаходжання там цела ад холаду робіцца сінім. Спаць у такіх варунках немагчыма. Батарэя ледзь грэе, а ўначы яе часта адключаюць. У міжсезонне яна не грэе ўвогуле. У вокнах і падлозе — вялікія шчыліны.

Больш-менш цёплай батарэя робіцца ў ранішнія гадзіны — у час, калі ў ШІЗА прыходзіць кіраўніцтва калоніі і іншыя «проверяющие». Робіцца такая пастаноўка наўмысна — каб у выпадку чаго ткнуць цябе носам, маўляў, ну якое-такое катаванне холадам, ды ў цябе ж тут тропікі! Пасля іх сыходу батарэя зноў халодная. Пачынаеш наракаць — робяць з цябе дурня. Прычым, робяць гэта настолькі пераканаўча, што часам і сам пачынаеш думаць: а мо, сапраўды, мне гэта ўсё прымроілася?

Вытанчаныя катаванні. У гэтай сістэме ўсё прадумана. Як і ўздзеянне холадам у ШІЗА, так і здзек з тваёй псіхікі. Цябе катуюць і пры гэтым пераконваюць, што табе гэта падаецца, што ты вар’ят і дзівак. 

Пастаяннае пачуццё віны — служакі ўбіваюць гэта ў тваю галаву ўвесь час. «Письма не приходят? Так а мы здесь при чем? Все вопросы к почте. И вообще, вам просто никто не пишет, потому что вы нахрен никому не нужны», «В ШИЗО мы тебя посадили законно, ты сама виновата, нарушаешь правила внутреннего распорядка». І так ва ўсім. Ва ўсіх пытаннях і аспектах, чаго б яны не датычыліся. Палітвязень заўсёды сам ва ўсім вінаваты.

Вельмі важна не паддавацца на гэтыя маніпуляцыі. Як і ў прынцыпе на любыя маніпуляцыі. Мяне вельмі часта ў такіх сітуацыях ратаваў гумар. 

А калі было асабліва цяжка, згадвала сваіх рэпрэсаваных сваякоў па бацькоўскай лініі. Прапрадзед Вацлаў у сталінскія часы быў асуджаны за антысавецкую агітацыю і шпіянаж. Шмат гадоў правёў у Сібіры. Другога прапрадзеда карнікі абвінавацілі ў сувязях з польскім Генштабам і расстралялі. 

Калі думала аб тым, што маім родным давялося перажыць… разумела, што мне яшчэ пашчасціла што я абавязкова мушу ўсё вытрымаць. Не маю права падвесці іх і запэцкаць іх светлую памяць. Я не маю права зламацца.

Брэх маленькага сабакі

— Чего смеемся? Что такого смешного? Досмеешься скоро, — грозна вымавіў аператыўнік Данііл Баранаў. Гэтаму хлопцу ледзь за 20, але выраз твару і амбіцыі ў яго ўжо як у сапраўднага энкавэдэшніка са стажам. Далёка пойдзе. 


Аператыўнік ПК-4 Данііл Баранаў

Аператыўнік ПК-4 Данііл Баранаў

Мы ў пакоі, дзе адбываюцца тэлефонныя званкі. У мяне добры настрой, а шырокую ўсмешку выклікала менавіта спроба гэтага юнака выглядаць сур'ёзным страшным начальнікам. Перад сабой я бачыла не аператыўніка, а звычайнага падлетка, якому ў дзяцінстве не хапіла матчынай любові і пяшчоты, якога булілі ў школе, якому давалі поўху дваровыя пацаны і не бралі яго гуляць з сабой у футбол. 

Цяпер Данік вырас і сам вырашыў усім даваць поўхі. Самасцвярджаўся і помсціў за свае комплексы безабаронным жанчынам. За кошт гэтага ён узвышаўся. Адчуваў сябе мужчынам. Рос ва ўласных вачах і вачах калег з аператыўкі. 

Гэты недарэка любіў пагражаць палітвязням. Любіў заціснуць каго-небудзь у сталоўцы (эфект нечаканасці, у Даніка ўсё прадумана) і прашыпець у твар: «Какая категория профучета? Вину признали? Нет?! Будем работать!»

У мяне ж яго з'яўленне заўсёды выклікалі ўсмешку і  смех. Настолькі недарэчна ён выглядаў і настолькі няўмела капіраваў сваіх старэйшых таварышаў з аператыўкі, што ўспрымаць яго ўсур'ёз было немагчыма. Гэты служака нават не ўсведамляе, наколькі абмежаваным персанажам ён выглядаў у вачах палітвязняў. І наколькі яго ніхто не баяўся. З яго проста смяяліся. Як і тады, у яго школьныя гады, гэта рабілі дваровыя пацаны.

Маленькі сабака — да старасці шчанюк. 

І толькі пры гэтым рэжыме такія кадры носяць афіцэрскія пагоны і маюць неабмежаваную ўладу. Але смяецца той, хто смяецца апошні. І як бы падобныя персанажы ні забаранялі беларусам усміхацца, права пасмяяцца апошнімі, бясспрэчна, належыць менавіта нам.   

Генпракуратура прапаноўвае здзелку

Ольга Александровна, а вы знаете, что в стране объявлена амнистия? — запытальна паглядзеў на мяне чалавек у сінім мундзіры. 

Я адказала штосьці невыразнае, жадання ўступаць у камунікацыю з няпрошаным госцем у мяне не было. 

Госць прадставіўся супрацоўнікам Генпракуратуры, у якасці пацвярджэння сваіх слоў паказаў «корачку». Прозвішча яго я не запомніла, помню толькі імя — Арцём. 

Предлагаю вам признать вину и написать прошение о помиловании. Буквально через несколько дней вас могут освободить, — працягваў тым часам пракурор. — Скажите, у вас есть вид на жительство или ПМЖ в европейском государстве? В случае, если мы вас отпустим, вам есть куда ехать?

Я асалапела. Але выгляду не падала. Служака адкрытым тэкстам прапаноўваў здзелку. Прызнаеш віну, пішаш прашэнне і пакідаеш краіну. Ад гэтых прапаноў я адмовілася. 

Пасля мяне да пракурора выклікалі Марыю Калеснікаву. Яна таксама не прыняла ўмовы людзей у пагонах. 

Быў яшчэ і трэці чалавек, якога выклікалі пасля нас. Жанчына сталага ўзросту, пенсіянерка, сядзела за каментар. Яна пагадзілася, напісала прашэнне і літаральна праз тыдзень яе вызвалілі. 

— Ну и дура, что отказалась, — сказаў мне пасля начальнік рэжымкі Сіўцоў. — Сейчас бы сидела дома и ела драники. 

А я ніколі не пашкадавала аб сваім учынку. 

Разам з тым шчыра радавалася за тых палітвязняў, у якіх атрымалася вырвацца з гэтага пекла раней.

Працяг будзе.