Беларусь, якая чакае. Сціплае зачараванне прасёлкаў
Вось і надышоў час сустракаць доўгачаканую вясну! Канешне, зіма гэтым годам не тое, каб чымсьці нас вельмі ўсцешыла, але і асабліва не крыўдзіла — на тым і дзякуй. Мы вырашылі, што калі ўжо часы году мяняюцца, то і нам трэба. Таму нашая чарговая вандроўка будзе ў новым фармаце. Гэтым разам прыпадобнімся самураям: у нас няма мэты — толькі шлях! Зацікавіліся? Паехалі!
Упершыню выпраўляемся ў падарожжа без плану, кропак на навігатары і дакладнага маршруту. Сёння мы станем сапраўднымі валацугамі па беларускіх прасторах і будзем карыстацца не хуткаснай шашой, а невялікімі мясцовымі дарогамі, каб убачыць ды насалодзіцца краявідамі, якія амаль ніхто не заўважае, спяшаючыся ў штодзённай мітусні і імкненні хутчэй дабрацца да канца падарожжа. Як кажа адзін наш дасведчаны сябра: «Мастацтва жыве на невялічкіх мясцовых прасёлках». Лепей і не скажаш!
Наш кіроўца спачатку даволі скептычна ўспрыняў новую задумку — ну, як гэта без маршруту павольна ехаць куды ў галаву стрэльне?! Але ж вельмі хутка пранікся ідэяй валацужніцтва на колах і ўжо сам шчыра ўражваўся краявідамі, якія дакладна не ўбачыш, шыбуючы на хуткасці ад 100 км/г. Фатограф толькі пасміхаўся і задаволена мармытаў: «А я ж вам казаў!» Насамрэч, гэта вельмі захапляльна і цікава — адкрываць для сябе, здаецца, самае звычайнае і глядзець вакол вачыма чалавека, які нікуды не спяшаецца.
Нягледзячы на тое, што гэтая зіма адкрыта і нахабна ігнаравала Беларусь, часам усё ж бачна, што нешта кшталту снегу дзесьці было. Аднагалосна вырашылі, што лічыць прагул зіме-2024/2025 не будзем — авансам на будучыню. Некалькі разоў мы вось толькі што праязджалі палі ва ўмоўным снезе, а праз нейкіх некалькі соцень метраў амаль аніякіх слядоў гэтага снегу няма. І поўная ўпэўненасць, што тут ужо зусім іншы клімат і напоўніцу пануе вясна. Але ж выходзіш з машыны, і халодны ветрык здзімае гэтую ўпэўненасць дашчэнту, нягледзячы на яркае вясенняе сонейка.
Невялікія дрымотныя вёскі раз-пораз праплываюць за бортам машыны. У адной спыніліся, бо так склаўся лёс, што занесла нас туды, куды мы ўсё збіраліся, але дагэтуль так і не атрымалася. Лёс не падманеш, ён раней ці пазней прывядзе куды трэба, дакладна вам кажам. Вітаем Хоўхлава і касцёл 1738 году Найсвяцейшай Панны Марыі, які ўпэўнена ўваходзіць у лік сямі самых вядомых і цудоўных драўляных касцёлаў краіны.
Першы касцёл быў заснаваны тут ажно ў 1437 годзе і цягам часу некалькі разоў перабудоўваўся. У сумнавядомым 1863 годзе быў перададзены ў праваслаўе і вернуты каталікам у 1919-м. Пасля Другой сусветнай вайны амаль паўстагоддзя ў гэтых сценах месцілася калгаснае сховішча, і толькі ў 1990-я касцёл адрэстаўравалі і зноўку перадалі вернікам. Да 1963 году асобнай каштоўнасцю касцёла быў Цудатворны Абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцём, але ўлады вырашылі перадаць яго ў Нацыянальны мастацкі музей у «мэтах захавання», а пры пазнейшай рэстаўрацыі замянілі рэліквію копіяй. Цікава: ёсць меркаванне, што арыгінал абраза захоўваецца не ў музеі, а ў спецсховішчы Акадэміі Навук, куды трапіць можа зусім не кожны.
Ля касцёла сціпла месціцца капліца-пахавальня роду Язвінскіх, якія валодалі гэтымі месцамі з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, і менавіта тады касцёл быў у чарговы раз перабудаваны. У той жа час была ўзведзена і капліца. Канешне, стан яе троху горшы за касцёл, але ж бачна, што нейкія працы вядуцца.
Сонца ўжо дастаткова празрыста папярэджвае, што ягоны працоўны дзень паступова набліжаецца да заканчэння, і мы едзем далей, але збочваем з асфальту пры першай жа магчымасці. Што не кажыце, а, як мы ўжо сёння адзначалі, зіма недзе-такі была. Калі праязджалі чарговы лес, убачылі вось такі кавалачак знаёмай нам зімовай прыгажосці. Так што, шах і мат вам, скептыкі ад надвор’я! Гэтыя фота для аматараў марозу і снегу!
Бывае, едзеш спакойна кудысьці па незнаёмай дарозе, назіраеш за прыгажосцю, часам спыняешся дзеля фота і неўзабаве за паваротам трапляеш у знаёмае па мінулым вандроўкам месца. Менавіта так атрымалася з Гарадком, які мы наведвалі больш за год таму. Надвор’е тады было не вельмі добрае, таму наш фатограф з задавальненнем пабег рабіць новыя здымкі гэтага цікавага мястэчка.
Памятаючы, што хутка ўжо дзень скончыцца, сабраліся ехаць, але ж фатограф цвёрда загадаў наведаць яшчэ і старыя габрэйскія могілкі, бо свет маляўнічы, прыгожы і гэтак далей. Пакуль мы прабіраемся да пахаванняў, вакол ужо напоўніцу шчабятуць птушкі і амаль фізічна адчуваюцца дотыкі вечаровых промняў сонца да нашых няголеных твараў. Габрэйскія могілкі ў Гарадку — надзвычай моцнае ды ўражальнае месца і, каб гэта адчуць, трэба наведваць іх менавіта вечарам, калі сонца стварае асобныя і непаўторныя светлавыя малюнкі на надмагіллях, кожнае з якіх надзейна хавае няпростыя гісторыі жыцця звычайных людзей. Такія звычайныя лёсы звычайных людзей, след ад якіх застаўся толькі ў напаўсцёртых надпісах на камянях надмагілляў.
Парэфлексавалі і годзе. Пачынаецца «залаты час», калі кожная хвіліна на вагу золата, прабачце за каламбур і таўталогію. Кіроўца спрабуе паддаць газу, але фатограф супакойвае яго: «Не спяшаемся! Усё нашае будзе нашым. Вось тут стоп!» Сонца схіляецца над лесам, у ценю адчувальна марозна, але ж выбітнае вечаровае святло і, здавалася б, звычайная дарога да вёскі імгненна прымушаюць забыцца на адсутнасць капелюша і задаволена мружыцца ад прыгажосці навокал.
А яшчэ праз кіламетр зноў гэтае «Стоп!» І вось мы ўжо дзівімся таму, што столькі снегу, як сёння, не бачылі, прынамсі, цягам усёй гэтай гаротнай зімы. Але ж які гэта снег! Тут ён зіхоткі і жывы, а праз некалькі метраў ужо сталёва-халодны як паверхня нейкай чужой планеты. А на іншым баку дарогі снегу амаль вобмаль, але ж ён вельмі маляўніча пазначае зусім малую дарожку да нейкага невядомага жытла дзесьці на мяжы залатога поля і рознакаляровага вячэрняга небасхілу. Карацей, гэта трэба бачыць!
Некалькі хвілін у цёплым аўто і фатограф ледзьве не на хаду выскоквае. Аднаго позірку хапае, каб зразумець — сёння ён сабраў «флэш-раяль»! Канешне ж, нагодай для ягоных скокаў і прыседаў па ўсёй дарозе ды абочынах стала тое самае «адзінокае дрэва ў полі». А яшчэ і падчас заходу! Ды й, насамрэч, можна не садзіцца ў машыну, а проста крочыць наперад і глядзець па баках, бо навокал неверагодная прыгажосць і цішыня. Ніякія словы тут не патрэбны.
Вось і апошні прыпынак. Сонца амаль схавалася, апошнія фарбы дагараюць на вечаровым небе, а мароз патроху прачынаецца ды грунтоўна бярэцца за вушы і насы. Але ж мы вельмі задаволеныя сённяшнім днём і, безумоўна, вечарам. Засталося толькі адлавіць фатографа, сцягнуць яго з бліжэйшага пагорка, запіхаць у салон і даць кубачак гарачай гарбаты. Ну, а ўжо потым ехаць вось па гэтай самай дарозе, таму што іншых тут няма. Кудысьці яна выведзе абавязкова, а калі ўзнікнуць сумневы, то давядзецца будзіць цётачку ў навігатары.
Дзякуй багам, дарога вывела нас куды належыць і зусім недалёка ад патрэбнага месца. Як кажа наш кіроўца: «Гэта ж Беларусь! Тут усё недалёка!»
Ці спадабаўся вам наш эксперыментальны фармат вандроўкі? У любым выпадку абавязкова пішыце, бо ад старога фармату мы ні ў якім разе не збіраемся адмаўляцца. Хутка вясна і новыя падарожжы з усімі вамі. Бывайце здаровы! Пішыце замовы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.