Казакевіч: Войскі NATO дапамогуць Украіне, калі пад пагрозай будзе непасрэдна бяспека самой Еўропы

Ці існуе магчымасць увядзення войскаў NATO ва Украіну? Палітолаг, дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч лічыць, што пакуль усё яшчэ асноўным стрымліваючым фактарам гэтага з'яўляецца магчымасць прымянення ядзернай зброі.

Ваенны парад 

Ваенны парад 

— Напраўду, такая магчымасць абмяркоўвалася адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе, — адзначыў Андрэй Казакевіч, каментуючы «Салідарнасці» дыскусію, якая разгараецца на Захадзе з нагоды наўпроставага ўдзелу войскаў NATO ў вайсковых дзеяннях ва Украіне. — Дыскусія вялася на экспертным узроўні, упэўнены, што і палітыкі пралічвалі розныя варыянты.

Думаю, што пазначаліся «чырвоныя лініі», пры якіх гэта стала б магчымым.

Аднак, як усім вядома, большасць чальцоў альянсу выступалі супраць прамога сутыкнення. Перш за ўсё амерыканцы, якія задавалі тон у гэтай дыскусіі.

Гэта значыць яе вектар заўсёды быў накіраваны ў бок, што лепш пазбягаць усяго, што можа прывесці да далейшай эскалацыі.

— Ці ёсць падставы меркаваць, што цяпер гэты вектар можа змяніцца?

— У выпадку сур'ёзнай эскалацыі канфлікту. Магчыма, нейкага калапсу ва ўкраінскім войску, рэзкага павелічэння захопленай тэрыторыі або, можа, якога-небудзь гуманітарнага крызісу.

У такім выпадку гэта можа быць нават увядзенне міратворчых сіл.

Але ўсё роўна пакуль не бачу відавочных прыкмет таго, што такая думка ўзмацнілася на палітычным узроўні. Тэму можа абмяркоўваць як нейкі крайні варыянт.

Заявы Макрона і іншых асобных палітыкаў пакуль выглядаюць як іх асабістыя меркаванні і не тычацца пазіцыі ўсяго альянсу.

Глядзіце таксама

— А што магло падштурхнуць Макрона і іншых да падобных заяваў?

— Падтэкст сказанага можа быць розным: прадэманстраваць гатоўнасць падтрымліваць Украіну, пасыл Расіі, асабліва ў кантэксце дыскусіі апошніх месяцаў аб тым, што пасля таго, як яна разбярэцца з Украінай, пойдзе далей на Еўропу.

На мой погляд, рэальныя намеры — самы малаверагодны матыў. Тым больш на фоне таго, што Еўропа пакуль не можа нават завяршыць пастаўкі абяцанай зброі.

Але, паўтару, калі Украіна сутыкнецца з сур'ёзным ваенным паражэннем або гуманітарнай катастрофай, гэтага ўсё ж такі нельга выключаць.

Зразумела, што ўжо адбылося шмат занадта сур'ёзнага, чаго не павінна было здарыцца. Пакуль усё яшчэ асноўным стрымліваючым фактарам з'яўляецца магчымасць прымянення ядзернай зброі.

Што можа змяніць гэтыя абмежаванні? Верагодна, тое, што паставіць пад пагрозу непасрэдна бяспеку самой Еўропы.