Запарожжа, Астравец і іншыя. Дзе тыя АЭС, што нясуць рызыкі «другога Чарнобыля»
38 гадоў таму ляснуў Чарнобыль. Да прыходу Лукашэнкі гэта дакладна найвялікшая трагедыя для Беларусі пасля Другой сусветнай. Сёння гэта ці не галоўная тэма ў медыя, але мы сягнем далей. Паглядзім, дзе сёння працуюць атамныя электрастанцыі падвышанай трывожнасці.
![Запарожская АЭС. Фота Reuters Запарожская АЭС. Фота Reuters](/img/v1/images/zaparoskaia_aes_reuters.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Запарожская АЭС. Фота Reuters
Без спойлера тут ніяк: за апошнія дзясяткі гадоў атамная энергетыка добра спрагрэсавала, і ўзровень бяспекі ў гэтай галіне значна падрос. Цынічна, але ў тым ліку дзякуючы Чарнобылю, з якога зробленыя слушныя высновы.
Больш дасканалымі сталі рэактары і ўсё, што іх атачае. Падвысіўся ўзровень спецыялістаў, палепшылася інфраструктура і рознае засцерагальнае абсталяванне. Карацей, чалавецтва зрабіла крок наперад, тым не менш пэўныя рызыкі гэтая тэхналогія здабыцця каштоўных кіладжоўляў захоўвае. Ужо таму, што АЭС па свеце раскідана вялікае мноства.
Такі від энергіі сёння здабываюць больш за 30 краін. Ёсць станцыі сучасныя, а ёсць старыя. Ёсць розны чалавечы фактар і асаблівасці прыроды. Карацей, пагрозы застаюцца, і да іх варта прыглядзецца. Абапіраючыся на канкрэтныя прыклады.
Армянская АЭС: Зроблена ў СССР
Электрастанцыя каля армянскага горада Мецамор у канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя, і ўжо ў 80-х з ёй былі звязаныя трывогі. Па-першае, у 1982-м там адбыўся пажар, з якім доўга не маглі справіцца. Паводле некаторых звестак, у выніку апраменьвання загінулі сем пажарных. Па-другое, у 1986-м узарваўся чарнобыльскі рэактар, кінуўшы цень на ўсю атамную энергетыку. Па-трэцяе, у канцы 1988-га ў Спітаку адбыўся страшны землятрус (25 тысяч загінулых), і праз сейсмічныя пагрозы АЭС вырашылі закрыць.
Раскансервавалі «Мецамор» у 1995-м, ужо пры незалежнасці. Ад той пары яна працуе, але дыскусія наконт перспектыў яе эксплуатацыі не спыняецца. Час ад часу гэтую тэму разганяе Азербайджан, з якім у Арменіі варожыя адносіны, і гэта таксама дадае нестабільнасці ва ўспрыманні АЭС. Летась азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў заяўляў пра небяспеку меецаморскай станцыі на перамовах з кіраўніком МАГАТЭ Рафаэлем Гросі.
Разам з тым АЭС у сонечнай Арменіі працягвае працаваць, і нельга сказаць, што мясцовае насельніцтва праз гэта панікуе. Варта дадаць, што ў 2021-м энергаблок мадэрнізавалі, што працягнула тэрмін яго эксплуатацыі да 2026 года.
АЭС Міхама (Японія): Рэха Фукусімы
Мы ведаем Японію як вельмі тэхналагічную краіну з акуратнымі, абачлівымі людзьмі. Але часам чалавек бывае бяссільным. У 2011 годзе ля берагоў вострава Хансю здарыўся наймацнейшы ў гісторыі тых мясцін землятрус, і ў выніку цунамі загінулі амаль 20 тысяч чалавек. Непапраўна пацярпела і атамная электрастанцыя Фукусіма-1.
На шчасце, тут наступствы аказаліся не такія фатальныя — ніхто не загінуў, толькі ў 2018-м памёр чалавек, як мяркуецца, праз аддалены ўплыў радыяцыі.
Станцыю, зразумела, закрылі. І ўвогуле на нейкі час атамную энергетыку ў краіне спынілі. Пасля татальных праверак бяспекі і ўсялякага тэставання шэраг АЭС перазапусцілі. Але «рэха Фукусімы» працуе, і японскі «мірны атам» дагэтуль выклікае вядомыя асацыяцыі.
Глядзіце таксама
![Чарнобыль, Фукусіма — што на чарзе? Чарнобыль, Фукусіма — што на чарзе?](/img/v1/news/full/02.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
З усіх станцый Краіны ўзыходзячага сонца вылучаецца, бадай, АЭС Міхама. Яе ўвялі ў эксплуатацыю ў 1970-м. У 1991-м і 2004-м тым былі аварыі. Пасля 2011-га старэнькі рэактар закансервавалі, але затым пачалі перазапускаць. Трэці рэактар уключылі ў 2021-м, а ўжо праз год там здарылася ўцечка сямі тон радыеактыўнай вады. Паломку спецыялісты лікідавалі, але далейшы лёс Міхамы выклікае асцярогі.
АЭС Фламанвіль (Францыя): На беразе Ла-Манша
Без Францыі ў нашым аглядзе ніяк не абысціся, бо па многіх паказчыках гэтая краіна з’яўляецца лідарам у атамнай энергетыцы. 70% патрэб у энергіі там забяспечваецца менавіта такім чынам. І гэта найвышэйшая доля ў свеце. Францыя — найбуйнейшы экспарцёр электраэнергіі ў свеце. Там працуе больш за 50 рэактараў, і не ўсе з іх аднолькава бяспечныя.
Вялікіх праблем няма, канешне, усё ж гэта Заходняя Еўропа, стандарты ЕС. Але і без інцыдэнтаў не абыходзіцца.
Тут варта вылучыць станцыю Фламанвіль на поўначы краіны на беразе Ла-Манша. Яна пачала працаваць амаль 40 гадоў таму — у 1985-м. У 2012-м там выцекла радыяцыя, у 2017-м у адным з машынных залаў першага рэактара прагрымеў выбух. Яго эксплуатацыю прыпынілі, пяць чалавек атрымалі лёгкае атручванне. Так Фламанвіль атрымаў рэпутацыю станцыі рызыкоўнай эксплуатацыі.
У 2007-м планы па будаўніцтве новага рэактара абурылі грамадскасць настолькі, што пачаліся масавыя пратэсты. У выніку праект пачалі даследаваць, правяраць, тэрміны пасунуліся… Працэс зацягнуўся настолькі, што не скончаны дагэтуль. На сёння актуальны дэдлайн — лета 2024-г.
Беларуская АЭС: Гордасць Лукашэнкі
У выпадку беларускай станцыі тэхнічныя падрабязнасці занадта вядомыя, каб іх паўтараць. Будавалі яе восем гадоў, запускалі ўвосень 2020-га, калі яшчэ не сціхлі масавыя пратэсты. Пыхі было шмат, але адразу пасля пачатку працы пачаліся бясконцыя рамонты. Па вялікім рахунку, яны працягваюцца дагэтуль, называючыся «планавымі».
З аднаго боку, варта прызнаць, што сам праект неблагі. Грошы далі расійцы, БелАЭС будавалі па стандартах «Расатама», які працуе ў тым ліку і ў Еўрасаюзе. Іншая справа, што эканамічнае абгрунтаванне станцыі ў Астраўцы, мякка кажучы, спрэчнае. Асабліва сёння, калі праз вайну і санкцыі экспартаваць электраэнергію немагчыма. То паўстае пытанне: на халеры гэта станцыя ўвогуле? Што газ расійскі купляць, то ядзернае паліва — шмат не зэканоміш.
На БелАЭС буйных аварый не было, але небяспеку яна ўяўляе найперш не з тэхнічнага боку. З палітычнага. Нестабільныя або свавольныя рэжымы ўвогуле вызначаныя як фактары рызыкі ў атамнай энергетыцы, і ў гэтым шэрагу прыводзяцца прыклады таго ж Ірана, той жа Расіі. Краін, дзе ў выпадку чаго аўтакратыі не будуць лічыцца ні з экалогіяй, ні з чалавечымі жыццямі.
Што не будзе лічыцца Лукашэнка, сумневаў няма. Экалогія? Згадайце, як «элегантна» ён абнуліў праблему наступстваў Чарнобыля. Усё добра ў нас з забруджанымі раёнамі, чарнобыльскія ільготы непатрэбныя, статус ліквідатараў трэба адмяніць. Замест гэтага мы зноў будзем асвойваць землі на поўдні краіны, а хто кажа, што гэта небяспечна, той вораг. Ты бачыш радыяцыю? І я не бачу. Значыць, яе няма.
Чалавечыя жыцці? Стаўленне да іх Лукашэнкі беларусы ўбачылі падчас пандэміі ковіду. У той час, калі цывілізаваны свет цаной вялікіх эканамічных выдаткаў людзей зберагаў, беларускі дыктатар проста «адмяніў» каронавірус. Тым самым чынам літаральна: ты бачыш вірус? І я не бачу. То яго і няма. Колькі беларусаў загінула ад такой злачыннай палітыкі, дакладна ніхто не ведае. Бо, заяўляючы пра «геніяльны» спосаб барацьбы з інфекцыяй, рэжым сарамліва хавае статыстыку. Але і так упэўнена можна сцвярджаць, што праз дрымучасць кіраўніка Беларусь страціла больш людзей, чым, уласна, ад Чарнобылю.
У гэтым палягае і небяспека БелАЭС. Калі раптам нешта здарыцца, лукашэнкаўцы не скажуць пра гэта праўды, не прымуць неабходныя захады і будуць хаваць наступствы. Карацей, зробяць усё для сябе і нічога для людзей.
Запарожская АЭС (Украіна): Вулкан пасярод вайны
Вайна — яшчэ адзін чыннік, які можа прывесці да паўтарэння Чарнобыля. І тут, вядома, на слыху Запарожская АЭС ва Украіне — самая небяспечнай станцыя ў свеце. Найбуйнейшая ў Еўропе і дзявятая ў свеце, якая знаходзіцца ў эпіцэнтры самая вялікага ваеннага канфлікту на еўрапейскім кантыненце.
З сакавіка 2022 года Энергадар, дзе месціцца АЭС, акупаваны расійскімі захопнікамі. Яны ўстанавілі на тэрыторыі станцыі цяжкую зброю і кантынгент вайскоўцаў. Працуе аб’ект, як той казаў, «на мінімалках», забяспечваючы электрычнасцю і цяплом толькі прылеглыя населеныя пункты. Добра і тое, што баявых дзеянняў у гэтым раёне няма, а за сітуацыяй на станцыі сочаць дапушчаныя спецыялісты МАГАТЭ.
Глядзіце таксама
![Як Расія знішчае прыроду Украіны Злачынствы супраць тых, хто не можа за сябе пастаяць. Як Расія знішчае ўкраінскую прыроду](/img/v1/images/vokladka_84.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Але так ці інакш, гэтая АЭС функцыянуе ў стрэсавым рэжыме. Эксперты кажуць, што сітуацыя з бяспекай там лепшай не становіцца. Галоўную ж рызыку нясе фактар выпадковасці. У ліхаманцы вайны сюды можа прыляцець артылерыйскі снарад альбо ракета, і бяды тады не абярэшся. Сярод пакут, якія прынесла Украіне і Еўропе пуцінская агрэссія, ёсць і такая — пагроза радыёэкалагічнай катастрофы параўнальнай з чарнобыльскай.