
«Цэнтральная выбарчая камісія, сцвярджае, што Аляксандра Лукашэнку нібыта пераабралі прэзідэнтам Беларусі на шосты тэрмін. Шмат якія прыкметы паказваюць на масавыя фальсіфікацыі выбараў, таму не можам прызнаць гэтыя выбары легітымнымі», — чытаем у супольнай заяве дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, падпісанай старшынёй дэлегацыі Робертам Бедранем і дэпутатам Еўрапарламента Пятрасам Аўштрэвічусам.
«Наступствам паслявыбарчага гвалту будзе патрабаванне аднаўлення санкцый, накіраваных супраць беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у масавай фальсіфікацыі галасоў, а таксама сур’ёзных парушэннях правоў чалавека і асноўных свабод. Мы таксама будзем настойваць на тым, каб пазбавіць рэжым фінансавай падтрымкі ЕС. У той жа час ЕС будзе працягваць падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, у тым ліку і фінансавымі сродкамі, прызнаючы яе беспрэцэдэнтную мабілізацыю, рашучасць і прыхільнасць да дэмакратычных рэформаў. Голас грамадзянскай супольнасці павінен быць пачуты», — гаворыцца ў заяве.
«Патрабуем ад беларускіх уладаў спыніць цяперашнюю хвалю рэпрэсій і неадкладна і безумоўна вызваліць усіх людзей, якія адвольна затрымліваюцца. Мы таксама заклікаем спадара Лукашэнку раскрыць і прызнаць сапраўдныя вынікі выбараў», — заяўляе дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю.
Беларускае Радыё Рацыя