У Расіі сярод 140 млн насельніцтва заўсёды знойдзецца 100 тысяч, каб ваяваць

Колькі працягнецца вайна? Ваенны эксперт параўнаў рэсурсы Украіны і Расіі.

Т-34 каля Палацу афіцэраў у Мінску. Фота Hanna Zelenko

Т-34 каля Палацу афіцэраў у Мінску. Фота Hanna Zelenko

Расійскае камандаванне будзе здымаць з захоўвання старое савецкае ўзбраенне, каб працягваць ваяваць ва Украіне на загад кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна. Пра гэта заявіў ваенны эксперт Алег Жданаў у каментары ТСН.

"Яшчэ ў пачатку вайны я выказаў здагадку, што мы можам дачакацца таго моманту, калі расійскія войскі прыедуць на танках Т-34. І не таму, што яны хочуць пафасна нешта прадэманстраваць, а таму, што акрамя гэтых танкаў, у іх больш нічога не засталося", — адзначыў Жданаў.

Расія будзе здымаць з захоўвання старое савецкае ўзбраенне і будзе працягваць ваяваць.

"Сярод 140 мільёнаў насельніцтва заўсёды знойдзецца 100 тысяч чалавек — а гэта менш за 1%, — для таго, каб прыняць удзел у вайне", — сказаў ваенны эксперт.

Што да гатоўнасці Украіны ваяваць доўга, то, па словах Жданава, тут усё залежыць не ад украінскага боку: "Нашы ўласныя запасы ўжо скончыліся. Сёння мы ваюем на запасах Захаду — тых краін, што нас падтрымліваюць".

Жданаў адзначыў, што калі Захад не захоча прайграць у гэтай вайне і не атрымаць новага Гітлера ў вобразе Пуціна, то ён будзе дапамагаць Украіне столькі, колькі трэба, "для таго, каб мы выстаялі і перамаглі".

"Яны паставілі ў гэтай вайне на нас. Стаўку ўжо немагчыма змяніць, не прайграўшы самім", — лічыць эксперт.

Паводле УНІАН