Адбылося экстранае пасяджэнне форума «Свабоду палітвязням»

Галоўным вынікам стала прыняццё рашэння пра правядзенне пікету салідарнасці "Патрыёт — не злачынца. Волю зняволеным!" каля будынку КДБ.

kruhly_stol_palitvjazni__2__logo.jpg

Асаблівы акцэнт у абмеркаванні на пасяджэнні быў зроблены на затрыманых па справе “аб арганізацыі масавых беспарадкаў”, якім з дня на дзень мусяць альбо прад’явіць абвінавачванне, альбо выпусціць.

Менавіты тыя 27 затырманых могуць папоўніць спіс палітвязняў Беларусі.

Як адзначыў Павал Севярынец, затрыманне беларускіх патрыётаў, колішніх сябраў “Белага легіёна”, чальцоў клуба “Ваяр” і фабрыкацыя на пустым месцы справы — гэта спроба запалохаць беларускае грамадства.

Экс-суддзя КС Міхаіл Пастухоў прапанаваў напісаць зварот у Генпракуратуру, МУС і КДБ з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед патрыётаў і вызваліць затрыманых па “справе 27” з-пад варты. Гэтую прапанову падтрымалі ўсе прысутныя. Будуць таксама накіраваныя інфармацыйныя лісты ў амбасады замежных краінаў пра сітуацыю з крымінальным пераследам беларускіх патрыётаў. Таксама будуць збірацца подпісы сярод вядомых беларусаў у падтрымку фігурантаў справы.

Перад удзельнікамі форума выступіў брат Івана Кавальчука, якога затрымалі 21-га сакавіка. Паводле яго слоў, міліцыянты былі вельмі расчараваныя пасля ператрусу і доўга вагаліся ці канфіскоўваць налепкі з надпісам “Антымайдан”. Менавіта Івану Кавальчуку заўтра надыходзіць тэрмін, калі трэба альбо выпускаць альбо прад’яўляць абвінавачванне. Брат затрыманага мяркуе, што ягонага сваяка пакінуць за кратамі: “Пасля апошняга допыту да яго не дапускалі адваката. Іван адмаўляецца даваць паказанні. Следчы яму сказаў: "Хрэн ты адсюль выйдзеш".

Таксама сваімі перажываннямі падзялілася мама Арцёма Леўчанкі: “Майму сыну толькі 19 гадоў. Ён самы малады. Быў затрыманы 22 сакавіка. Я знайшла яго толькі 25-га, сказалі, што ён у СІЗА на Валадарскага. Адвакат не дае ніякай інфармацыі…”. Таксама жанчына падзякавала за вялізную маральную падтрымку, якую яна атрымлівае ад незнаёмых людзей: “Дзякуй за ўсё. Мы ўпершыню ў такой сітуацыі. Але для мяне мой сын — герой”.

Ніна Шыдлоўская якая арганізуе збор дапамогі сваякам арыштаваных па справе патрыётаў, паведаміла, што ўжо дасланыя лісты ў беларускія дыяспары розных краінаў, у сілавыя структуры, Сусветная арганізацыя правоў чалавека рыхтуе заяву. Заўтра запускаецца інфармацыйная кампанія "Патрыёт — не злачынца. Волю зняволеным!"

“Калі беларускім патрыётам будзе прад’яўлена абвінавачванне, варта памяняць адвакатаў. У нас ёсць кім іх замяніць. Таксама сваякі маюць права тэлефанаваць у КДБ і запытвацца пра лёс сваіх родных, задаваць любыя пытанні па крымінальнай справе. І гэта варта рабіць”, — адзначыла Шыдлоўская.

Яна таксама распавяла, як можна найлепей падтрымаць тых хто аказаўся ў кіпцюрах КДБ: “Пішыце лісты і паштоўкі — гэта найлепшая падтрымка. Падтрымлівайце сваякоў зняволеных, дасылайце пасылкі (агульная вага — не больш 30 кг на месяц), важная таксама інфармацыйная хваля — рабіце перапосты навінаў ў сацыяльных сетках, ахвяруйце грошы, іх не хапае”.

Прысутныя адгукнуліся і пачалі ахвяраваць грошы, частка якіх была адразу перададзена прысутным сваякам затрыманых па справе патрыётаў.

Прысутныя віталі апраўданне Андрэя Бандарэнкі, які заўтра выходзіць на свабоду з калоніі Магілёва, нагадалі, што ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі Міхаіл Жамчужны, якому пагражае перавод у крытую турму. Абмеркавалі той факт, што нядаўна да тэрмінаў зняволення ад 4 да 12 год прыгаварылі футбольных фанатаў: Іллю Валавіка, Вадзіма Бойку, Філіпа Іванова, Дзмітрыя Цехановіча, Арцёма Краўчанку і Вадзіма Чартовіча.

Абмяркоўвалася і сітуацыя, якая склалася вакол вязняў Аляксея Жалнова, Алеся Юркойця, Аляксандра Лапіцкага, а таксама Вячаслава Касінерава, супраць якога распачалі крымінальную справу паводле ч.1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса — хуліганства за перфоманс — надзяванне пятлі на шыю помніку гарадавому на Валадарцы.

Прысутныя адзначылі, што складаецца ўражанне, нібыта спецслужбамі вынішчаюцца усе патрыятычна настроеныя сілы, якія здольныя даць супраціў магчымай расійскай акупацыі.

Было прынятае рашэнне заўтра а 19-й гадзіне, пасля верагоднага абвяшчэння абвінавачвання, правесці пікет на прыступках КДБ з партрэтамі фігурантаў “справы 27”. Другі пікет ужо каля СІЗА на Валадарскага са знічамі і партрэтамі затрыманых маладафронтаўцаў запланаваны на аўторак а 19-й.

Чарговая сустрэча ў межах форума “Свабоду палітвязням” адбудзецца на наступным тыдні ў сераду.