Украіна разарвала з РФ пагадненне па атамнай энергетыцы — праз паўгады вайны, ядзерны шантаж, захоп ЧАЭС і ЗАЭС
Кабмін Украіны вырашыў спыніць дзеянне пагаднення аб навукова-тэхнічным і эканамічным супрацоўніцтве ў галіне атамнай энергетыкі.
Урад Украіны разарваў пагадненне з Расіяй аб супрацоўніцтве ў галіне атамнай энергетыкі. Пра гэта ў суботу, 27 жніўня, паведаміў прадстаўнік Кабінета міністраў у Вярхоўнай Радзе Тарас Мельнічук.
У прыватнасці, спынена дзеянне пагаднення аб навукова-тэхнічным і эканамічным супрацоўніцтве ў галіне атамнай энергетыкі, падпісанае 14 студзеня 1993 года.
Пагадненне мела на ўвазе сумеснае праектаванне, будаўніцтва і эксплуатацыю атамных электрастанцый, даследаванні па бяспецы АЭС, удасканаленне ядзернага паліўнага цыклу, захоўванне і перапрацоўку адпрацаванага ядзернага паліва і інш.
Як вядома, падчас уварвання Расія захапіла Запарожскую атамную электрастанцыю і спрабуе адключыць яе ад энергасеткі Украіны.
25 жніўня ЗАЭС упершыню ў гісторыі была цалкам адключаная ад электрасеткі. Напярэдадні ўдалося падключыць да сеткі два энергаблокі.