Пакуль застаецца надзея на штык — надзея на кампраміс нікім не запатрабаваная

Усведамленне таго, наколькі мае ці не мае рацыю Маск, прыйдзе толькі разам з паразай аднаго з бакоў. З нагоды мірнай ініцыятывы Ілана Маска разважае расійскі палітолаг і юрыст, доктар навук Уладзімір Пастухоў у сваім тэлеграм-канале.

Ілюстрацыйнае фота pikabu.ru

Ілюстрацыйнае фота pikabu.ru

Лёс усіх выключна тэарэтычных мірных праектаў вырашыць эмпірычны штык. Ад таго і толькі ад таго, як будзе складацца сітуацыя на фронце, залежыць тое, якому сцэнару наканавана стаць базавым, а якія назаўжды застануцца чарнавікамі гісторыі. Просты салдат, які выстаіць ці не выстаіць, знойдзе або страціць, — толькі ён адзін вырашыць зыход гэтай вайны. І пакуль шалі ваеннай фартуны не хіснуліся адназначна ў той ці іншы бок, можна рабіць любыя здагадкі, але ўсе яны будуць вельмі ўмоўныя.

Сотні тысяч мабілізаваных ламаюць лінію фронту і прарываюцца да Адэсы і Дняпра — адна сітуацыя. Гэтыя ж самыя мабілізаваныя дазваляюць толькі стабілізаваць лінію фронту плюс-мінус на тых рубяжах, дзе яна праходзіць цяпер, — зусім іншая сітуацыя. Мабілізаваныя нічога толкам не дадаюць у існую карціну вайны, і УСУ працягваюць сваё контрнаступленне — трэцяя сітуацыя.


План Маска дрэнны тым, што ён ігнаруе гэтую простую, як рог дома, ісціну. Маск вывеў формулу сярэднеарыфметычнай справядлівасці — «і вашым, і нашым», — і прапанаваў скараціць кошты.

Вельмі па-бізнесоваму і нават, магчыма, правільна. Але толькі пакуль абодва бакі спадзяюцца атрымаць звышпрыбытак ад гэтай вайны, гэты план ні для каго не стане пераканаўчым. Усведамленне таго, наколькі мае ці не мае рацыі Маск, прыйдзе толькі разам з паразай адной з бакоў. Пакуль застаецца надзея на штык — надзея на кампраміс застаецца незапатрабаванай.

Па сутнасці, Ілан Маск не сказаў нічога новага. Ён рэанімаваў формулу кампрамісу ўзору 2014 года, адаптаваную пад сітуацыю сённяшняга дня. Калі б Украіна была гатовая на такі кампраміс, то гэтай вайны б не было. Была б іншая, у іншым месцы, але дакладна не гэтая. І дакладна яна не карысталася б такой падтрымкай насельніцтва Расіі, якую Пуцін, як дасведчаны рыбак, падсек Крымам і прадаўжае трымаць на кручку восем гадоў.

Ёсць толькі дзве ўмовы, пры якіх Украіна пагадзілася б абмяркоўваць гэтую формулу: або яна становіцца ўмовай далейшага прадастаўлення дапамогі з боку ЗША, або, нягледзячы на гэтую дапамогу, Украіна зазнае ваенную паразу.

Ніякая патэнцыйная пагроза з будучыні, у тым ліку пагроза прымянення ядзернай зброі, не будзе пераканаўчым аргументам — украінцы вераць, што і ў гэтым выпадку яны змогуць перамагчы.

Пераклад НЧ