Як паражэнне ва Украіне адбіваецца на выніках выбараў у Расіі

Памятаеце спрадвечнае пытанне беларускай апазіцыі: «Байкатаваць выбары ці ўдзельнічаць у іх?» Аказваецца, такія развагі — не выключна беларуская дылема. Палітолаг і былы спічрайтэр Пуціна Абас Галямаў у тэлеграм-канале «Можам патлумачыць» выказваецца наконт байкоту і працэсу выбараў ва ўмовах вайны.

31beb2dbcd4f79c682429.png


Чаму бескарысны байкот выбараў

Самае галоўнае ў палітыцы — гэта здольнасць да калектыўнага дзеяння. Узяты ў чыстым выглядзе, байкот выбараў у гэтым сэнсе — рэч абсалютна контрпрадуктыўная. Не маючы іншых механізмаў рэалізацыі сваёй палітычнай волі і адмовіўшыся ад удзелу ў выбарах, прыхільнікі апазіцыі папросту сябе дэмабілізуюць. Яны рэалізуюць блакітную мару любой аўтарытарнай улады — каб у палітыцы ўдзельнічалі толькі лаялісты, а незадаволеныя сядзелі па дамах. Калі гэта адбудзецца, то рэжым ніколі не скончыцца, ён будзе існаваць вечна.

Людзі, якія лічаць, што выбары трэба байкатаваць, павінны прапанаваць наўзамен нейкую іншую форму палітычнай актыўнасці.

Ленін — адзін з самых моцных апазіцыйных палітыкаў у гісторыі чалавецтва — пісаў, што байкот выбараў мае сэнс толькі ў сітуацыі рэвалюцыйнага ўздыму — калі натоўпы людзей пратэстуюць на вуліцах і страйкуюць на прадпрыемствах. Калі людзі гатовыя да прамога палітычнага дзеяння, тады, сапраўды, на выбары можна не хадзіць. А заклікаць да байкоту ў сітуацыі, калі рэвалюцыі няма і на вуліцу ніхто не выходзіць, — гэта тое ж самае, што пераконваць войска канчаткова спыніць супраціў, скласці зброю і здавацца ў палон.

«Па-за шырокага рэвалюцыйнага ўздыму, па-за масавага ўзбуджэння, якія пераліваюцца, так бы мовіць, праз краі старой легальнасці, не можа быць і гаворкі пра поспех байкоту, — пісаў Ленін у сваім артыкуле «Супраць байкоту». — Байкот <...> можа мець у Расіі ў дадзены час які-небудзь сэнс толькі як актыўны байкот. Гэта азначае не пасіўнае адхіленне ад удзелу ў выбарах, а ігнараванне выбараў дзеля задачы прамога націску».

Увогуле, калі не прапанаваць замест удзелу ў выбарах людзям іншай формы калектыўнага дзеяння, то ніякага сэнсу ў развагах аб нелегітымнасці рэжыму не будзе. Справа ж не ў легітымнасці-нелегітымнасці per se, а ў гатоўнасці нешта з нагоды гэтай нелегітымнасці рабіць.

А яшчэ прыхільнікі байкоту не разумеюць, што легітымізуе не любое арганізаванае ўладамі галасаванне, а толькі тое галасаванне, якое праходзіць чыста і без скандалаў. Калі ж галасаванне суправаджаецца скандаламі, то яно рэжым не легітымізуе, а, наадварот, дэлегітымізуе. Пацвярджэнне таму — мноства «аранжавых рэвалюцый», якія здарыліся менавіта з-за спробаў уладаў сфальсіфікаваць выбары. Так што людзі, якія прыйдуць і прагаласуюць супраць адміністрацыйных кандыдатаў, ніякім чынам справе легітымізацыі рэжыму спрыяць не будуць. Спрыяць легітымізацыі будуць тыя, хто застануцца дома.


Сусветная практыка

Дзесяць гадоў таму Брукінгскі інстытут апублікаваў вынікі даследавання, падчас якога быў прааналізаваны 171 выпадак выкарыстання апазіцыяй тактыкі байкоту, які меў месца ў перыяд 1990-2009 гадоў. Высновы для байкотчыкаў несуцяшальныя: у пераважнай большасці выпадкаў іх дзеянні не толькі аказаліся безвыніковымі, але і нанеслі сур'ёзны ўрон самой апазіцыі. Звычайна вынікам прымянення байкоту станавілася маргіналізацыя праціўнікаў рэжыму і ўмацаванне пазіцый урада. У некаторых выпадках спрацоўвалі толькі пагрозы байкоту, але не ён сам.

Тыповы прыклад — выбары 1992 года ў Ліване. Патрабуючы спынення сірыйскага ўмяшання ў палітычнае жыццё краіны, мясцовыя хрысціянскія партыі вырашылі байкатаваць выбары. У выніку прасірыйскія сілы толькі замацавалі сваё панаванне. Праіранская Хезбала ўпершыню была абраная ў парламент, канчаткова інстытуцыяналізаваўшы такім чынам свой палітычны ўплыў.

Вывучаючы ўсе гэтыя гісторыі, ты разумееш, што байкот мае сэнс толькі ў суправаджэнні магутнай кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання. Напрыклад, у 1996 годзе ў Бангладэш байкот ужываўся заадно з вулічнымі пратэстамі і ўсеагульнай забастоўкай, якая за два дні да выбараў практычна паралізавала краіну. Уладам тады прыйшлося пагадзіцца на перавыбары па новых правілах.

Падобныя гісторыі здарыліся ў 2000 годзе ў Перу, калі лідар апазіцыі адмовіўся ўдзельнічаць у другім раўндзе прэзідэнцкіх выбараў, заклікаўшы краіну выйсці на плошчы; і ў 2006-м у Тайландзе, калі байкот раптам абвешчаных кіраўніком урада датэрміновых выбараў суправаджаўся магутнымі вулічнымі пратэстамі і прывёў да адстаўкі кабінета.

Такіх станоўчых прыкладаў — 4 працэнты. Паўтаруся, ва ўсіх гэтых выпадках байкот прымяняўся ў камбінацыі з іншымі метадамі палітычнай барацьбы. У 96 працэнтах выпадкаў байкот выбараў з боку апазіцыі толькі спрыяў умацаванню пазіцый рэжыму.

639a8970013f1ea287881.jpg



Разгром на франтах — і «фі» на выбарах

Разгром пуцінскай арміі ва Украіне (сёння працягваюць паступаць паведамленні аб новых вызваленых гарадах у Харкаўскай вобласці) дашчэнту аслабіў легітымнасць рэжыму з пункту гледжання яго функцыянальнасці. Аказалася, што той не толькі з эканамічнымі праблемамі справіцца не можа, але і з ваеннага пункту гледжання нікуды не прыдатны.

Калі за кошт сваёй высокай яўкі і скандалаў, паднятых з нагоды фальсіфікацыі вынікаў галасавання, апазіцыя паставіць цяпер у парадак пытанне легітымнасці рэжыму яшчэ і з пункту гледжання працэдуры, то тут, што называецца, «усе зоркі сыдуцца».

Пасля такіх рэчаў рэжымы, уласна, і бурацца.

Калі нельга выйграць выбары, то можна хаця б дэмаралізаваць сябраў выбарчых камісій. У сваёй большасці — гэта ж вельмі слабанервовая публіка, тут дастаткова на Памфілаву паглядзець.

Насамрэч атмасфера пратэсту дарагога каштуе. Калі яна згушчаецца, то большасць шараговых супрацоўнікаў апарата сістэмы пачынае паволі адпаўзаць у бок.

Праз паўтара года ў краіне прэзідэнцкія выбары, і гэтую публіку час ужо пачаць прывучаць да думкі пра тое, што рэальныя настроі ў краіне радыкальна адрозніваюцца ад тых, што паслужліва малююць Крамлю каляўладныя сацыёлагі...