Беларусь, якая чакае. Слуцка-Нясвіжскія ваколіцы (ФОТА)
Вясна абудзілася і літаральна за некалькі гадзін моцным пендалем рашуча адправіла рэшткі зімы ў адпаведным кірунку. Мы вырашылі не марнаваць час і, дзякуючы нашым чытачам, выправіліся ў чарговую вандроўку, зноў збочыўшы з адпрацаваных маршрутаў. На гэты раз будзем даследаваць малавядомыя цікавосткі ля Слуцка і Нясвіжа, якія дагэтуль хаваліся ад нашага позірку. Але ад нашых уважлівых чытачоў не схаваешся! Заўвагі прыняты, маршрут пабудаваны. Паехалі!

Аўтамабіль ужо летняй гумай на колах прагна глытае кіламетры да нашай першай кропкі, а вочы не могуць наглядзецца на вясенняе буянне колераў. Стаміліся нашыя арганізмы па сонейку і цяплу — тут і спрачацца няма аб чым. Фатограф, разбэшчаны мінулымі вольнымі вандроўкамі, спачатку спрабуе спыніць нас то тут, то там, але ж у нас сёння ёсць план і мы непахісна будзем яго прытрымлівацца. Ну, амаль што... Час і дарога ляцяць хутка, і вось мы ўжо ля першай планавай кропкі. Вёска Замосце побач са Слуцкам і мясцовы касцёл Святой Барбары.
Чысценькі белы сціплы будынак сарамліва месціцца паміж вясковымі хатамі і вялікім помнікам ахвярам вайны, якому іншага месца не знайшлося. На першы погляд — нічога асаблівага, але перад намі адзін з самых загадкавых касцёлаў Беларусі. Нават дакладная дата будавання хістаецца паміж 1620 і 1649 годам. Але імя заснавальніка вядомае — гэта мясцовы шляхціц Андрэй Самуіл Вінка-Ратамскі. Спрачаюцца вучоныя і аб тым, ці быў спачатку гэта кальвінскі збор, альбо касцёл місіі езуітаў. Абодва бакі маюць свае аргументы і кропка яшчэ не пастаўлена.
Пасля паўстання 1863 году касцёл аддалі праваслаўным, напачатку ХХ стагоддзя на непрацяглы час сюды вярнуліся каталікі, а ўжо савецкая ўлада мясціла тут і клуб, і краму, і сховішча, пакуль напрыканцы 1980-х будынак зноў не перадалі каталіцкім вернікам.
Цяпер касцёл адрамантаваны намаганнямі мясцовых жыхароў, але хавае ў сабе яшчэ нямала загадак, што ахоўваюць буслы, якія штогод вяртаюцца да белага сімвала веры ў Замосце.
Едзем далей, і неўзабаве збочваем да сядзібы «Пукава» Наркевічаў-Ёдка. Па абодва бакі грунтавой дарогі праз дрэвы і хмызняк за намі назіраюць цагляныя руіны гаспадарчых пабудоваў, якім амаль што 200 гадоў. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя сядзібу «Пукава» набыў Тамаш Наркевіч-Ёдка, дабудаваў да драўлянага будынка сядзібнага дома мураваную частку і пачаў развіваць гаспадарку. Напачатку ХХ стагоддзя гэты маёнтак быў адзіным з лідараў Расейскай імперыі па вырабу збожжа. Кароўнікі, стайні, вяндлярня, сыраварня і шмат чаго яшчэ складалі моцны комплекс, вядомы далёка за ягонымі межамі.
Найбольшую цікавасць выклікаюць маляўнічыя рэшткі будынка з калонамі, які спачатку можна прыняць за сядзібны дом, але ж гэта не так. Існуе некалькі меркаванняў наконт ягонага прызначэння. Большасць лічыць, што гэта была вяндлярня з печамі на першым паверсе і вяндлярнымі камерамі на другім. Некаторыя лічаць гэта панскай лазняй, а нядаўна з’явілася меркаванне, што гэта мог быць паркавы павільён-аранжарэя Тым больш, што Наркевічы-Ёдка мелі схільнасць да экзатычных раслінаў, а рэшткі масіўнага і вялікага падмурка могуць быць ускосным доказам гэтай версіі.
Што тычыцца сядзібнага дома, то, магчыма, хтосьці чакаў ад яго большага, але ж звестак аб ягоным сапраўдным выглядзе не захавалася. У гады Другой сусветнай вайны партызаны спалілі будынак. Пазней ён быў перабудаваны пад школу. Ёсць звесткі, што ад палаца ў бок вёскі існаваў падземны ход, які ў савецкія часы выкарыстоўваўся як бульбасховішча, але потым быў засыпаны.
Нягледзячы на тое, што ў нас часу не вельмі шмат, яшчэ крыху пашпацыруем па гэтым месцы. Тут вельмі маляўніча, так проста адсюль не з’едзеш. Фатограф цалкам згодны!
Сунаі, Пукава, Камсамольская — можа падацца, што гэта розныя вёскі побач, але ж усё гэта — часткі колішняга маёнтка «Пукава», назва якога ідзе ад слова «пук» — сноп ці звязка (а не тое, пра што вы падумалі). Менавіта праз такую немілагучнасць у 1960-х гэтая частка маёнтка была перайменавана ў вёску «Камсамольская». На яе тэрыторыі знаходзіцца яшчэ адзін помнік часоў Тамаша Наркевіча-Ёдкі — рэшткі царквы Святога Юр’я.
Царква была пабудавана на месцы былога драўлянага ўніяцкага храму ў 1857 годзе на сродкі спадара Тамаша. Пры царкве дзейнічалі школа і лякарня. Да 1933 году храм працаваў, але пасля арышту святара Сцяпана Радзівіновіча яго закрылі і аддалі калгасу. Святар загінуў у сталінскіх лагерах, а царква з тых часоў паступова разбураецца, і спадзяванняў на лепшае, на жаль, зусім няма.
Каб неяк палепшыць настрой, па катэгарычнаму запатрабаванню фатографа спыняемся на лясной дарозе. Павольна пахадзіць па вясеннім лесе, пасядзець на старым пні, паслухаць шматгалоссе нябачных, але ж вельмі гучных птушак, падыхаць чароўным чысцюткім паветрам і падзівіцца на космас першацветаў — гэта, я вам скажу, нешта цудоўнае. Знікае час, знікаюць патрэбы і пытанні — застаешся толькі ты і вясенні лес. Толькі не забываемся на апрацоўку ад кляшчоў!
Рэлакс скончаны, трэба ехаць далей. Тым больш, што нас чакае даволі цікавае месца. Напрыканцы ХІХ стагоддзя вёска Бабоўня ўваходзіла ў склад маёмасці ўжо не раз прыгаданых сёння Наркевічаў-Ёдка, і побач з мястэчкам існавала сядзіба з паркам. На пачатку ХХ стагоддзя Яніна Траскуляцкая (на жаль, звестак аб ёй амаль няма) выкупіла ў Вітольда Наркевіча-Ёдка (малодшага) кавалак зямлі недалёка ад сядзібы і пабудавала на ім спіртзавод і склад.
Справа пайшла, якасная прадукцыя карысталася попытам, таму спадарыню Траскуляцкую можна смела лічыць адной з першых (калі не першай) паспяховых жанчын-прадпрымальніц на Беларусі. Будынкі былі пабудаваны настолькі грунтоўна, што яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў выкарыстоўваліся ў якасці калгаснага млына, а таўшчыні сценаў могуць пазайздросціць нават некаторыя крэпасці.
А мы, нягледзячы на спакусу проста спыніцца і паляжаць пад цёплымі промнямі доўгачаканага сонейка, рушым далей. Наперадзе ўжо бачныя абрысы некалі велічэзнага і ўражлівага касцёла ў вёсцы Новыя Навасёлкі. Складана сказаць, навошта ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў невялікай вёсцы быў узведзены такі велічны храм. А можа ў тыя часы вёска была не такая і малая?
Вядома, што касцёл у Новых Навасёлках будаваўся па прыкладзе і вобразу Нясвіжскага касцёла Божага Цела, ды й сама вёска была перададзена Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам езуітам у падтрымку нясвіжскай парафіі. Пасля скасавання ордэну езуітаў у 1773 годзе Нясвіжскі касцёл стаў парафіяльным, а нованавасёлкаўскі — ягонай філіяй. Раптоўна ў 1820 годзе значная частка касцёла абвалілася. Магчыма былі нейкія пралікі пры будаўніцтве, але ж ёсць чуткі, што ў сценах шукалі схаваныя скарбы. Як бы то ні было, але рамантаваць касцёл не сталі, і ў такім выглядзе ў 1863 годзе будынак перадалі ў праваслаўе.
У савецкі час тут месцілася калгаснае сховішча, нягледзячы на тое, што рэшткі касцёла знаходзяцца пасярод старых могілак. Вядома, ніхто больш нават не заводзіў аніякай гаворкі пра аднаўленне.
Дарэчы, старыя могілкі ў Новых Навасёлках досыць цікавыя. Мы яшчэ тут затрымаемся на некаторы час.
Планавыя паказчыкі выкананы і яшчэ засталося трошкі часу на пакатацца і насалодзіцца вясновымі краявідамі, пасядзець пад пакуль яшчэ пяшчотнымі сонечнымі промнямі і, канешне, пачаць думаць аб новых маршрутах і цікавостках. Ну а вам, нашыя дарагія чытачы, таксама раім прыемных вясенніх дзён і чакаем прапановаў! Бывайце здаровы, пішыце замовы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.