Беларусь, якая чакае: Падарожжа па лідскім часе
Фотапраект «Новага Часу» працягваецца. Па замове чытачоў на мяжы зімы і вясны мы скіраваліся ў невялікі, але вядомы ўсім беларусам горад. Знаёмцеся — Ліда.
Яго заснаваў сам Гедымін, а пасля горад шмат гадоў карыстаўся Магдэбургскім правам. Абутак мясцовай вытворчасці некалі складаў канкурэнцыю «Adidas» (пакуль толькі звонку), мужчыны спрачаюцца пра якасць піва з адпаведнай гораду назвай, і толькі жанчыны амаль аднагалосна сведчаць, што найлепшая мука для печыва — менавіта адсюль. Канешне, вы ўжо здагадаліся — сёння нас сустракае Ліда!
Нягледзячы на тое, што пры згадванні Ліды на розум прыходзяць абсалютна розныя асацыяцыі, самая папулярная — Лідскі замак. Заснаваны вялікім князем літоўскім Гедымінам, ён перажыў шмат прыгод — бачыў і шведаў, і крымскіх татараў, і немцаў, і, канешне, неаднаразова расійскія войскі. ХХ стагоддзе замак сустрэў напалову разбураным, але на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў яго зноў адбудавалі. Рэстаўрацыйная праца вядзецца і па сёння.
Спачатку надвор’е зусім не спрыяла нашай вандроўцы, але ж мы ведаем: «Няма кепскага надвор’я — ёсць дрэнная экіпіроўка». З гэтым у нас усё як мае быць. І вось мы ўжо ля помніка заснавальніку Лідскага замка — Гедыміну. Якраз побач з ім знаходзіцца і Касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які быў пабудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя.
Леваруч ад касцёла — помнік Францішку Скарыне. Цікава, што гэта першы помнік, усталяваны ў незалежнай Беларусі. Гэта адбылося ў 1993 годзе ў дзень святкавання другой гадавіны незалежнасці. Побач з ім камень у гонар заснавання Ліды, але ён не вельмі ўражвае наведвальнікаў.
Немагчыма быць у Лідзе і не павітацца з «Камандзіровачным»! Скульптура аўтарства вядомага Уладзіміра Жбанава знаходзіцца насупраць галоўнага ўвахода ў буйнейшы гарадскі гатэль «Ліда» (з нэймінгам у савецкія часы не замарочваліся, так). Ёсць тэорыя, згодна з якой у мінулыя часы ў гатэлі часта не было месцаў. І вось сядзіць гэты камандзіровачны і чакае «цуда» засялення. У адной руцэ мапа, другая працягнута для вітання з гараджанамі і турыстамі. Кажуць, што калі паціснуць яму руку, то ваша падарожжа будзе ўдалым (так, гэта працуе!), а калі наступіць на туфель — гэта дапаможа пабагацець (пакуль чакаем!).
Калі думаеце, што ў Лідзе толькі гэтая скульптура вартая ўвагі, то вельмі памыляецеся. Жбанаў пакінуў тут яшчэ адзін вельмі каларытны персанаж. Знаёмцеся, гэта «Парыльшчык», альбо, як яго перайменавалі лідчане, «Лазеншчык Вася» ці проста «Васёк». Перад наведваннем лазні трэба выканаць цэлы рытуал — крануць нос і нагу, паціснуць руку і пацерці венік і рыбу. Толькі тады пара будзе лёгкай і ўвогуле будзе ўсё добра. У лазню мы не пайшлі, але рытуал здзейснілі. Васёк, не падвядзі!
Падчас шпацыру па Лідзе ўвесь час здаецца, што тут паўсюль існуюць нейкія дзіркі ў часе. Вось толькі вас запрашала сучасная піцэрыя, а праз пару крокаў трапляеш у 80-я мінулага стагоддзя. Гэта даволі цікава, але часам можа і збянтэжыць. Напрыклад, савецкі-савецкі звонку Дом гандлю і такі ж кінатэатр з намаляваным па канонах сярэдзіны мінулага стагоддзя анонсам спакойна суседнічаюць з гульнявым клубам. Аптэка, напэўна, для тых, хто вельмі ўразіўся падчас наведвання адразу ўсіх гэтых культурных устаноў.
Працягнем вандраваць па лідскім часе — гэта вельмі цікава. Нават забываешся пра надвор’е, якое ўжо не перашкаджае. Калі вы яшчэ такіх фота наробіце — вясна хутка...
А гэта гарадскі ЗАГС, які калісьці быў домам старасты. Пабудаваная ў 20-я гады мінулага стагоддзя рэзідэнцыя гарадскога кіраўніка, на жаль, была моцна перароблена ў 1980-я. Але ж падобныя дамы старастаў захаваліся ў Валожыне і Глыбокім.
Да былой рэзідэнцыі гарадскога галавы прымыкае гарадскі парк. Вядома, што сёння мы тут не ўбачым вясёлых кампаній і не пачуем дзіцячага віскату на атракцыёнах. Аднак ёсць у гэтым усім нешта нават і ўзімку.
У гэты шпацыр мы не завіталі ў знакаміты Лідскі музей бровара, не наведалі краму Лідскага абутку, абмінулі яшчэ шмат цікавых месцаў. Гэта было зроблена толькі з адной мэтай — вярнуцца сюды ў больш цёплы і прывабны час і працягнуць знаёмства з Лідай. Яна таго вартая, і піва, безумоўна, таксама вартае асобага візіту і справаздачы!
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.