«Лукашэнка можа стаць першай ахвярай расейска-ўкраінскай вайны»

Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда ў інтэрв'ю журналісту «Св*боды» Віталю Цыганкову аналізуе палітычныя наступствы апошніх посьпехаў украінскай арміі, ацэньвае магчымасьць уваходу ў вайну беларускіх войскаў і заяўляе, што функцыя Лукашэнкі на сёньня — рыхтавацца да здачы ўлады.

009d0000_0aff_0242_5e86_08da94b315d0_w1023_r1_s.jpg

— Ці можна апошнія посьпехі Ўкраіны на франтах назваць тым самым карэнным пераломам у вайне, які многія так доўга чакалі?

— Ва Ўкраіне ўсё ж пакуль не гавораць пра карэнны пералом, гавораць пра эфэктыўны контранаступ. І такая абачлівасьць апраўданая, бо мы разумеем, што праціўнік небясьпечны, і таму адпаведна да яго трэба ставіцца — без настрояў, што мы іх «шапкамі закідаем». Гэта прэрагатыва расейцаў — думаць, што яны ўсіх «шапкамі закідаюць». А мы іх проста пераможам.

— Калі казаць пра палітычны, маральны і псыхалягічныя аспэкты, ці ўлічвае іх Кіеў у сваіх ваенных разьліках? Як расейскае грамадзтва рэагуе на апошнія паразы?

— Там ідзе працэс дэміталягізацыі расейскай арміі. Можа, нехта ў Расеі яшчэ тыдзень таму думаў, што яна «непобедимая и легендарная, в боях познавшая радость побед». Але цяпер бачыць, што гэта армія, няздольная процістаяць ціску Ўкраіны. Мы яшчэ ў Бучы пабачылі, што гэта за армія. А цяпер мы ўбачылі, што яна нават у адноснай набліжанасьці да ўласных расейскіх межаў ні на што толкам ня здольная.

Мы назіраем, як яны могуць толькі закідваць тысячы ракет і снарадаў, руйнуючы інфраструктуру мірных гарадоў. Але як толькі ім нанесьлі ўдары, выявілася, на што яны сапраўды здольныя. Расейцы выявіліся слабымі, і ня трэба баяцца пра гэта гаварыць.

— Калі паспрабаваць усё ж ацаніць узьдзеяньне паразаў Расеі на фронце на сытуацыю ўнутры Расеі — ці можна сказаць, што нешта пачынае адбываецца?

— Пачынаецца бурленьне сярод ура-патрыётаў, якія чакалі вялікіх перамог і разьлічвалі, што лёгка паставяць Украіну на калені. А калі гэта аказалася абсалютна немагчымым, то зьявілася сур’ёзная праблема. Таму пачаліся ўдары па ўкраінскіх абʼектах першаснай інфраструктуры, напрыклад па электрастанцыях, якія забясьпечваюць гарады сьвятлом. Гэта ня мае ніякіх ваенных мэтаў, гэта проста помста за паразы.

Ва Ўкраіне чакалі, што Расея будзе біць па абʼектах першаснай інфраструктуры. Але думалі, што гэта адбудзецца пазьней, калі пачнецца абагравальны сэзон. У Пуціна справы кепскія, і ён спрабуе падаць сваім грамадзянам сыгнал пра ўяўную веліч Расеі.

— Некаторыя вайсковыя экспэрты гаварылі, што ўкраінцы дэзарыентавалі расейцаў сваёй актыўнасьцю на херсонскім накірунку, а самі нанесьлі асноўны ўдар у Харкаўскай вобласьці. Калі ацэньваць публічныя заявы ўкраінскага кіраўніцтва, ці можна сказаць, што вызваленьне Херсонскай вобласьці па-ранейшаму зьяўляецца найхутчэйшай стратэгічнай задачай?

— Асноўная заява ўкраінскага ваеннага і палітычнага кіраўніцтва палягае ў тым, што перамовы з Расеяй магчымыя толькі пасьля поўнага вызваленьня ўсіх часова акупаваных тэрыторыяў Украіны. Любыя іншыя варыянты на сёньняшні момант проста не разглядаюцца. Ніхто не ўспрыме перамовы з Расеяй зараз.

— Якая цяпер сытуацыя з вайсковай дапамогай Украіне з боку Захаду? Ці няма нейкай стомленасьці ад вайны, або сярод палітыкаў гэта не заўважана?

— Асноўным арсэналам зброі зьяўляюцца ЗША. Іншыя краіны проста ня маюць рэальнай магчымасьці пастаўляць такую вялікую колькасьць зброі; іхная дапамога важная, але не ў такім абʼёмах. А ў ЗША ў кастрычніку пачнецца новы фінансавы год і запрацуе прыняты закон аб лэнд-лізе. І таму, я думаю, пабачым багата чаго.

— На фоне посьпехаў Украіны можна па-новаму паглядзець на сытуацыю вакол Беларусі. З аднаго боку, адны аналітыкі чакаюць, што Лукашэнка можа зноў узгадаць «шматвэктарнасьць», іншыя, наадварот, лічаць, што павялічваецца магчымасьць удзелу беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны. Маўляў, на фоне сваіх паразаў Масква можа прымусіць Лукашэнку на гэта. Што вам падаецца больш імаверным?

— Пасьля сотняў ракет, запушчаных з тэрыторыі Беларусі, пасьля таго, як расейскія войскі зайшлі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі і нарабілі тое, што яны нарабілі ў Бучы, Лукашэнку ніхто ня верыць. У Беларусі няма такой падтрымкі вайны, якую хацела б бачыць Расея.

Лукашэнка можа аддаць які заўгодна загад, але гэта ня будзе мець сурʼёзных наступстваў. Ягоная функцыя на сёньня — гэта рыхтавацца да здачы ўлады такім спосабам, каб ня зьнішчыць беларускую дзяржаўнасьць. Я ўжо не гавару ў катэгорыі «незалежнасьць».

Бо адносіны Лукашэнкі з Крамлём прывялі да таго, што з кожнай гадзінай у яго становіцца карацейшым павадок, на якім яго трымаюць. І ён, я думаю, добра разумее, што калі беларускія войскі ўвойдуць ва Ўкраіну, то ўкраінцы, дзеючы паводле прынцыпу «ў гатунках агрэсару не разьбіраемся», будуць дзейнічаць адпаведна.

— У выпадку разьвіцьця падзеяў, якое можна будзе назваць паразай Расеі ў гэтай вайне, так ці іначай застанецца нявырашаным беларускае пытаньне. Калі зь беларускай тэрыторыі ляцелі і ляцяць ракеты на Ўкраіну, чаму ня могуць паляцець ракеты ў адказ?

— Я думаю, украінскае кіраўніцтва імкнецца (камусьці гэта можа падацца ірацыянальным) зьберагчы адносіны зь беларускім народам, бо адносінаў зь беларускім кіраўніцтвам зараз няма. Кіеў, нягледзячы на сустрэчы Арастовіча зь Ціханоўскай, пакуль не рашаецца прызнаваць пераходны кабінэт Ціханоўскай. Я думаю, што ў Кіеве няма дакладнай пазыцыі наконт таго, што можа даць гэтае прызнаньне.

Я не выключаю, што Кіеў думае пра тое, што закончыцца вайна і мы з Лукашэнкам вернемся да business-as-usual, звычайным, як раней, адносінам. Гэта ня будзе правільным крокам.

Я хутчэй дапускаю, што Лукашэнка стане першай ахвярай расейска-ўкраінскай вайны. То бок ён стане тым абʼектам, які Пуцін выставіць перад сабой. Памятаеце, як ён казаў: «Пускай они попробуют стрелять в женщин и детей, за которыми мы будем стоять сзади». Так і тут. Мы скінем Лукашэнку і скажам, што гэта ён арганізаваў вайну Расеі з Украінай.

— Калі Крэмль будзе прымушаць Лукашэнку ўвесьці беларускія войскі, ці мае той яшчэ магчымасьць неяк адбіцца?

— У Лукашэнкі пакуль не забралі права гаварыць пра ўраджайнасьць і ягонага сабачку. Усё іншае ўжо ў кампэтэнцыі Расеі. Але расейцы разумеюць, што беларускія вайскоўцы ведаюць, што адбываецца ва Ўкраіне, і, адпаведна, ведаюць, што ім няма чаго лавіць ва Ўкраіне. Зацягнуць іх туды будзе вельмі складана. Беларускія вайскоўцы разумеюць, якія катастрафічныя наступствы будуць для іх, калі яны паспрабуюць увайсьці на тэрыторыю Ўкраіны.