«Загадалі забяспечыць месцы ў рэанімацыі»

Як стала вядома "Новаму Часу", у ноч з 9 на 10 жніўня бальніцы рыхтаваліся да прыёму вялікай колькасці пацярпелых. 

Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Брушко, tut.by

Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Брушко, tut.by


У прыватнасці, загад экстранна падрыхтаваць сотню месцаў для шпіталізацыі атрымаў ноччу абласны шпіталь у Бараўлянах. Пра гэта нам стала вядома з уласных крыніц. У выніку супрацоўнікі мусілі аператыўна пераводзіць хворых з рэанімацыі ў іншыя аддзяленні.
Пры гэтым, цяжка пацярпелых не было, прывозілі ў асноўным людзей з лёгкімі раненнямі, якіх адпускалі дадому пасля аказання дапамогі. Але ў рэанімацыю трапіў 28-гадовы хлопец, які быў моцна збіты.
Па даных праваабарончага цэнтра «Вясна», у бальніцах Мінска знаходзяцца дзясяткі пацярпелых у выніку сутыкненняў з міліцыяй увечары 9 жніўня.
Два аддзяленні ваеннага шпіталя занятыя параненымі, паведамляе «Вясна». Таксама пацярпелыя знаходзяцца ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і ў 6-й бальніцы Мінска.
У Мінску супрацоўнікамі праваахоўных органаў быў моцна збіты спецыяльны карэспандэнт «Медузы» Максім Салопаў, які асвятляў пратэсты, паведамілі журналісты з Daily Storm, піша meduza.io.
Затрыманыя, паводле звестак «Вясны» на 10:00, 213 чалавек, у тым ліку не менш за 140 чалавек у Мінску. Звесткі пра затрыманых не канчатковыя.