Кузняцоў: Расія працягне гнаць сваіх мужыкоў на забой і весці вайну да апошняга рускага?

Дарагім, як кажуць у народзе, было яечка да Вялікадня. Журналіст, аналітык і заснавальнік «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале разважае пра тое, што ў вайне намеціўся пералом. А Пуцін, калі кажа, што «мы яшчэ і не пачыналі», падобна, і пагражае, і блефуе адначасова.

_szkola___adukacyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg

Падзеі расійска-ўкраінскай вайны ў апошні тыдзень фарміравалі парадаксальную карціну.

З аднаго боку, РФ выйшла на межы Луганскай вобласці, нарэшце выканаўшы хаця б адну сваю агучаную задачу. Прапагандай і вайскоўцамі былі сказаныя ўсе неабходныя ваенныя рэляцыі, а профільныя спецыялісты ўжо адбудоўваюць патрэбную Крамлю паралельную інфармацыйную рэальнасць.

Але, у той жа самы час, стала вельмі заўважна, што ваенныя дзеянні знаходзяцца ў моманце генеральнага пералому — калі такі яшчэ не наступіў і мы не назіраем яго наўпрост у рэжыме анлайн.

Сваім адыходам з Севераданецка і Лісічанска ўкраінская армія мінімізавала страты на ўжо практычна знішчаных пазіцыях. Паралельна ва Украіну не толькі даехалі, але і пачалі працаваць на поўную моц РСЗА, якія пазбавілі расійскую армію адразу мноства патрэбных складоў боепрыпасаў. Зяленскі аддаў загад аб вызваленні Поўдня — гэта жэст шмат у чым сімвалічны, аднак ён мае ўсе шанцы стаць гістарычным. Захад абвяшчае пра ўсё новыя пастаўкі цяжкай зброі — і, трэба сказаць, што на фоне ўжо наяўных поспехаў «хімарсаў», гэтыя абяцанні выглядаюць як вельмі нядобрая перспектыва для расійскіх войскаў, што на працягу бліжэйшых месяцаў (калі не тыдняў) могуць папросту пазбавіцца тылу, пасля чаго стануць немагчымымі не толькі далейшыя наступальныя дзеянні, аднак нават і абарона ўжо заваяванага.

Пуцін, калі кажа, што «мы яшчэ і не пачыналі», падобна, і пагражае, і блефуе адначасова. Зразумець яго можна — трэба «трымаць твар».


Сёння гэтая задача для Крамля — ледзь не больш важная, чым поспехі на полі бою. Праблема, аднак, у тым, што і рэжым, і яго кіраўнік, які два дзясяткі гадоў пазіцыянаваўся як «круты», не можа прызнаць паразу. Таму з узяцця цалкам разбураных правінцыйных і першапачаткова прарасійскіх гарадоў з усіх сіл лепяць перамогу. Але рэальнай перамогі няма. Ужо ў першы дзень вайны я пісаў, што калі Украіна пратрымаецца тыдзень, то пераможа яна.

Цяпер мы бачым прыкладна наступную карціну. Армія РФ прайграла бітву за паветраную прастору, так і не здолеўшы здушыць СПА і дзейнічаючы са сваёй тэрыторыі. Прайграла бітву за Кіеў і вымушана была адступіць, насуперак першапачаткова пастаўленым мэтам. Страціла флагман флоту «Масква», дзясяткі адзінак марской тэхнікі і пакінула стратэгічна важны востраў Змяіны.

Сапраўды — коштам іх поўнага разбурэння — занятыя некалькі гарадоў. Аднак баланс сіл на сушы імкліва змяняецца па меры знясілення расійскіх войскаў, страты сучаснай тэхнікі і прыбыцця ва Украіну заходняй зброі.

Гэта значыць, поспехі — відавочна часовыя і лакальныя. Пры першапачаткова заяўленай і відавочнай задачы — знішчэнне ўкраінскай дзяржаўнасці, пасля 130 з лішнім дзён вайны поспехі — спальваецца на палях і заблакаванае ў партах збожжа, ды некалькі гарадоў, якія літаральна закідалі трупамі. І ўсе.

А перспектывы — усё горшыя і больш туманныя. Увесь свет назірае за тым, як у сучасных умовах ваюе Расія. І высновы ўсіх без выключэння экспертаў падобныя: ваюе па лякалах Другой сусветнай. Артылерыя і лабавыя атакі, не лічыцца са стратамі.

Перабудавацца на сучасны лад магчымасці ўжо не будзе — ужо ў ход ідзе тэхніка 50-х гадоў, а новую ўзяць няма дзе. Па факце гэта азначае толькі два магчымыя варыянты працягу. Альбо Расія працягвае гнаць сваіх мужыкоў на забой і вядзе такую вайну да апошняга рускага, выкарыстоўваючы мабілізацыйныя механізмы — ці то прыхаваны, ці то непрыхаваны, — і, па меры таго, як заканчваюцца запасы зброі, будзе пераходзіць у выніку на дубіны. Альбо яе проста выціскаюць з тэрыторыі Украіны.


І тое, і другое скончыцца цяжкім унутраным крызісам, а фіналам вайны — гэта ўжо робіцца ўсё ясней, — хутчэй стане страта дзяржаўнасці Расіяй, чым з Украінай. Падобна на тое, што ў Маскве гэта пачынаюць разумець. Таму мясцоваму люду скормліваюць «перамогу», каб супакоіліся, а на Захад дасылаюць сігналы аб гатоўнасці да перамоваў.

Толькі вось, здаецца, справы зайшлі занадта далёка. Саміт G-20 паказаў, што нікому ў свеце гэтыя перамовы сёння ўжо і не трэба, акрамя самой Расіі. Дарагое, як гавораць, яечка да Вялікадня. Было...