«Для бягучага прэзідэнта прыкметы неяк усё больш неспрыяльныя»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звыклай яму іранічнай манеры разважае пра словы Уладзіміра Зяленскага, які паабяцаў, што будзе весці перамовы з «наступным прэзідэнтам Расіі».

cf666510_5cc7_4e5e_bad3_064ee8a7ac12_w1200_r1.webp


Вядома, анексія чатырох украінскіх абласцей павінна была стаць галоўнай навіной апошніх некалькіх дзён. Прынамсі па задуме арганізатараў. Каб бура і націск, шок і трапятанне, тысячагадовы Рэй..., Русь. Але вось неяк не задалося. Навіны з Лімана, куды Расія ў пятніцу прыйшла назаўжды, а сышла так хутка, што нават гарбаты папіць не паспела, некалькі змазалі сусветна-гістарычнае значэнне гэтай падзеі.

Не кажучы ўжо пра заяўку Украіны на ўступленне ў NATO і заяву Зяленскага аб тым, што весці перамовы з гэтым прэзідэнтам Расіі няма сэнсу, і таму дамаўляцца ён будзе з наступным прэзідэнтам Расіі. Усё ж словы прэзідэнта Зяленскага гэта табе не «Расія прыйшла сюды назаўсёды». Так ужо атрымалася, што ў адрозненне ад тых, якія «назаўжды», прэзідэнт Зяленскі за свае словы адказвае.

Вось пацан сказаў, што прагоніць расійскія войскі з поўначы Украіны — і прагнаў. Сказаў, што збавіць абаронцаў Азоўсталі з палону, і вызваліў. Карацей, пацан сказаў — пацан зрабіў. Так што калі ён кажа, што будзе весці перамовы з наступным прэзідэнтам Расіі — да гэтых слоў трэба паставіцца сур'ёзна. Сказаў, што з наступным, значыць з наступным.

Тым больш, што для бягучага прэзідэнта прыкметы неяк усё больш неспрыяльныя. Што Расія не ўмее трымаць удар, было зразумела яшчэ пасля перадыслакацыі з Харкаўскай вобласці. Але тады не панікавалі патрыятычныя блогеры. А вось пасля Лімана ў хор непанікуючых дадалася артылерыя пацяжэй — уладальнікі двух расійскіх прыватных армій Прыгожын і Кадыраў.

Пакуль яны ківаюць у бок асобных генералаў і клянуцца ў вернасці вярхоўнаму галоўнакамандуючаму. Але ж трэба ж з чагосьці пачынаць. Яшчэ пара такіх перадыслакацый — і парушыцца недатыкальнасць самога вярхоўнага галоўнакамандуючага ў вачах яго патрыятычна настроеных падданых.

Наезд на генералаў і так паставіў вярхоўнага галоўнакамандуючага ў няёмкае становішча. Цяпер ён не можа нават звольніць гэтых генералаў без таго, каб не выглядаць слабаком і ахвярай палітычнага ціску. І непазбежна ж паўстане пытанне: а што ён наогул можа?

Вунь аказалася, што нават частковую мабілізацыю не ў стане правесці. У Хабараўскай вобласці звольнілі галоўнага ваенкама і вярнулі дадому палову мабілізаваных, як не адпаведных крытэрам адбору. Гэта значыць, яны дасталі вайну з тэлевізара, разнеслі яе позвамі па ўсёй краіне, напалохаўшы патрыятычна настроеныя масы да ікаўкі, а цяпер аказалася, што палохалі дарма.

Таму што з двума паралельнымі працэсамі, — мабілізацыі і дэмабілізацыі, — расійская вайсковая машына дакладна не справіцца. І значыць трохсоттысячнае папаўненне на фронце дачакаюцца не хутка. Калі наогул паспеюць дачакацца. Калі застанецца яшчэ фронт да таго часу, як гэта папаўненне будзе нарэшце гатовае. Таму што час паскараецца і чым далей, тым хутчэй.