Рэвалюцыя, якую зрабіла песня

Не маюць рацыі тыя, хто кажа, што «Еўрабачанне» — гэта заўсёды толькі камерцыя і папса. У красавіку 1974-га ў Партугаліі конкурсная песня стала адным з сігналаў для паўстання. Зрэшты, галоўная роля ўсё ж належыць іншай мелодыі.

img_1200x900_2014_05_15_21_05_00_198740.jpg


«Рэвалюцыя гваздзікоў» 1974 года ў Партугаліі да гэтага часу застаецца прадметам спрэчак гісторыкаў. Цяжка да канца зразумець, як адна з найстарэйшых каланіяльных імперый і самая працяглая па часе еўрапейская дыктатура магла сканаць усяго за пару сутак — прычым практычна бяскроўна (тады загінулі ўсяго чатыры чалавекі).
Пры гэтым уся рэвалюцыя выглядала вельмі каларытна. Адным з вырашальных эпізодаў была сцэна, калі простая прадавачка аднаго са сталічных універмагаў падышла да салдата і апусціла ў ствол яго вінтоўкі гваздзік. Жыхары горада ўслед за ёй пачалі адорваць салдат чырвонымі і белымі кветкамі, якія сімвалізавалі падтрымку народам рэвалюцыі.
Яшчэ адным яркім эпізодам з’яўляецца роля музыкі ў рэвалюцыі. А дакладней, дзвюх песень: «E Além do Adeus» (партугальская песня-канкурсант на «Еўрабачанні» 1974 года) і «Grândola, Vila Morena». Яны сталі сігналамі для жаўнераў-змоўнікаў. Зрэшты, лічыцца, што галоўным сігналам была другаая песня, паколькі яна загадвала непасрэдна браць зброю і выходзіць з казарм. Не дзіўна, што з часам «Grândola, Vila Morena» стала сапраўднай легендай.
На беларускую мову назва песні перакладаецца як «Грандола, смуглявая вёсачка». Менавіта ў гарадку Грандола партугальскі музыка Жазэ Афонсу ў 1964 годзе натхніўся ідэяй напісаць песню пра братэрства мясцовых рыбакоў — як пяецца, «народ просты і мудры, які парадак свой наводзіць». Упершыню яна была выкананая самім Жазэ Афонсу ў іспанскай Галісіі ўвесну 1972 года.


Партугальцы ўпершыню пачулі «Grândola, Vila Morena» ў сакавіку 1972-га на канцэрце, які курыравала Міністэрства друку. Чыноўнікі таксама сачылі за палітычным рэнамэ ўдзельнікаў. Жазэ Афонсу быў у спісе нядобранадзейных як падазраваны ў сімпатыях да камуністаў. Некаторыя з яго песень раней былі забароненыя. Аднак у песні пра Грандолу цэнзары не заўважылі крамолы і ўхвалілі яе выкананне.
Мелодыя хутка стала папулярнай і спадабалася ў тым ліку ўдзельнікам афіцэрскага падполля, якое ў гэты час актыўна фармавалася ў краіне. Сваім выхадам на палітычную сцэну «Рух капітанаў» (так нефармальна называлася арганізацыя), безумоўна, абавязаны крызісу, у якім аказалася Партугалія на пачатку 1970-х гадоў. Хаця заснавальнік дыктатуры Антоніу Салазар памёр у 1970-м, яго нашчадкі працягвалі стары курс, складнікам якога была вайна за калоніі ў Афрыцы, што адбірала да 40% дзяржбюджэту.
Першапачаткова афіцэры выстаўлялі, хутчэй, карпаратыўныя патрабаванні, але пазней чальцы падполля прыйшлі да ідэі перавароту. Неўзабаве кожны дзясяты афіцэр партугальскай арміі быў чальцом «Руху капітанаў». Урад, выявіўшы змову, пачаў тэрміновую адпраўку падазраваных у калоніі, але гэта не дало вынікаў. Капітаны перайшлі да арганізацыі паўстання.
Падчас распрацоўкі плана паўстала ідэя, што змоўшчыкам патрэбны сігнал, які можна было б перадаць па ўсёй краіне па радыё. Пры гэтым найлепшым сігналам будзе нейкая ўмоўная песня. Адразу пачалі шукаць варыянты. Першапачаткова ў якасці пазыўных да паўстання прапанавалася перадаць іншую песню Афонсу — «Venham Mais Cinco». Аднак нейкі радыёвядучы, які прымаў удзел у канспіратыўным пасяджэнні, пераканаў, што гэта дрэнная ідэя: тая мелодыя была забароненая цэнзурай, таму адразу можа выклікаць падазрэнне.
У выніку было прынята новае рашэнне наконт сігналаў. Першым сігналам, які інфармаваў пра пачатак падрыхтоўкі да выступу, павінна была стаць песня «E Além do Adeus». Другой — «Grândola, Vila Morena». Яе перадалі ў палове першай ночы 25 красавіка некалькі радыёстанцый. Радыёвядучыя, якія давалі песню ў эфір, ведалі, што існуе план дзяржаўнага перавароту, але не здагадваліся пра тое, якую ролю ў ім павінна адыграць песня.
Пачуўшы мелодыю, паўстанцы вывелі свае фарміраванні з казарм і рушылі да сталіцы. Вайсковыя часткі, якія даслалі падавіць выступ, перайшлі на бок паўстанцаў. Рабочыя і моладзь тысячамі хлынулі на вуліцы. Быў захоплены генеральны штаб, аэрапорты, арыштаваныя многія міністры. Нейкі супраціў паўстанцам аказала толькі таемная паліцыя D.G.S. Грамадства ахапіў шалёны энтузіязм. Не абышлося без эксцэсаў: студэнты і школьнікі ў той год адмаўляліся здаваць экзамены.
Што тычыцца твора Жазэ Афонсу, то ён адразу стаў часткай гісторыі. Кожны год 25 красавіка на святкаванні «Рэвалюцыі гваздзікоў» яе выконваюць па ўсёй краіне. У Грандоле пабудаваны мемарыяльны мурал, прысвечаны песні.
Акрамя таго, мелодыя дагэтуль захавала свой рэвалюцыйны і пратэсны дух. Так, у лютым 2013 года выступ прэм’ер-міністра ў парламенце быў сарваны выкананнем матыву «Grândola, Vila Morenа». У 2020 годзе, пратэстуючы супраць вулічных акцый ультраправай партыі «Chega», партугальцы таксама спявалі той матыў. Напэўна, тут няма нічога дзіўнага. Тэма пра просты і мудры народ, які сам наводзіць свой парадак, ніколі не страціць актуальнасці.


Упершыню артыкул апублікаваны ў "Новым Часе" 14 красавіка 2021 года.