884-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: колькасць ахвяр удару па Нежыне ўзрасла да 15 чалавек
Расійцы працягваюць абстрэльваць Украіну. У выніку ўдару па інтэрнаце горада Нежын ёсць ахвяры. Таксама загінулыя ёсць і на Харкаўшчыне.
***
Расійскія вайскоўцы спрабуюць аднавіць ініцыятыву на полі бою і дасягнуць хуткіх перамог з дапамогай механізаванага манеўру. Шырокамаштабныя лабавыя атакі паказваюць на тое, што расійскае ваеннае камандаванне не засвоіла ўрокі пра цяжкасці механізаванага манеўру на амаль празрыстым полі бою ва Украіне, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).
Ваенныя аналітыкі лічаць, што гатоўнасць расійскага ваеннага камандавання марнаваць вялікую колькасць бронетэхнікі на выкананне абмежаваных тактычных задач адлюстроўвае дрэннае доўгатэрміновае аператыўнае планаванне.
У ISW адзначылі, што абмежаванне на расійскую тэхніку ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве прывядзе да таго, што такія няўдалыя механізаваныя атакі з часам стануць даражэйшымі. Расійскія вайскоўцы ў значнай ступені разлічваюць на аднаўленне запасаў узбраення і вайсковай тэхнікі савецкіх часоў, асабліва бронетэхнікі, для падтрымання тэмпаў сваіх наступальных аперацый ва Украіне.
«Расійскаму ўраду, магчыма, давядзецца дадаткова мабілізаваць эканоміку і абаронную прамысловасць, калі расійскія вайскоўцы маюць намер падтрымліваць цяперашнія тэмпы аперацый у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, бо Расія вычэрпвае свае абмежаваныя савецкія запасы, але незразумела, ці зможа іх абаронная прамысловасць вырабляць дастатковую колькасць транспартных сродкаў, якія б вытрымалі высокія тэмпы страт тэхнікі, нават калі будзе праведзеная дадатковая эканамічная мабілізацыя», — гаворыцца ў справаздачы.
Украінская арганізацыя «Frontelligence Insight» заявіла 25 ліпеня, што назірала, як расійскія войскі перамяшчалі сотні адзінак тэхнікі, пераважна адрэстаўраваныя старыя браняваныя машыны, такія як танкі Т-62 і Т-55, на фронт у чэрвені і на пачатку ліпеня.
«Frontelligence Insight» адзначыла, што гэтыя адноўленыя машыны яшчэ не з'явіліся на полі бою, і ацаніла, што Расія, магчыма, рыхтуецца выкарыстоўваць іх напрыканцы 2024 года. «Frontelligence Insight» паведаміла, што ўнутраныя расійскія дакументы сведчаць пра тое, што расійскія танкі, пашкоджаныя цягам апошніх шасці месяцаў (прыкладна са студзеня 2024 года), чакаюць запасныя часткі і што паўсюдны дэфіцыт рухавікоў прывёў да павелічэння выкарыстання больш сучасных танкаў Т-80 для рамонтных работ.
Аднак цяпер Расія мае дастаткова бронетэхнікі для правядзення перыядычных ротных і больш буйных механізаваных нападаў па ўсёй лініі фронту ў агляднай будучыні. Пастаянная гатоўнасць расійскага ваеннага камандавання несці вялікія страты бронетэхнікі дзеля нязначных тактычных пераваг замест таго, каб захаваць бронетэхніку для аперацый, якія дамагаюцца аператыўна важных мэт, прывядзе да ўсё большых выдаткаў для расійскіх Узброеных сіл па меры таго, як у бліжэйшыя гады будуць пагаршацца праблемы з іх абсталяваннем.
***
Спыненне агню без вываду Расіяй сваіх войскаў з акупаваных тэрыторый «дасць агрэсару час, каб умацаваць свае магчымасці і аднавіць напады на Украіну», заявіў амбасадар Украіны ў Турцыі Васіль Боднар у інтэрв'ю «Euronews».
«Многія краіны прапанавалі ідэю спынення агню, але ніхто не задумваецца над тым, што гэта азначае. 25% украінскай тэрыторыі застануцца пад кантролем Расіі... (і гэта таксама азначала б. — Заўв. рэд.) выйгрыш часу для Расіі, каб умацаваць свае магчымасці і аднавіць свае напады на Украіну».
Боднар падкрэсліў, што развязанне праблемы расійскай акупацыі, якая працягваецца ва Украіне ўжо больш за два гады, ляжыць толькі праз абарону тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў рамках міжнароднага права.
«Любая іншая прапанова не павінна прымацца пад увагу, і менавіта таму мы яе адхілілі», — сказаў дыпламат.
Боднар растлумачыў, што ўкраінскае бачанне спынення вайны адно — і нязменнае: «Нашы метады дасягнення міру вельмі простыя: вывад расійскіх войскаў і абарона міжнароднага права, а потым мы можам пачаць гаварыць пра іншыя магчымасці».
Гаворачы пра заклік да спынення агню, які агучыў прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан падчас яго нядаўняга візіту ў Кіеў, Боднар заявіў, што прапанова Орбана аб спыненні агню не ўтрымлівае ніякіх дэталей.
Ён таксама дадаў, што Украіна, жадаючы далучыцца да NATO, не мае намеру правакаваць Расію ці ствараць геапалітычныя змены, мэта — толькі бяспека і «працяглы мір».
«NATO з'яўляецца адзінай інстытуцыяй, якая можа задаволіць патрэбы бяспекі сучаснага свету, прынамсі на паперы», — сказаў Боднар.
Ён падкрэсліў: калі Украіна стане ўдзельніцай NATO, то яна будзе натуральнай мяжой паміж іншымі ўдельніцамі альянсу і Расіяй.
***
За мінулыя суткі расійскія войскі атакавалі 11 кірункаў фронту, адбылося 147 баявых сутыкненняў. Самая гарачая сітуацыя была на Пакроўскім кірунку, таксама вораг быў актыўным на Курахоўскім кірунку.
Сілы абароны працягваюць знішчаць ворага на ўкраінскай зямлі — толькі за мінулыя суткі краіна-агрэсар страціла 950 сваіх ваякаў, 7 танкаў і 36 артылерыйскіх сістэм, паведаміў Генштаб УСУ ў Facebook.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 26.07.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 572 300 (+950) чалавек;
- танкаў — 8 320 (+7) адз.;
- баявых браніраваных машын — 16 050 (+11) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 15 840 (+36) адз.;
- РСЗА — 1 125 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 904 (+0) адз.;
- самалётаў — 363 (+0) адз.;
- верталётаў — 326 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 12 683 (+73) адз.;
- крылатых ракет — 2 402 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 21 414 (+56) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 668 (+7) адз.
***
Ноччу 26 ліпеня расійскія войскі нанеслі ўдары па аб'ектах «Укрэнерга» ў Жытомірскай і Чарнігаўскай абласцях, у выніку чаго знікала святло ў шэрагу абанентаў, паведаміла «Укрэнерга» ў Telegram.
Паведамляецца, што на раніцу энергазабеспячэнне большасці абанентаў аднавілі. Рамонтныя работы працягваюцца.
***
У выніку расійскіх абстрэлаў Данецкай вобласці 25 ліпеня загінулі два чалавекі ў Тарэцку і Ільінцы, яшчэ чацвёра ў вобласці атрымалі раненні.
«Расія забівае грамадзянскіх! За 25 ліпеня расійцы забілі 2 жыхароў Данецкай вобласці: у Тарэцку і Ільінцы. Яшчэ 4 чалавекі ў вобласці за суткі атрымалі раненні», — напісаў у Facebook старшыня Данецкай вобласці Вадзім Філашкін.
Паводле даных паліцыі, па Тарэцку вораг біў бомбамі «КАБ-500» і «КАБ-250», у выніку чаго адзін чалавек загінуў і адзін атрымаў траўмы. На Ільінку расійцы скінулі авіябомбу «КАБ», забілі аднаго чалавека.
У Бярэстцы праз расійскі авіяўдар бомбай «КАБ-250» з модулем УМПК паранены мірны жыхар. Таксама ў паліцыі дадаюць, што пасля паўночы акупанты ўдарылі па Канстанцінаўцы кіраванай бомбай «УМПБ Д-30 СН» — паранілі дваіх жыхароў.
Адзначаецца, што колькасць ахвяр расійцаў у Данецкай вобласці пададзеная без уліку Марыупаля і Валнавахі.
***
Раніцай 26 ліпеня армія РФ ударыла двума КАБамі па пасёлку Купянск-Вузлавы Харкаўскай вобласці, у выніку чаго пацярпелі двое мужчын 54 і 60 гадоў, напісалі ў Харкаўскай абласной пракуратуры.
«Паводле звестак следства, 26 ліпеня блізу 5:35 УС РФ нанеслі авіяцыйныя ўдары па пасёлку Купянск-Вузлавы».
Адзначаецца, што ў выніку атакі раненні атрымалі двое мужчын 60 і 54 гадоў. Таксама акупанты пашкодзілі жылыя дамы. Паводле папярэдніх даных, вораг ударыў па населеным пункце двума КАБ-250.
Акрамя таго, у пракуратуры паведамілі, што ўвечары 25 ліпеня ў выніку варожага абстрэлу пасёлка Кірылаўка Чугуеўскага раёна параненая 47-гадовая жанчына, а ў пасёлку Валахоўка Чугуеўскага раёна загінуў 58-гадовы мужчына.
***
Колькасць пацярпелых у выніку расійскай атакі па Нежыне Чарнігаўскай вобласці ўзрасла да 15 чалавек. Інтэрнат, у які папалі акупанты, непрыдатны для пражывання, сказаў кіраўнік Нежына Аляксандр Кадола ў каментары «Суспільному».
Паводле слоў чыноўніка, усіх пацярпелых адразу даставілі ў Нежынскую гарадскую бальніцу. Па стане на 9:30 у бальніцы застаюцца чатыры чалавекі.
«Цяпер займаемся ліквідацыяй наступстваў атакі. Сам будынак моцна пацярпеў. Займаемся адсяленнем людзей. У інтэрнаце пражывалі пераважна людзі пенсійнага ўзросту.
Там было 24 кватэры. Будзем забіваць дзверы, вокны. Няма ў ім ні газу, ні вады, ні святла. Трэба рабіць капітальны рамонт».
***
«Медуза» піша, што расійскае войска дасягнула буйнога поспеху ў баях на захад ад Аўдзееўкі.
Увесну Узброеныя сілы РФ за некалькі дзён прасунуліся ўздоўж чыгункі Аўдзееўка-Пакроўск на некалькі кіламетраў і занялі буйны ўмацаваны пасёлак Ачэрэціна.
У сярэдзіне ліпеня пасля кровапралітных баёў, якія доўжыліся некалькі месяцаў, расійскія падраздзяленні прарваліся ўздоўж той жа дарогі і занялі сяло Прагрэс. Гэтая аперацыя стварыла чарговы востры крызіс для Узброеных сіл Украіны на Пакроўскім кірунку.
***
Украінскі грамадскі вяшчальнік «Суспільне» паведамляе са спасылкай на жыхароў анэксаванага Крыма, што ў ноч на пятніцу ў гарадах Еўпаторыя і Сакі былі чутныя выбухі.
Некаторыя СМІ пішуць, што ўкраінскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па цэлях у Крыме, аднак гэтыя звесткі не пацверджаныя афіцыйна, піша «Бі-бі-сі».
«Уначы ў горадзе былі вельмі моцныя выбухі. Мы вельмі спалохаліся. Вокны ў кватэры дрыжалі ад выбухаў», — сказаў гэтаму СМІ жыхар Сакаў.
«Чуў серыю выбухаў позна ўначы. Выбухі былі не вельмі моцныя, нібыта дзесьці за горадам», — паведаміў «Суспільнаму» жыхар Еўпаторыі.
Расійскі тэлеграм-канал «ASTRA» сцвярджае са спасылкай на свае крыніцы ў экстраных службах, што ўкраінскія ракеты «ATACMS» нанеслі ўдар па вайсковым аэрадроме ў Новафёдараўцы Сакскага раёна. Паводле звестак гэтага СМІ, там была знішчана радыёлакацыйная станцыя, параненыя двое вайскоўцаў, адбылося ўзгаранне боекамплекта.
«ASTRA» таксама піша, што яшчэ адна ракета «ATACMS» папала па ўстаноўцы РЛС каля вёскі Шаўкавічнае ў Сакскім раёне.
Паводле звестак «ASTRA», па Крыме быў нанесены ўдар чатырма ракетамі, дзве з іх былі збітыя.
Звесткі пра начны ўдар па Крыме, у выніку якога ёсць загінулыя (або загінулы), ускосна пацвярджае і расійскі праваенны тэлеграм-канал «Fighterbomber». «Вечная памяць», — сказана ў яго допісе.