290-ты дзень вайны Расіі ва Украіне: начныя абстрэлы, дроны ў Адэсе і магчымая вайна з NATO

Расказваем, з чаго пачынаецца сённяшні дзень на франтах Украіны.

Начны абстрэл Адэсы. Фота: unian.net

Начны абстрэл Адэсы. Фота: unian.net


У ноч на суботу расійская армія нанесла 5 ракетных і каля 20 авіяцыйных удараў, а таксама здзейсніла больш за 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, страляла з танкаў і рознакалібернай артылерыі. Абстрэлам падвергліся населеныя пункты ў Данецкай, Запарожскай, Сумскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцях. Ёсць ахвяры.

Расійскія дроны-камікадзэ ў ноч на 10 снежня атакавалі аб'екты энергетычнай інфраструктуры ў Адэскай вобласці. Як паведамляе Адэскі гарадскі савет са спасылкай на аператыўнае камандаванне «Поўдзень», у выніку атакі прычыненыя істотныя разбурэнні, без электрычнасці засталіся тысячы спажыўцоў. Інфармацыя пра пацярпелых пакуль не паступала. У вобласці працягваецца работа выратавальных і аднаўленчых службаў.

Паводле даных брытанскай ваеннай выведкі, Расія атрымала ад Ірана новую партыю дронаў-камікадзэ. Амерыканскі тэлеканал «NBC News» сцвярджае са спасылкай на высокапастаўленыя крыніцы ў Белым доме, што ў абмен на «лятучыя мапеды» Расія пастаўляе Ірану верталёты і сістэмы СПА, а таксама навучае іранскіх пілотаў палётам на Су-35.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбергсказаў у інтэрв'ю нарвежскаму грамадскаму тэлебачанню, што ў гэтай вайне «ўсё можа пайсці не так» і ўжо калі пойдзе не так, то «страшна не так»: поўнамаштабная вайна Расіі з NATO, на яго думку, цалкам верагодная. Каб гэтага не здарылася, ЗША абвясцілі пра выдзяленне новай ваеннай дапамогі Украіне.

За мінулыя суткі Узброеныя Сілы Украіны ліквідавалі 370 салдат і афіцэраў акупацыйных войскаў РФ, паведаміў Генеральны штаб УСУ. Паводле яго падлікаў, да цяперашняга часу агульныя страты расійскай арміі ў асабістым саставе з пачатку нападу на Украіну склалі каля 93 760 чалавек. За гэты ж перыяд УС РФ страцілі:

танкаў — 2940 (+3)

баявых браніраваных машын — 5917 (+5)

артылерыйскіх сістэм — 1927 (+1)

РСЗА — 397 (+2)

сродкаў СПА — 211 (+0)

самалётаў — 281 (+0)

верталётаў — 264 (+0)

БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 1603 (+0),

крылатых ракет — 592 (+0),

караблёў / катэраў — 16 (+0)

аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 4535 (+4)

спецыяльнай тэхнікі — 167 (+3).

Найбольшыя страты расійцы панеслі на Бахмуцкім і Ліманскім напрамках, гаворыцца ў аператыўнай зводцы Генштаба УСУ.
Стала вядома, што ў Беларусь прыбыў чарговы эшалон з тэхнікай для забеспячэння расійскіх вайскоўцаў. У ім больш за 15 бензавозаў, не менш за 5 «Камазаў», 3 «Уралы» і БТР-80А. Таксама ў складзе эшалону ішлі 3 грузавыя вагоны.