Дзясяткі тысяч подпісаў за Бабарыку і Цапкалу прызналі несапраўднымі

29 чэрвеня праходзяць пасяджэнні ў тэрытарыяльных камісіях па выбарах прэзідэнта Беларусі. Пра развіццё сітуацыі паведамляе «Свабода».

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты: Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандар Лукашэнка, Віктар Бабарыка, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачань, Валер Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты: Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандар Лукашэнка, Віктар Бабарыка, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачань, Валер Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская

Цэнтральная раённая камісія Гомеля прызнала подпісы за Бабарыку несапраўднымі

Каманда Віктара Бабарыкі здала ў Гомельскую Цэнтральную камісію 4177 подпісаў. З іх адпавядалі правілам 3609. Камісія праверыла 758 подпісаў і прызнала несапраўднымі 16,2%. Потым праверыла яшчэ 541 подпіс і прызнала несапраўднымі 15,9%. У выніку Бабарыку не залічылі ўсе здадзеныя подпісы, бо колькасць несапраўдных большая за 15%.

У астатніх прэтэндэнтаў подпісы прызналі сапраўднымі:

·        Андрэй Дзмітрыеў. 1135 подпісаў

·        Ганна Канапацкая. 224 подпісы

·        Аляксандар Лукашэнка. 18 760 подпісаў

·        Валерый Цапкала. 1854 подпісы.

·        Святлана Ціханоўская. 1086 подпісаў

·        Сяргей Чэрачань 1188 подпісаў

У Рэчыцы і Калінкавічах на Гомельшчыне прызналі сапраўднымі подпісы ўсіх прэтэндэнтаў

 

У Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы ў Фрунзенскім раёне Мінску забракавалі ўсе подпісы

У Віктара Бабарыкі ў гэтым раёне было 47 тысяч подпісаў, у Валерыя Цапкалы — 17,8 тысячы подпісаў. Ва ўсіх іншых прэтэндэнтаў подпісы прызналі сапраўднымі.

«У абодвух выпадках па выніках двух тураў праверкі былі прызнаныя несапраўднымі па 16% правераных подпісаў — у выніку былі забракаваныя ўсе», — паведаміў Свабодзе назіральнік Аляксей Лойка.

Па іншых прэтэндэнтах сапраўднымі прызнаныя:

·        Ганна Канапацкая — 16,9 тысячы

·        Андрэй Дзмітрыеў — 9,8 тысячы

·        Аляксандр Лукашэнка 52,5 тысячы

·        Святлана Ціханоўская 7,2 тысячы

 

Раённая камісія Гомеля: 4870 подпісаў за Бабарыку і 1956 за Цапкалу прызналі несапраўднымі

На пасяджэнні Савецкай раённай камісіі Гомеля прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка. Камісія знайшла высокі адсотак несапраўдных подпісаў за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. У выніку ўсе здадзеныя подпісы — а гэта 4870 за Бабарыку і 1956 за Цапкалу — прызналі несапраўднымі.

Леанід Судаленка расказаў “Свабодзе”, што самы вялікі працэнт несапраўдных подпісаў па выніку асноўнай і дадатковай праверкі выяўлены ў Віктара Бабарыкі — 23,28%. Спачатку тэрытарыяльная камісія правярала 15% подпісаў. Калі знаходзіла там неадпаведнасці, на праверку бралі іншыя подпісы.

У выніку камісія прыняла рашэнне не залічваць Віктару Бабарыку ўсе здадзеныя 4870 подпісаў. У штабе Бабарыкі сказалі, што «здзіўленыя» фактам непрызнання подпісаў.

«Мы пададзім скаргі, бо мы ўпэўненыя, што з подпісамі ўсё ў парадку. У нас пакуль у Савецкім раёне Гомеля больш за 4 тысячы подпісаў пад пагрозай, але гэта менш за 1% здадзеных подпісаў. Мы таксама бачым, што дзесьці подпісы былі прынятыя цалкам, дзесьці былі адбракаваныя адзінкі», — сказаў юрыст Максім Знак і дадаў, што калі подпісы прызнаюць несапраўднымі, у акце павінна быць інфармацыя з тлумачэннем і ўсе гэтыя рашэнні можна аспрэчыць.

У Валерыя Цапкалы па выніку дзвюх праверак несапраўднымі прызналі 16,53%. За гэта камісія не залічыла ўсе 1956 подпісаў, якія здалі сябры яго ініцыятыўнай групы.

«Чыстымі» аказаліся ўсе 45 подпісаў, якія здалі ў камісію сябры ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай. Былі прызнаныя несапраўднымі некаторыя подпісы за Аляксандра Лукашэнку, Сяргея Чэрачня, але працэнт несапраўдных подпісаў за іх — каля 4–5% — дазволіў камісіі не праводзіць дадатковай праверкі, і здадзеныя подпісы за іх прызналі сапраўднымі. Толькі ў дачыненні подпісаў за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу праводзіліся дадатковыя праверкі", — зазначыў Леанід Судаленка.

Савецкі раён Гомеля з’яўляецца адным з самых буйных, тут пражывае 180 тысяч чалавек.

На праверку ў Савецкім раёне Гомеля здалі подпісы за Аляксандра Лукашэнку — 29 496, Віктара Бабарыку — 4 870 подпісаў, Валерыя Цапкалу — 1 956 подпісаў, Святлану Ціханоўскую — 1 261 подпіс, Сяргея Чэрачня — 1 203 подпісы, Андрэя Дзмітрыева — 879 подпісаў, Ганну Канапацкую — 45 подпісаў.

Пасяджэнні для прызнання подпісаў адбываюцца і ў іншых тэрытарыяльных камісіях.

 

У Кастрычніцкім раёне Віцебску не прызналі подпісы за Цапкалу

Камісія прызнала несапраўдным 1221 подпіс за Валерыя Цапкалу, бо «пры праверцы было выяўлена 15,45% несапраўдных подпісаў».

Назіральнік Леанід Свецік паведаміў, што ў Кастрычніцкім раёне Віцебску выбарчая камісія прызнала несапраўдным 1221 подпіс, сабраны за Валерыя Цапкалу.

Подпісы за іншых кандыдатаў прызналі сапраўднымі, а гэта:

·        Віктар Бабарыка — 4320 подпісаў, несапраўдных — 0,52%

·        Андрэй Дзмітрыеў — 519 подпісаў, несапраўдных — 0,87%

·        Ганна Канапацкая — 1431 подпіс, несапраўдных — 1,26%

·        Аляксандар Лукашэнка — 10 607 подпісаў, несапраўдных — 0,03%

·        Святлана Ціханоўская — 1669 подпісаў, несапраўдных — 0,54%

·        Сяргей Чэрачань — 901 подпіс, несапраўдных — 5,97% 

 

У Светлагорску прызналі несапраўднымі ўсе подпісы за Цапкалу​

Подпісы за іншых кандыдатаў прызналі сапраўднымі.

Пасяджэнне выбарчай камісіі ў Светлагорску пераносілася некалькі разоў. У выніку, подпісы за Валерыя Цапкалу прызналі несапраўднымі. Пра гэта Свабодзе распавяла назіральніца Алена Маслюкова. Агулам камісія правярала 550 подпісаў, з іх 18,73% выявіліся несапраўднымі.

«Агулам ад Валерыя Цапкалы ў камісію падалі 1577 подпісаў, усе прызналі несапраўднымі. Я добра знаёмая з людзьмі, якія збіралі гэтыя подпісы. Я напісала заяву, каб мяне дапусцілі да працэдуры праверкі подпісаў, мне ў гэтым адмовілі», — расказала Маслюкова. 

Подпісы былі сабраныя ў Светлагорску і Светлагорскім раёне.

Подпісы іншых кандыдатаў прайшлі праверку і былі прызнаныя, але ў кожнага кандыдата выявілі працэнт браку:

У Віктара Бабарыкі — 2,3%

У Андрэя Дзмітрыева — 4,7%

У Ганны Канапацкай — 6,94%

У Сяргея Чэрачня — сапраўдныя ўсе

У Аляксандра Лукашэнкі — 3,31%

У Святланы Ціханоўскай — 11,05%

 

У Мазыры забракавалі ўсе подпісы за Канапацкую

На пасяджэнні Мазырскай раённай выбарчай камісіі прынялі подпісы амаль за ўсіх прэтэндэнтаў — акрамя Ганны Канапацкай. Больш за ўсё подпісаў падала ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, у яго падтрымку залічылі амаль 27,5 тысяч подпісаў, паведаміў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімер Целяпун.

Аляксандр Лукашэнка — 27 500

Сяргей Чэрачань — 4 400

Андрэй Дзмітрыеў — 4 000

Віктар Бабарыка — 2780 (падалі 2842)

Святлана Ціханоўская — 2120 (падалі 2235)

Валерый Цапкала — 590 (падалі 610)

За Ганну Канапацкую ў камісію падалі 29 подпісаў. Праз некалькі несапраўдных подпісаў улічваць адмовіліся ўсе 29.

Уладзімер Целяпун здзівіўся такой колькасці подпісаў за Чэрачня і Дзмітрыева:

«Гэта нейкі абсурд. Дзмітрыеў прыязджаў аднойчы ў горад на пікет, але амаль ніхто не падпісваўся. За Чэрачня ўвогуле не было пікетаў. У камісіі паведамілі, што гэтыя падпісныя лісты аднекуль даслалі. Магчыма, з Мінску?»

www.svaboda.org