Генпракуратура адмовілася высветліць, адкуль у Лукашэнкі былі грошы на вылучэнне кандыдатам
Паводле афіцыйнай інфармацыі з сайта ЦВК, да рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, у Аляксандра Лукашэнкі наогул не было ніякага рахунка для сваёй кампаніі. Пры гэтым праходзілі пікеты і сустрэчы з грамадзянамі. Адкуль грошы?
Адзін з магілёўцаў на ўмовах ананімнасці распавёў MSPRING.ONLINE, што папрасіў праверыць Генеральную пракуратуру дзіўную сітуацыю, звязаную з дзеючым кіраўніком Рэспублікі Беларусь.
Справа ў тым, што пасля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, толькі адзін з вылучэнцаў не адкрыў выбарчы фонд. Дзейны кіраўнік Аляксандр Лукашэнка фармальна прасоваў сваю кампанію без сродкаў.
Па стане на 24 чэрвеня, усе, акрамя Лукашэнкі, выбарчыя рахункі мелі. Напрыклад, у Бабарыкі да канца этапу здачы подпісаў было больш 155 тысячаў рублёў, у Цапкалы — амаль 55 тысяч, у Ціханоўскай — крыху менш за 7 тысяч.
Варта адзначыць, што прэтэндэнты на прэзідэнцтва могуць выкарыстоўваць грошы на сваю кампанію толькі з гэтых самых выбарчых фондаў — у тым ліку на пікеты па зборы подпісаў, сустрэчы з грамадзянамі і нават на ўмоўную раздрукоўку матэрыялаў.
Магілёвец папрасіў праверыць Генеральную пракуратуру, на якія ж грошы Лукашэнка праводзіў сваё вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты.
— Паводле інфармацыі ЦВК, Лукашэнка не карыстаўся выбарчым фондам, хоць у яго падтрымку праводзіліся пікеты, ставіліся намёты і збіраліся галасы, выкарыстоўвалася друкаваная прадукцыя. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь забараняе выкарыстоўваць грошы не з выбарчага фонду. Я папрасіў патлумачыць, якая ж тады была крыніца фінансавання ў Аляксандра Рыгоравіча. У выпадку парушэння закона, я прасіў прыняць неабходныя меры — аж да адмены яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, — распавёў аўтар звароту.
Генеральная пракуратура ў адказ паведаміла магілёўцу, што не будзе разглядаць яго зварот.
«Не прыводзіцца канкрэтных фактаў парушэння заканадаўства, а довады, якія прыводзяцца, носяць характар здагадак і нічым аб’ектыўным не пацверджаныя», — коратка адрэагавала супрацоўніца Генпракуратуры Марына Папова.
Варта адзначыць, што ўжо пасля рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты ў Лукашэнкі з’явіўся выбарчы фонд. На 22 ліпеня ў яго грошай больш, чым ва ўсіх іншых разам узятых кандыдатаў — амаль 238 тысяч рублёў. У бліжэйшай па гэтым паказчыку суперніцы — Святланы Ціханоўскай — амаль 52 тысячы.