«Беларусь, якая чакае» — літаратурная. Таньчым над Полацкам (фота)

Мы працягваем наш фотапраект «Беларусь, якая чакае» вандроўкай па месцах прыгод герояў «Танцаў над горадам» вядомага беларускага аўтара Уладзіміра Арлова. Тры містычныя аповесці, аб’яднаныя ў адну кнігу, безумоўна з’яўляюцца жамчужынай сучаснай беларускай літаратуры. 

_polack_tancynad_horadam_kniha_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___4__logo.jpg

За гэту кнігу Уладзімір Арлоў атрымаў прэмію імя Ежы Гедройца ў 2018 годзе. Яскравая, жывая, эстэтычная і бездакорная мова аповесцей зацягвае так, што пасля прачытання проста не верыш у тое, што кніга скончылася...

_polack_tancynad_horadam_kniha_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___3__logo.jpg

Пачынаем нашу вандроўку са спробы знайсці дом аўтара. Нягледзячы на тое, што Арлоў апісвае яго даволі дасканала і не адзін раз, гэта зусім няпроста. Але ж, пашпацыраваўшы па полацкіх дворыках і вулічках, адчуваеш нейкае яднанне з атмасферай кнігі. Магчыма, менавіта тут пачыналіся начныя прыгоды Эфа.


Самы пазнавальны будынак, канешне, «Гатэль» ці «База». У аповесці ён падаецца як недабудаваная спаруда. І гэта зразумела. Дзе ж яшчэ знайсці месца для начных прыгод? Хто з нас не захапляўся таямніцамі закінутых будынкаў? Можа, менавіта таму месцам сваіх спатканняў полацкія самнамбулы абралі закінутую недабудаваную пляцоўку. Тут ніхто не замінаў іх шчасцю хаця б уначы быць тымі, хто яны ёсць на самой справе. Начное яднанне з космасам адбывалася на гэтым даху. Зараз гэта сучасны гатэль «Ветразь», і проста з вуліцы туды трапіць складана...

Згадаем і сяброў галоўнага героя. Чамусьці ніхто з іх не памятае, што адбываецца ўначы. Гімнастка сустракаецца нам толькі на даху «Ветразя» і яшчэ адзін раз у парку падчас шпацыру Эфа з Лорай. «Ветразь» мы ўжо бачылі, а вось і парк. Магчыма, дзесьці на гэтых алеях Эф пабачыў Гімнастку, якая «безуважна слізганула вачыма» і працягнула есці пламбір. Цікавы і трагічны персанаж.


Кіяскёрка. Досыць супярэчлівая асоба, але калі прыгадаць, што ўдзень героі — самыя звычайныя людзі, якія не памятаюць пра начныя прыгоды, то збольшага зразумела. Той самы кінатэатр, ля якога стаяў блакітны шапік — месца працы Кіяскёркі. Можа, на тым самым месцы, дзе зараз гандлююць садавіной і гароднінай.

Зарэчча. Тут калісьці жыла, а можа, і цяпер яшчэ жыве Кіяскёрка. «Туман, брамка, вузкі ложак і поўня» — магчыма, гэта ўсё пра адзін з гэтых дамоў. Досыць эратычная і цікавая гераіня, якая вельмі закранула аўтара. Вы яшчэ не чыталі?

І мы былі б не мы, каб не знайшлі Котку. Канешне, гэта не тая Котка, але ж паводзіны ў яе дакладна тыя ж! Пагардлівая, трохколерная — натуральная Котка.
Яна грае адмысловую ролю ў аповесці: як і ўсе Коткі, яна нібыта гарантавальніца бяспекі і нейкі сімвал спакою і ўпэўненасці. Яна і сустракае, і праводзіць нашых герояў. Котка ёсць Котка.

_polack_kotka_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Настаўнік, Паэт, карузлік — гэтыя героі адыгралі вялікую ролю ў «Танцах», яны заўсёды недзе побач. Так здарылася, што іх няма больш у сусвеце танцораў, як няма і той свабоды, якую яны ўвасабляюць, але ж «я прысвячаю свой танец усім тым, хто зараз танчыць на дахах у іншых гарадах гэтага і таго свету».


Возера. Яно з’яўляецца і ў «Танцах», і ў «Чорным чалавеку на зялёнай канапе». Абодва разы гэтае месца грае даволі адметную ролю. Большую частку свайго часу Эф і Залацістая (даволі таямнічы персанаж) праводзяць у яго абдымках, у «Чорным чалавеку» ўвогуле адны з асноўных падзей адбываюцца на яго хвалях. Лясным возера ўжо даўно быць перастала, але ж нейкі падыход мы да яго знайшлі. Зялёны пярсцёнак мусіць быць дзесьці побач!

«Танцы над горадам» вельмі «прыватная» кніга. Яе трэба чытаць не адзін раз. А для канчатковага разумення і ўражання трэба наведаць Полацк. Пахадзіць па ім, пасядзець на лавачцы ў скверы ля помніка Скарыну, паглядзець на Заходнюю Дзвіну, падыхаць паветрам ля Сафіі. А падчас вяртання дадому зноўку перачытаць «Танцы над горадам».

_polack_tancynad_horadam_kniha_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___1__logo.jpg

Калісьці мы даедзем і да мясцін з трэцяй аповесці гэтай кнігі! Швецыя, чакай!