Злачынствы супраць тых, хто не можа за сябе пастаяць. Як Расія знішчае ўкраінскую прыроду

 Апроч вядомых катастроф, якія здзяйсняюць расійскія акупанты, накшталт падрыву Кахоўскай ГЭС ды мініравання Запарожскай АЭС, ёсць і тыя, на якія не звяртаецца столькі ўвагі з прычыны больш значных праблем на фронце і акупаваных тэрыторыях. Але ж гэта таксама бясконцая колькасць мёртвых дрэваў, раслін, жывых істот.

Выспа Джарылгач

Выспа Джарылгач

Уявіце, што вядомая кожнаму беларусу Белавежская пушча выпалена пажарамі, роўнядзі Прыпяці — пакрыты плёнкай з мазуту і гары, а Вілейскае вадасховішча — закідана гільзамі ды рэшткамі авіябомб ці ўвогуле знішчана. Такую рэальнасць перажываюць вадаёмы, запаведнікі, нацыянальныя паркі, ды і ўвогуле, прырода ва ўсходняй, паўднёвай, усходне-паўднёвай частцы Украіны. 

Раней мы пісалі пра знішчэнне расійцамі помніку археалогіі ўзросту егіпецкіх пірамід у акупаваным Марыупалі — старажытнага кургана Дзеда. Агулам, чакаць іншага стаўлення ад краіны, якая падчас «незалежнасці» знявечыла гістарычнае аблічча Кёнігсберга, знішчыла функцыянаванне базавых прынцыпаў урбаністыкі ва ўласных гарадах і зраўняла з зямлёй ужо сотні населеных пунктаў у не адной краіне свету, было б неразважліва. Тое ж датычыцца і нашага сённяшняга пытання: наўрад ці дзяржава з закіданымі смеццем лясамі ды адсутнасцю абслугоўвання смеццевых бакаў цягам месяцаў, магла прынесці нейкі «расійскі свет» з эколагамі і біялагічнымі спецыялістамі ва ўкраінскую экасістэму. 

Разгледзім некалькі прыродных славутасцяў, якія пасля прыходу расійскіх акупантаў ператварыліся ў літаральнае пекла на Зямлі. 

Серабранскі лес

Хаця пра становішча, у якім знаходзіцца Серабранскі лес, шырока пісалі ўкраінскія медыя, кадр, зроблены байцом Нацыянальнай гвардыі на мінулых выходных, не толькі ўразіў Украіну, але і паспеў абляцець увесь свет. На сваім гістарычным фотаздымку вайсковец Дзяніс Зялёны паказаў світанак у гаі, дзе не засталося нічога жывога — толькі выпаленыя ды пабітыя снарадамі ствалы дрэваў.

Світанак у Серабранскім лесе. Фота: Дзяніс Зялёны

Світанак у Серабранскім лесе. Фота: Дзяніс Зялёны

Серабранскі лес размешчаны на «нулі» з самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання: упрытык да акупаванай Крэмінной на Луганшчыне. Заказнік ляжыць на сутыкненні з населенымі пунктамі Белагораўка, Серабранка, Ямпаль (знаходзяцца пад кантролем УСУ) ды акупаваным Дзіброва — адным з найбольш гарачых напрамкаў фронту, дзе расійцы наступаюць на вызвалены восенню 2022 года Ліман. 

Увогуле, нават калі дадаць словы «да вайны» ў пошуку Google, знайсці мірнае мінулае Серабранскага лесу становіцца ўсё цяжэй. Бярлогі і норы замяніліся бліндажамі ды акопамі, спевы жабак і конікаў — выбухамі гармат, а адзінымі лятаючымі насельнікамі гаю сталі беспілотнікі. Украінскія вайскоўцы называюць Серабранскі запаведнік «лесам цудаў»: Расія пачала штурмаваць гэты раён праз паўгады пасля акупацыі Крэмінной, але сілы прыроды дапамагаюць жаўнерам паспяхова трымаць абарону і дагэтуль.

Украінскія вайскоўцы ў «лесе цудаў». Фота: United24

Украінскія вайскоўцы ў «лесе цудаў». Фота: United24

Серабранскі лес з’яўляўся адным з найбольш яскравых заказнікаў Луганскай вобасці: побач з ім, на рэчцы Северскі Данец, дзейнічала вялізная колькасць турыстычных кемпінгаў і пляжаў, а побач знаходзіліся ўражлівыя крэйдавыя тэрыконы беласнежнага адцення.

Жывёльны свет запаведніка ўключаў надзвычай рэдкую жабу-квакшу і змяю з Чырвонай кнігі, фазанаў, ястрабаў, соў, барсукоў, высакародных аленяў ды іншых істот.

Белагораўскія тэрыконы ля Серабранскага лесу да поўнамаштабнага ўварвання. Фота: Максім Назарэнка

Белагораўскія тэрыконы ля Серабранскага лесу да поўнамаштабнага ўварвання. Фота: Максім Назарэнка

Джарылгацкі нацыянальны прыродны парк

Вугледар, Бахмут, Аўдзееўка, Серабранскі лес — аблічча «вызваленай» акупантамі зямлі, што стала непрыдатнай для жыцця ў перспектыве дзесяцігоддзяў. І калі пакуты ўкраінскай прыроды на лініі фронту можна патлумачыць сталым вядзеннем агню, то жывы свет на тэрыторыях, захопленых у першыя дні вайны, з'яўляецца сведкай жадання расійцаў сцерці не толькі ўкраінскі этнас ды культуру, але і ўкраінскую зямлю. 

Чарнаморская выспа Джарылгач, што ўваходзіць у склад Скадоўскага раёна на левабярэжжы Херсонскай вобласці, зазнала адразу некалькі здзекаў з боку акупантаў.

У мінулым траўні доктар біялагічных навук Павел Голдзін паведаміў, што расійцы наплявалі на недатыкальнасць Джарылгацкага нацыянальнага парку і з’ядналі выспу з мацерыковым сялом Лазурнае пясочным насыпам для вайсковых мэтаў. Паводле біёлага, гэта стварыла рэальную пагрозу ізалявання і дэградацыі экасістэмы ўсёй Джарылгацкай касы, у межах якой пражывалі ўнікальныя прыбярэжныя дэльфіны і буйная колькасць чарнаморскіх марскіх свінак.

Выспа Джарылгач

Выспа Джарылгач

Маёр запасу Нацыянальнай гвардыі Аляксей Гецьман у сваю чаргу заяўляў, што акупанты жадаюць зрабіць дадатковую пляцоўку на востраве Джарылгач для правядзення там вайсковых збораў. Нацыянальны парк з’яўляецца найбольш строгай прыродаахоўнай адзінкай, якая налічвае найвышэйшую ступень абароны флоры і фаўны ды найвялікшую колькасць абмежаванняў для чалавека. Нягледзячы на гэта, расійцы размясцілі на выспе аператыўныя склады, што, верагодна, стала першапрычынай для наступнай трагедыі. 

Праз тры месяцы расійцы забілі «сэрца» выспы. Па звестках дырэктаркі Джарылгацкага нацыянальнага парка Ірыны Сабашэнка, у перыяд з 4 па 5 траўня 2023 года акупанты выпадкова ці наўмысна выклікалі буйны пажар, які выпаліў усю запаведную зону выспы памерам у 1500 гектараў. Балотная меч-трава, бесарабскі гваздзік ды іншыя надзвычай унікальныя для еўрапейскай флоры расліны з Зялёнай кнігі былі цалкам знішчаны.

Флора і фаўна на выспе Джарылгач да пажару. Фота: Залізний порт

Флора і фаўна на выспе Джарылгач да пажару. Фота: Залізний порт

Замкнёныя на выспе жывёлы, птушкі ды ўсемагчымыя жывыя істоты загінулі: удалося выжыць толькі насельнікам балотнага біёму. Адметна, што назва Джарылгач паходзіць ад крымска-татарскага «yarılğaç» — «ластаўка», што, звязана з вялікай колькасцю гэтых птушак на востраве ў былыя часы.

На аднаўленне стэпавых, лугавых і саланчаных участкаў патрабуецца ў сярэднім ад 4 да 12 гадоў, але некаторыя сектары экасістэмы будуць «лячыцца» і да 30 гадоў пры ўмове адсутнасці падобных катастроф у будучыні.

Ірына Сабашэнка называе джарылгацкі пажар злачынствам краіны-тэрарысткі супраць прыроды і экалогіі, а ўрон ад дзеянняў акупантаў толькі ў гэтым нацыянальным парку ацэньваецца ў мільярды грыўняў. Тым не менш, ні мясцовыя жыхары, ні экалагічныя дзеячы не могуць паўплываць на яго крытычнае становішча. Адзінай надзеяй на мірнае жыццё застаецца вызваленне выспы Узброенымі сіламі Украіны і перадачы дзеючаму кіраўніцтву нацыянальнага парка.

Дзікі на выспе Джарылгач. Фота: Залізний порт

Дзікі на выспе Джарылгач. Фота: Залізний порт

Алешкаўскія пяскі

Адна з найбольш кантрасных славутасцяў Херсоншчыны ў даваенныя часы прыцягвала да сябе сотні тысяч турыстаў з Украіны ды іншых краін. Яе прывабныя пясчаныя выдмы працягваюцца на 158 кіламетраў ад Новай Кахоўкі да чарнаморскага ўзбярэжжа ўздоўж рэчкі Дняпро.

Алешкаўская пустыня была вызнана адным з сямі прыродных цудаў Украіны разам са стэпам Асканія-Новая (таксама перабывае ў акупацыі), Днястроўскім каньёнам, Мармуровай пячорай ды іншымі лакацыямі.

Алешкаўскія пяскі. Фота: BLS.ua 

Алешкаўскія пяскі. Фота: BLS.ua 

Тое, што ў расійцаў не атрымаецца выпаліць — ён пашкодзіць ці знішчыць іншым спосабам, абы пашкодзіць ці знішчыць. Алешкаўскія пяскі знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да лініі фронту: гэта менш за 5 кіламетраў да сёлаў Крынкі і Казачыя Лагеры на левым беразе Херсоншчыны, дзе фарсуюць Дняпро ўкраінскія вайскоўцы.

Праз найбольш верагодны наступ на гэтым напрамку, акупанты ператварылі тэрыторыю нацыянальнага парка на грандыёзную пляцоўку фартыфікацыйных збудаванняў. Узвядзенне траншэй, ДОТаў ды іншых канструкцый пашкоджвае натуральную расліннасць і выклікае абсыпанне пяскоў. Гусеніцамі цяжкой тэхнікі, коламі аўтамабіляў і адным сваім знаходжаннем расійцы знішчылі аўтэнтычнае аблічча пустыні. 

У дадатак да гэтага, як удалося высветліць Novakahovka.city, акупацыйныя ўлады прадалі Алешкаўскія пяскі заснавальніку шэрагу расійскіх і, у прыватнасці, зарэгістраваных у Крыме кампаній, якія займаюцца будаўніцтвам і турыстычнымі паслугамі, Рагозіну Ілле Аляксандравічу.

Згодна з украінскім заканадаўствам, адзіным легітымным дырэктарам запаведніка застаецца Няпрокін Андрэй Віктаравіч, а самі Алешкаўскія пяскі з'яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю.

Маленькі насельнік Алешкаўскай пустыні. Фота: BLS.ua 

Маленькі насельнік Алешкаўскай пустыні. Фота: BLS.ua