Аляксандр Лукашэнка супраць Славы Камісаранкі

Ну, канешне! Колькі можна! Чаму дагэтуль Слава Камісаранка застаецца самым вядомым беларускім комікам-стэндаперам? Пэўна, менавіта такія думкі былі ў галаве беларускага кіраўніка, калі ён нечакана вырашыў адмяніць «Вялікую размову», а потым, не менш нечакана, запрасіў да сябе замежных журналістаў.

Калаж fishki.net

Калаж fishki.net


Зразумела, што казаць пра «журналісцкі» фармат выступу Лукашэнкі на гэтай размове не выпадае. Увогуле, на яе павінны хадзіць не журналісты, а як мінімум, зборшчыкі цытатаў для інтэрнэт-мемаў, а як максімум, дасведчаныя псіхіятры. Бо нічога, апроч згаданых мемаў, гэтыя размовы не генеруюць. А для спецыялістаў па мазгах там багата матэрыялаў на тое, як прапаганда (прычым, уласная прапаганда) уплывае на свядомасць чалавека.

Таму размова Лукашэнкі з замежнымі журналістамі, якая адбылася 16 лютага, — гэта не прэс-канферэнцыя. Гэта стэндап. Стэндап, які паказвае, што беларускі кіраўнік жыве ва ўяўнай карціне свету. Напрыклад, ён дагэтуль лічыць, што расійскае войска — непераможнае. Што ва Украіне існуе падзел паміж ваенным і цывільным кіраўніцтвам, што паміж прэзідэнтам Зяленскім і Узброенымі сіламі Украіны існуе нейкі разлад (гэты наратыў расійская прапаганда прасоўвала ад першых дзён вайны), і што лепш было б дамовіцца пра мір цяпер — зразумела, пакінуўшы Расіі акупаваныя ёю тэрыторыі.

Лукашэнка ў чарговы раз расказаў прэсе, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», зноў заявіў, што Польшча імкнецца захапіць Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, і што Расія ва Украіне абараняе сваіх людзей (хаця хвілінамі раней ён жа казаў пра тое, што не важна, хто дзе жыве, і можна было з’ехаць у любы момант)…

Карацей, было бачнае адно — беларускі кіраўнік паўтарыў усе штампы расійскай прапаганды, якімі абгрунтоўвалася неабходнасць той самай «спецаперацыі», «дэнацыфікацыі» і «дэмілітарызацыі».

І было б добра, калі б гэтымі штампамі размаўлялі заўзятары «тэорыі змоваў» у «Аднакласніках» ці шчырыя аматары тэлебачання. Але ж справа ў тым, што (у ідэале) сістэма прапаганды не павінна аказваць уплыў на тых, хто кіруе гэтай сістэмай прапаганды! Аднак бачна, што беларускі кіраўнік сам знаходзіцца ў палоне «прапагандысцкай бурбалкі», прычым, часткова ім жа самім створанай. Перафразуючы Ніцшэ, «калі ты паўсюль шукаеш ворагаў, вораг зазірне ў цябе».

Канешне, пры жаданні паўсюль можна адшукаць рацыянальнае зерне. Напрыклад, калі Лукашэнка кажа пра мірныя перамовы, — гэта яго жаданне ў чарговы раз выступіць міратворцам, як гэта ён правярнуў у 2015-м, і быць зноў прынятым на Захадзе. Ну, калі не прынятым, дык пазбавіцца санкцый. Да таго ж, ён павінен разумець, што мір ва Украіне на цяперашніх умовах Расіі азначае адначасова і захаванне яго ўлады, у той час як параза Расіі ставіць яго жыццё (не толькі палітычнае) пад пагрозу. Але насамрэч, наўрад ці Лукашэнка асэнсоўвае гэта розумам. Хутчэй, гэта ў яго адбываецца на інстынктыўным узроўні палітыка.

Бо з аднаго боку ён кажа пра вайну ва Украіне, а потым выяўляецца, што гэта ўвогуле не вайна ва Украіне, а гэта ЗША ваююць з Кітаем.

«Гэта глабальны канфлікт паміж Амерыкай і Захадам з аднаго боку і Кітаем — з другога (не Расія — Кітай для іх галоўнае), лічыце, паміж Захадам і Усходам (Кітаем і Расіяй, можаце Іран сюды падключыць і гэтак далей). А найбольш вострая фаза гэтага канфлікту — канфлікт паміж Масквой і Захадам», — патлумачыў беларускі кіраўнік замежным журналістам вайну ва Украіне.

На гэтым, напэўна, варта паставіць кропку, таму што, імаверна, у гэты момант проста скончылася ўздзеянне пігулак на старэючы арганізм.

А ў той час, пакуль Лукашэнка выкладаў замежным журналістам «тэорыі змовы», адбывалася шмат такога, што рэальна ўплывае на жыццё краіны. І, на вялікі жаль, пакуль не бачна добрых навінаў.

Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2022 годзе знізіліся на 3,6% у параўнанні з 2021 годам, паведаміў Белстат. Прамысловая вытворчасць у Беларусі працягвае скарачацца. У студзені яго аб'ём склаў 14,1 млрд рублёў у бягучых цэнах. У супастаўных ён знізіўся на 4,1%.

Польшча, закрыўшы памежны пераход у Бераставіцы, разглядае пытанне аб закрыцці мяжы цалкам. Прынамсі, намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Яраслаў Селін заявіў, што варта разгледзець пытанне аб закрыцці ўсёй мяжы з Беларуссю ў адказ на рэпрэсіі супраць польскай меншасці.

Беларускія актывісты заблакавалі на мяжы Літвы і Беларусі грузавікі, у якіх маглі перавозіцца ўгнаенні падсанкцыйнага «Гродна Азота». Акцыя прайшла каля пераходу Прывалка — Райгардас. Прадстаўнікі літоўскай паліцыі, памежнай службы і мытнікі вярнулі дзве фуры на пункт кантролю для дадатковай праверкі. Кіроўцы грузавікоў пацвердзілі, што грузіліся на «Гродна Азот».

Пра вынікі той праверкі нічога невядома, але літаральна праз два дні Літва паведаміла беларускаму Дзяржаўнаму памежнаму камітэту, што ў аднабаковым парадку спыняе ўзаемадзеянне з Беларуссю па забеспячэнні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу і павелічэнню прапускной здольнасці аўтадарожных пунктаў пропуску.

Сенат Чэхіі прыняў рэзалюцыю аб рэпрэсіях з боку рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзянскай супольнасці, у якой рэкамендуе ўраду краіны накласці санкцыі на супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК і абвясціць іх арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм. За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 39 з 41 сенатара.

Адначасова дзейны пасол Чэхіі ў Беларусі Томаш Перніцкі адкліканы ў Прагу і будзе прызначаны на пасаду дырэктара пратакола ў адміністрацыі абранага прэзідэнта Пятра Павела. Новы пасол на замену Перніцкаму прызначаны не будзе — яго функцыі будзе выконваць часовы павераны. З дыпламатычнага пункту гледжання гэта азначае, што Прага фактычна пагоршыць дыпламатычныя адносіны з Мінскам.

Еўрасаюз, Польшча, Вялікабрытанія і Францыя ўзнялі пытанне палітычных рэпрэсій у Беларусі падчас пасяджэння Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене, у прыватнасці гаворка ішла пра Анджэя Пачобута і Алеся Бяляцкага.

Карацей, у беларускага кіраўніка, па розуме, павінна быць значна больш клопатаў, чым у чарговы раз распавядаць замежнікам, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. Але, бачна, Лукашэнку абрыдла бачыць на сваіх стэндапах адныя й тыя ж сумныя твары ўрадоўцаў. Дый канкурэнцыю Камісаранку ў чарговы раз таксама зрабіць трэба. Каб той не расслабляўся, бо даўно ўжо ад яго нічога новага не чулі.