Пуціну трэба. Чаму беларуская армія будзе ваяваць ва Украіне

Вайна ва Украіне трывае ўжо чатыры з паловай месяцы, і дагэтуль рубам стаіць пытанне: ці пойдуць беларускія вайскоўцы ваяваць за інтарэсы Крамля? Большасць аналітыкаў ставіцца да такой перспектывы скептычна, але, выглядае, што яны проста наступаюць на старыя граблі.

4_18_1.jpg


Насамрэч верагоднасць удзелу ў вайне арміі Беларусі вельмі вялікая. І яна працягвае павялічвацца.

Усё як перад 24 лютага

Эксперты наступаюць на граблі, бо іх сённяшняя рыторыка надта нагадвае тую, якая дамінавала ў інфармацыйнай прасторы да 24 лютага. Не будзе ніякага нападу з боку Расіі, казалі яны. Гэта нявыгадна Пуціну, а ён прагматык. Войскі пад украінскімі межамі — гэта блеф. Ультыматум Захаду — гэта понт. Усе ваенныя пагрозы — не болей чым геапалітычны гандаль з калектыўным Захадам.
Тыя ж самыя легкадумныя ацэнкі гучалі нават з афіцыйнага Кіева — і нават пасля таго, як амерыканская выведка паведаміла аб рэальнай падрыхтоўцы ўварвання расійцаў ва Украіну.
А потым прыйшоў судны дзень, і на ўкраінскія гарады паляцелі ракеты і бомбы.
Хіба зараз не тое ж самае? Бясконцыя вучэнні на беларуска-ўкраінскай мяжы. Расійскі кантынгент у Гомельскай вобласці, дзе нібыта ствараецца ваенная база РФ. Мітусня ў ваенкаматах. Калоны ваеннай тэхнікі на дарогах. «Іскандэры», якімі пагражае Лукашэнка.
Украінскі бок зноў кажа, што пагроза перабольшаная — і мае рацыю хіба ў тым, што патрэбнай для нападу колькасці войскаў на поўдні Беларусі пакуль няма. Але ў Кіеве разумеюць, што колькасць — справа часу. І ўжо мініруюць сваё паўночнае памежжа, навучаныя мінулым досведам.

Зараз зручны час

Гэтая жудасная вайна працягваецца ўжо дастаткова доўга, каб мець свае этапы. Першы быў напачатку — калі рускія (з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі) кінуліся ва Украіну з усіх бакоў, каб вырашыць справу «за тры дні».
Другі этап прыйшоў пасля правалу першага. Захлынуўшыся на поўначы і ўсходзе, орды агрэсара перагрупаваліся і сканцэнтравалі высілкі на Данбасе. Там, хай і марудна, і з вялікімі стратамі, расійская армія захапіла Севераданецк і Лісічанск і фактычна заняла ўсю Луганскую вобласць.
Цяпер, паводле агульнага меркавання, расійцы рыхтуюцца да наступнай фазы. Баі на паўднёвым усходзе Украіны ідуць, але істотна нічога не мяняюць. Пуцінскі генералітэт працуе над папаўненнем зброі і асабістага складу. Распачата перагрупоўка, абвешчаны часовы перадых, расійскія вайскоўцы спрабуюць прыстасавацца да новага, атрыманага на Захадзе, узбраення УСУ.
Гэта зацішша перад чарговай бурай, і ніхто гэтага не хавае. Не хавае Масква і сваіх мэтаў, якія нібыта засталіся ранейшыя. То-бок агрэсію сваю расійская армія зноў мусіць распаўсюдзіць па перыметры Украіны.
Рэсурсу для гэтага ў Крамля не тое што бракуе, але лішніх штыхоў тут не бывае. Тым больш, што новы этап вайны можа стаць вырашальным ва ўсёй пуцінскай авантуры.
Дык ці не самы час сказаць Лукашэнку: давай ужо і ты, хаўруснічак, уключайся ў нашу агульную «дэнацыфікацыю» і «дэмілітарызацыю». Пасядзеў у цянёчку, парасказваў казкі пра пагрозы з боку Польшчы, пра тое, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад, — цяпер варта на справе паказаць, што мы ў адным акопе.


Лукашэнка зробіць тое, што скажа Пуцін

Ці хочацца Лукашэнку напоўніцу ўступаць у вайну? Ці карціць падтрымаць Крэмль не толькі тэрыторыяй ды інфраструктурай, але людскімі жыццямі — у тым ліку жыццямі тых сілавікоў, якія ратавалі яго падчас пратэстаў у 2020-м? Ці падабаецца яму перспектыва рабіць тое, супраць чаго выступае 85 працэнтаў беларускага грамадства, у тым ліку частка наменклатуры і іншых прыхільнікаў рэжыму?
Вядома, не, не і яшчэ раз не. Але ці ёсць у яго выбар? Выглядае, што таксама не.
Шмат якія беларускія палітолагі сцвярджаюць, што Лукашэнка ў «брацкіх» абдымках Масквы дагэтуль мае прастору для манеўру. Кажуць пра нейкую сузалежнасць двух герантакратаў, пра згаворлівасць Пуціна, калі ён чуе з Мінску цвёрдае «не».
Магчыма, недзе яно і так, аднак толькі не ў прынцыповых пытаннях. Калі Пуціну нешта кроў з носу трэба ад Лукашэнкі, то нахіліць таго цяжкасцяў дакладна не складзе. Бо хіба цяжка нахіліць сатэліта, які цалкам знаходзіцца на тваім утрыманні?
Пуцін ратаваў (і выратаваў) беларускі рэжым у 2020-м, калі толькі падтрымка Крамля не дазволіла лукашэнкаўскай сістэме разбурыцца. Пуцін колькі год ужо фінансуе Беларусь, у розным выглядзе выдаткоўваючы мільярды на «выспачку стабільнасці ў цэнтры Еўропы». Пуцін падобны да спонсара, які раскідваецца грашыма за проста так? Не, ён хутчэй падобны да Астапа Бендэра, які некалі казаў: «Улічыце, Шура, за кожны скормлены вам вітамін я буду патрабаваць ад вас мноства дробных паслуг».
Ну, і вось скажа, напрыклад, Расія свайму заходняму прыдатку: у такі дзень такога месяца неабходна накіраваць ваш вайсковы кантынгент у Кіеўскую вобласць. І што на гэта адкажа прыдатак? Цудоўна разумеючы, што на любыя пярэчанні ў контрагента ёсць процьма механізмаў зрабіць балюча. Раптам падвысіць кошты на ўглевадароды. З болем у голасе паведаміць, што марскі порт у Пецярбургу праз неспадзяваны рамонт перапыняе транзіт беларускіх грузаў. Не даць чарговы новы крэдыт ды патрабаваць выплат па старому. Ды ці мала што — умоўнаму Пяскову дастаткова зрабіць пэўную заяву, каб безгустоўны Палац на мінскім праспекце Пераможцаў затрэсла як пад землятрусам.
Мы ведаем, чаго ў гэтым жыцці больш за ўсё баіцца Лукашэнка. Ён баіцца страціць уладу. Ключ ад гэтага куфэрка ад 2020 года знаходзіцца ў Крамлі. Ладзіць спецаперацыі па змене адной марыянеткі на другую — больш паслухмяную — у пуцінскай Расіі добра ўмеюць. То хіба ў такім становішчы, калі ты цалкам на кручку, бяспечна брыкацца і заварочваць запыты з цэнтра?
Не, канешне. У такім становішчы хіба не адзінае, што застаецца, гэта разняволіцца і атрымліваць асалоду. Ну, і казаць усім, што гэта не Расія так хоча — гэта мы разам, бо мы ж хаўруснікі.


Рыторыка паміж радкоў

Апошнім часам у сваіх выступах Лукашэнка кажа якраз тое, што добра кладзецца ў канву вышэй напісанага. Вядома, гэтую рыторыку трэба чытаць паміж радкоў, і тады шмат што можна зразумець.
Да прыкладу, 3 ліпеня падчас дзяжурных урачыстасцяў на Кургане Славы ён заявіў, што «ў нас з братняў Расіяй фактычна адзіная армія».
А гэта словы ад 7 ліпеня: «Суверэнітэт, незалежнасць — гэта святое. Але трэба разумець, што ў Расіі глабальныя інтарэсы. У іх таксама адпаведныя погляды на развіццё Беларусі». Сказаў і дадаў, атрымліваючы тую самую «асалоду»: «І гэта правільна».
Між тым у Кіеве сёння іншая рыторыка. Там кажуць, спасылаючыся на звесткі выведкі, што расійскія сілавыя структуры ўжо глыбока прабраліся ў Беларусь. Што і ваенную базу выбудоўваюць, і вучаць беларускіх вайскоўцаў абыходзіцца з прывезеным узбраеннем… І ў дадатак: што ў арміі РБ вядзецца тлумачальная праца наконт удзелу ў «спецаперацыі», і што ФСБ наўпрост вярбуе адстаўных беларускіх ваеннаслужбоўцаў у так званыя прыватныя вайсковыя кампаніі.
Зразумела, навошта гэта робіцца, хаця пакуль пазл няпоўны. Ён пачне складвацца тады, калі на поўдні Беларусі пачнуць назапашвацца войскі ў колькасці, сапраўды прыдатнай для нападу. І мы будзем ведаць, для чаго гэта робіцца, што б там ні казалі афіцыйныя прадстаўнікі рэжыму.