«Нагрэлі рукі» на вайне. Хто адказны за перамяшчэнне ў Беларусь расійскіх войскаў?

У расследаванні чыгуначнікаў названы кампаніі і імёны, якія курыравалі перавозкі салдат і зброі ў Беларусь на пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» раскрыла некаторых непасрэдных удзельнікаў арганізацыі чыгуначных перавозак Узброеных сіл Расіі ў Беларусь у перыяд уварвання ва Украіну ў 2022 годзе. З матэрыялаў расследавання вынікае, што на вайне «нагрэлі рукі» «Беларуская чыгунка» і яе лагістычныя падраздзяленні.

У перыяд, калі пад прыкрыццём вучэнняў з 17 студзеня да 11 красавіка 2022 года вайсковымі эшалонамі завозіліся ў Беларусь расійскія войскі для наступнага ўварвання ва Украіну, БЧ стала галоўным транспартным каналам паставак «смерці» для Украіны, даставіўшы на свае розныя станцыі Узброеныя сілы Расіі ў 11 889 вагонах з вайсковымі грузамі агульнай вагой 229 843 421 кг, уключаючы 730 вагонаў з асабістым саставам, пішуць чыгуначнікі.

У ліку асабістага саставу (кантынгенту) расійскіх войскаў дастаўленыя падраздзяленні:

  • Усходняй ваеннай акругі (УВА): 5-я агульнавайсковая армія, 29-я агульнавайсковая армія, 35-я агульнавайсковая армія, 36-я агульнавайсковая армія;
  • Цэнтральнай ваеннай акругі (ЦВА): 2-я гвардзейская танкавая армія, 41-я агульнавайсковая армія;
  • Заходняй ваеннай акругі (ЗВА): 1-я гвардзейская танкавая армія, 6-я агульнавайсковая армія, 20-я гвардзейская агульнавайсковая армія;
  • Паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ): 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія, 98-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія, 106-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія, 31-я гвардзейская асобная дэсантна-штурмавая брыгада;
  • Спецыяльных падраздзяленняў ГУ ГШ УС РФ (Галоўнае ўпраўленне Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі) і спецыяльных сіл Расгвардыі.


Мапа ўвозу ў Беларусь расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі ў перыяд з 17.01 па 11.04.2022

Мапа ўвозу ў Беларусь расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі ў перыяд з 17.01 па 11.04.2022

Завозілі ўсё на 27 станцый БЧ, з якіх самыя масавыя паступленні грузаў прыйшліся на наступныя станцыі:

  • «Хойнікі» — 1 483 вагоны з 21,2 тыс. тон;
  • «Асіповічы-I» — 1 362 вагоны з 22,8 тыс. тон;
  • «Ельск» — 1 320 вагонаў з 21,1 тыс. тон;
  • «Брэст-Усходні» — 1 061 вагон з 15,9 тыс. тон;
  • «Рэчыца» — 1 003 вагоны з 17,9 тыс. тон;
  • «Навабеліцкая» — 780 вагонаў з 10,3 тыс. тон;
  • «Пухавічы» — 596 вагонаў з 8,9 тыс. тон;
  • «Лунінец» — 539 вагонаў з 8,2 тыс. тон;
  • «Добруш» — 514 вагонаў з 10,6 тыс. тон.

Асноўныя грузы:

  • вайсковая тэхніка — 8 002 вагоны з 124,7 тыс. тон;
  • боепрыпасы — 1 300 вагонаў з 35,1 тыс. тон;
  • паліва — 946 вагонаў з 56,9 тыс. тон, уключаючы 693 вагоны з 41,5 тыс. тон паліва авіяцыйнага.


Глядзіце таксама

Атрымальнікамі вайсковых грузаў на тэрыторыі Беларусі з'яўляліся:

  • Упраўленне вайсковых паведамленняў (ВЗПА) Міністэрства абароны Беларусі (МА РБ) праз вайсковыя часткі — вагоны з вайсковай тэхнікай і асабістым саставам;
  • 474-ты асобны радыётэхнічны вузел ранняга папярэджання (вайсковая частка 03522 Міністэрства абароны Расіі (МА РФ) на тэрыторыі Беларусі) — вагоны з таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі (уключаючы складаную электроніку) і выбуховымі матэрыяламі (боепрыпасы).

Акрамя таго, у красавіку 2022 года для вываду расійскіх войскаў з Беларусі дадаткова прыбываў з Расі 4 101 парожні вагон, уключаючы 250 пасажырскіх. Гэтыя вагоны накіроўваліся прызначэннем на станцыю «Гомель» (на адрас начальніка станцыі). Вагоны былі ў дрэнным тэхнічным стане і патрабавалі адпаведнага рамонту.

Калі БЧ прымала ўдзел у агрэсіі ў асноўным як тэхнічны сродак дастаўкі, то былі і камерцыйныя арганізацыі і іх кіраўнікі, якія персанальна арганізавалі дастаўку гэтай «смерці».

Расследаванне пачынаецца з непасрэднага выканаўцы і арганізатара лагістыкі вайсковых перавозак у Беларусі. Гэта рэспубліканскае транспартна–экспедыцыйнае ўнітарнае прадпрыемства «Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр» Беларускай чыгункі (БТЛЦ) і яго генеральны дырэктар Андрэй Сладкевіч.


Глядзіце таксама

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» шматкроць публікавала матэрыялы пра тое, што гэта за арганізацыя, як ажыццяўляе сваю дзейнасць і «дасягае поспеху» дзякуючы нядобрасумленнаму дамінаванню на рынку лагістыкі за кошт адміністрацыйнага рэсурсу БЧ, бесцырымонна парушаючы ўстаноўленыя правілы і законы. А таксама пра яе ўдзел у вайсковых перавозках, уключаючы кампаненты расійскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯО), і многім іншым.

І менавіта БТЛЦ з яго расійскім даччыным ТАА «Белінтэртранс-Масква» («БТЛЦ-Масква») і яго дырэктарам Юрыем Кабаковым з'яўляюцца аднымі з асноўных беларускіх камерцыйных арганізацый, памагатых і арганізатараў увозу і вывазу ў Беларусь і з яе вайсковых грузаў Расіі.

Зрэшты, БТЛЦ актыўна зарабляла не толькі на лагістыцы з расійскімі вагонамі, але і на прадастаўленні сваіх вагонаў для ўнутранай перадыслакацыі расійскіх войскаў у Беларусі пасля сумесных вайсковых вучэнняў, а таксама на абсталяванні і падрыхтоўцы вагонаў да пагрузкі расійскіх войскаў, распрацаваўшы неабходныя нормы і выконваючы гэтую працу сіламі сваіх тэрміналаў ТЛЦ «Мінск» (Калядзічы і Сцяпянка).

Толькі дзякуючы ўдзелу ў расійскай агрэсіі ў 2022 годзе «БТЛЦ-Масква» ўдалося атрымаць прыбытак у 162 тыс. долараў ЗША.