Магда: Ад лагера «Вагнера» да рэзідэнцыі Лукашэнкі — менш за 100 кіламетраў, а дарогі ў Беларусі добрыя
Запрашэннем «вагнераўцаў» Лукашэнка паставіў у ідыёцкае становішча беларускіх вайскоўцаў, беларускіх сілавікоў, таму што ім паказваюць: яны ўвогуле нічога не ўмеюць.
Перакідванне кампаніі «Вагнер» у Беларусь – гэта тактычны ход, накіраваны, сярод іншага, на пашырэнне геаграфіі ваеннага канфлікту. На тое, каб Беларусь фактычна ўцягвалася ў расійска-ўкраінскую вайну. Хай сёння апасродкавана, хай не наўпрост, але ўсё роўна яна становіцца пунктам напружанасці, крыніцай пагрозы для сваіх суседзяў.
Спачатку Лукашэнка «выратаваў» Расію ад бунту ПВК «Вагнер», а затым запрасіў наймітаў у Беларусь – перачакаць ліхія часы. А заадно каб выкарыстаць іх па прызначэнні — то тэрабарону патрэніраваць, то ўнутраныя войскі.
Затым Лукашэнка распавёў Пуціну пра нібыта планы наймітаў «схадзіць на экскурсію» ў Варшаву і Жэшуў, але ён тыя намеры спыніў:
«Можа, і не трэба было гаварыць. Але скажу, што нас пачалі «напружваць» «вагнераўцы». Просяцца на Захад: “Дазвольце нам!” Я кажу: “Вам навошта на Захад туды?” “Ну, сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў”. Ну і ў ціхую ... Мы ж кантралюем, што адбываецца».
Першапачатковая версія пра «высылку» ПВК «Вагнер» рассыпаецца як картачны домік. Але калі найміты не ў высылцы, то навошта яны атабарыліся ў Беларусі?
Пра гэта «СНплюс» пагаварылі з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам.
— Перамяшчэнне ПВК «Вагнер» у Беларусь прынята трактаваць як помсту, як своеасаблівую высылку наймітаў за мяцеж супраць Пуціна. Але на саміце «Расія-Афрыка» ў Санкт-Пецярбургу верхавод ПВК Яўген Прыгожын «засвяціўся» ў кампаніі афрыканскіх лідараў – гэта зусім не падобна на няміласць. А ў вайсковым перавароце ў Нігеры многія відавочна ўбачылі расійскі, або «вагнераўскі», след. Можа, на мэты перамяшчэння «Вагнера» ў Беларусь варта паглядзець з іншага ракурсу?
– Як паказвае практыка і развіццё падзей, Беларусь фактычна ўцягваецца ў расійска-ўкраінскую вайну. Хай сёння апасродкавана, хай не наўпрост, але ўсё роўна яна становіцца пунктам напружанасці, крыніцай пагрозы для сваіх суседзяў. Я думаю, у гэтым кантэксце «вагнераўцы»адыгрываюць сваю ролю вельмі добра: яны скандальныя, за імі крывавы след – таму становяцца істотным раздражняльнікам для грамадскай думкі як у Беларусі, так і на суседніх з ёй тэрыторыях. У гэтай сітуацыі выйгрыш атрымлівае Пуцін, а Лукашэнка — пройгрыш і праблемы.
— Кажуць таксама, што перамяшчэнне наймітаў выкарыстоўвалі як дымавую заслону для перамяшчэння тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыю 465-й ракетнай брыгады ў Асіповічах. Але навошта ствараць дымавую заслону, калі для Лукашэнкі ядзерная зброя – падстава для асаблівага гонару?
— Я хацеў бы нагадаць, што падчас саміту NATO генеральны сакратар Альянсу Енс Столтэнберг падкрэсліў, што ні «вагнераўцаў», ні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі няма. Але цяпер мы бачым, што некалькі тысяч «вагнераўцаў» там з'явіліся. І ўсё часцей гучаць здагадкі заходніх разведак, што тактычная ядзерная зброя там таксама ёсць.
На самай справе, гэта такая змяшаная гульня: «вагнераўцы» прыцягваюць увагу сваім іміджам і сваімі некарэктнымі паводзінамі. Плюс іх правадыр і гаспадар Прыгожын — чалавек, які прыцягвае ўвагу негатыўнай харызмай.
А тактычная ядзерная зброя як фактар таксама будзе выкарыстоўвацца ў рэгіёне, каб нагнаць як мага больш страху, у першую чаргу на Польшчу і Літву. Польшча, мяркуючы па заявах Пуціна, цяпер наогул знаходзіцца ў прыярытэце, таму што яе хочуць ператварыць у палігон для выкарыстання расійскай прапаганды і агітацыі, каб з яе Расія магла зрабіць казла адпушчэння і паказаць, што нібыта Польшча таксама мае агрэсіўныя планы ў дачыненні да Украіны. Але гэта хлусня, і хлусня досыць вядомая.
Я думаю, Лукашэнка толькі ў сваіх марах можа кантраляваць ядзерную зброю, і сітуацыя вакол «вагнераўцаў» гэта толькі пацвярджае.
— Каля сотні «вагнераўцаў» рушылі ў напрамку Сувалкаўскага калідора. І Польшча, і Літва, папярэджваючы магчымыя правакацыі з боку наймітаў, практычна сінхронна абвясцілі, што любая правакацыя можа стаць падставай для поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю. Ці патрэбны Лукашэнку закрытыя межы?
— Сотня «вагнераўцаў» ні ў якай меры не можа развязаць пытанне з Сувалкаўскім калідорам – гэта абсалютна зразумела, бо тэма гучыць яшчэ з 2017 года, з часу вучэнняў «Захад-2017». За гэты час натаўцы ўжо распрацавалі цэлы комплекс дзеянняў і процідзеянняў падобнай актыўнасці з боку Расіі. І я ўпэўнены, што такім чынам Расія імкнецца замазаць Беларусь з тым, каб у выпадку якога-небудзь памежнага інцыдэнту з Польшчай ці Літвой нельга было адназначна сказаць, хто браў удзел з боку апанентаў натаўцаў: альбо гэта беларусы, альбо расійцы. Гэта класічны туман гібрыднай вайны — Расія вельмі добра навучылася наводзіць яго ў сваіх інтарэсах.
— Лукашэнка выкарыстоўвае прысутнасць «Вагнера» як інструмент ціску на Захад, ва ўсякім выпадку, менавіта так ён заяўляе. Але для каго «Вагнер» уяўляе вялікую пагрозу: для Беларусі ці для Захаду? Найміты сталі набыццём або таксічным актывам для Лукашэнкі?
— Заявы Лукашэнкі з нагоды «Вагнера» — такі набор дзіцячых комплексаў: да нас прыехаў старэйшы хлопчык-хуліган, мы яго паселім у самым добрым пакоі, і ён сябе будзе паводзіць добра, не дасць дрэнным хлапчукам з суседняга двара мяне крыўдзіць. Але я бачу, як тым самым паставілі ў ідыёцкае становішча беларускіх вайскоўцаў, беларускіх сілавікоў, таму што ім паказваюць: яны ўвогуле нічога не ўмеюць. І без «вагнераўцаў» беларуская абараназдольнасць будзе далёка не тая.
Чаму мы вырашылі, што менавіта Лукашэнка кантралюе «вагнераўцаў»? А калі ён іх кантралюе, то за якія грошы? Калі за грошы з беларускага бюджэту, то ці гатовы беларусы да таго, што яны стануць не проста бяднейшымі? Ці за тое, што вымушаны трываць, яны будуць яшчэ расплачвацца і злачынствамі «вагнераўцаў» на тэрыторыі Беларусі? Ці рабіць усё, каб Беларусь была нерукапаціскальнай у еўрапейскім фармаце?
І нагадаю, што ад лагера «вагнераўцаў» да рэзідэнцыі Лукашэнкі — менш за 100 кіламетраў, а дарогі ў Беларусі, кажуць, добрыя.
Паводле www.sn-plus.com