Збіты на плошчы Перамен мінчук у коме: «Шанцаў зусім мала»

Раман Бандарэнка, якога ўчора збілі на плошчы Перамен у Мінску і затрымалі, у шпіталі. Стан хлопца цяжкі. Ён у коме. Па шкале комы Глазга ў яго — 4Б.

ploshcha_peramen_02_1.jpg


Так выглядае выпіска стану збітага Рамана Бандарэнкі з журнала першаснага медыцынскага агляду.

dyjagnaz201112_j8m20.jpg


У графе «нервова-псіхічны стан» бачны медыцынскі скарот «ШКГ 4б». Што ён азначае? На гэтае пытанне «Нашай Ніве» адказаў судмедэксперт.
«ШКГ — «шкала комы Глазга». Ацэнка парушэння свядомасці і комы. Максімум — 15 балаў, гэта калі ўсё добра, у норме. А чатыры балы, як у гэтым выпадку, адпавядаюць пагрозліваму для жыцця стану», — кажа спецыяліст.
«Даваць прагноз цяжка, трэба ведаць аб’ём субдуральных гематом, як прайшла аперацыя і гэтак далей, але 4 балы — пагранічны стан паміж жыццём і смерцю. Далей — як пашанцуе.
Бывае, што выбіраюцца і з меншым балам, бывае, што паміраюць з большым. Таксама стан чалавека на выхадзе з такой комы залежыць ад часу, праведзенага ў ёй, важна і масіўнасць унутрычэрапных гематом.
Груба кажучы, чым больш гематом — тым больш іх кроў раздражняе мозг і цісне на жыццёва важныя цэнтры, праз што яны не могуць нармальна функцыянаваць, вынікам гэтага і ёсць кома.
Сэнс аперацый у гэтым выпадку ў тым, што, напрыклад, робіцца трэпанацыя і кроў прыбіраецца з чэрапа, мозг «распраўляецца» — кома тады або сыходзіць, або не. Я бачу ў гэтай паперцы таксама пад пытаннем алкагольную інтаксікацыю — гэта, калі так, можа пагоршыць стан», — сказаў спецыяліст.
Па словах медыка, такі характар пашкоджанняў уласцівы, напрыклад, ахвярам аварый, якія атрымалі моцны ўдар па галаве. Або ахвярам пабояў і падзенняў.
«Наша Ніва» пагаварыла са стрыечнай сястрой Рамана.
«Сведкі сказалі яго маме, што Рамана закінулі ў бус, пасля бус вельмі моцна трэсла — магчыма, яго білі? — кажа сястра. — Потым яго адвезлі ў РУУС. Рома быў у запаволеным стане, яго пачало ванітаваць. Але чамусьці ў РУУСе ён правёў ажно 2 гадзіны, — расказвае сястра. — Пасля ён трапіў у бальніцу, дзе зрабілі аперацыю.
Сёння ў бальніцы кансіліум, прыехаў нейкі прафесар. Кажуць, каб раней прывезлі ў бальніцу, то былі б нейкія шанцы, а цяпер шанцаў мала зусім. Дактары кажуць, што яго вельмі позна даставілі. Цяпер Раман у коме».
Сястра кажа, што Раман — асцярожны чалавек, на Маршы не выходзіў: «Мне казаў, што ведае, што могуць з ім зрабіць, калі затрымаюць, бо ён служыў у спецназе — часці 3214 Унутраных войскаў».

roman_ploshcha_peremen.jpg


Раман адслужыў у спецназе ўжо пасля Акадэміі мастацтваў.
Працаваў апошнім часам дырэктарам адной з крамаў «Востраў чысціні». Ён прыйшоў туды ўвогуле адміністратарам, паступова дарос да дырэктара, распавяла яго сястра.
Міліцыя пракаментавала гэтае здарэнне наступным чынам: "МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай давядзення да асяроддзя свайго асабістага меркавання з нагоды сваёй палітычнай пазіцыі вывешваюць, малююць, наляпляюць недзяржаўную сімволіку на фасадах будынкаў, гарадскіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях і т. п. іншыя неабыякавыя грамадзяне спрабуюць аднавіць парадак і не дапускаць парушэнняў правілаў добраўпарадкавання. З наступствамі падобных канфліктаў, часам вельмі сумнымі, разбіраецца МУС". 


Між тым журналісты і жыхары Мінска не раз фіксавалі, як здымаюць сцягі і стужкі, замалёўваюць муралы брыгады з удзелам сілавікоў у масках і балаклавах ці пад аховай сілавікоў у балаклавах са спецыяльных падраздзяленняў. Ніякай законнай асновы, каб здымаць нацыянальныя сцягі і стужкі, няма. Таму гэта абгрунтоўваюць нібыта «архітэктурнымі» і т.п. нормамі.