Пётр Кузняцоў: Відаць, справы ў Расіі рэальна дрэнныя

Калі словы і мары моцна разыходзяцца з рэальнасцю. Пётр Кузняцоў на сваёй старонцы ў фэйсбуку разважае пра не самы дарэчны час, калі Пуцін узяўся "збіраць зямлі".

Кадр з шоу "Запаведнік", www.youtube.com

Кадр з шоу "Запаведнік", www.youtube.com

«Я, вядома, крыху спазняюся з рэакцыяй, — усяму віной зусім дурны графік і рытм, у якім апошнім часам даводзіцца жыць. Але і прайсці міма такіх падзей наогул — ну ніяк не атрымаецца.

Я, да сораму свайго, толькі сёння перачытаў і нават паглядзеў відэа з бенефісу Такаева на ПМЭФ — так, там, дзе ён публічна адмовіўся прызнаваць Л/ДНР і заявіў, што будзе прытрымлівацца санкцый, адчытаў крамлёўскіх прапагандыстаў ды, як паведамляюць, адмовіўся ад расійскага ордэна.

Такія паводзіны — выдатны індыкатар адразу некалькіх рэчаў.

Першае. Гэта — свайго роду гучная Дэкларацыя аб рэальнай незалежнасці Казахстана ад Расіі і яе інтэграцыйных праектаў. Маючы на сваёй тэрыторыі ну вельмі сур'ёзную рускамоўную меншасць, вялікую прысутнасць расійскага бізнесу, касмадром Байканур — казахскі прэзідэнт не баіцца рабіць падобныя заявы, фактычна ўступаючы з Крамлём "у контры". Ён літаральна не баіцца сабе такое дазволіць — таму, што адчувае сілу ў сабе і за сабой. І з кожным новым днём усё менш такой сілы адчувае ў Расіі.

Другое. Гэта вялікае прывітанне ўсім, хто любіць з задуменным выглядам разважаць пра тое, што Кітай — гэта патэнцыйны ці рэальны саюзнік РФ, што «братэрства дыктатур» аб'яднаецца і ўсё такое. Пекін даўно мае вялікія інтарэсы ў Казахстане і пастаянна нарошчвае там сваю прысутнасць. Кітайцы — народ акуратны і далікатны, але паслядоўны і ўпарты. Яны могуць рухацца па міліметры, роўна настолькі, наколькі ім дазволяць, але ні на секунду не спыняючыся. Яны і рухаліся ўвесь гэты час у Казахстане роўна такім чынам, каб нарошчваць свой уплыў, аднак не выклікаць рэзкай рэакцыі Расіі.

Такаеў зрабіў заявы, якія, апроч іншага, выключна на палітычным узроўні ў бліжэйшай перспектыве абнуляюць расійскі ўплыў. Прытым, абнуляюць так рэзка, што сумневаў у тым, што ў Казахстане адчуваюць за сабой сур'ёзную падтрымку, не паўстае ніякіх. І калі гэта Кітай (а гэта — Кітай), то, мяркуючы па ўсім, справы ў Расіі рэальна дрэнныя — для кітайцаў у нармальнай сітуацыі падобнае ўжо неяк занадта. А для ненармальнай — ну, напэўна…

Трэцяе. Мы бачым чарговы этап канчатковага распаду СССР. Пасля 1991 "савок" па факце страціў толькі Прыбалтыку. Усе астатнія рэспублікі засталіся ў фармаце СНД, проста ўладу расцягнулі па норах мясцовыя эліты. З такім Крамлю яшчэ можна было мірыцца, хай і з цяжкасцю. З тых часоў там усё мроілі «вяртаць і ўмацоўваць». Аднак паступова дрэйфаваў у бок Турцыі Азербайджан, з 2004-га зусім у іншым кірунку рухаецца Украіна, цяпер вось — вельмі акцэнтавана Казахстан. Грузія, Малдова, азіяцкія дзяржавы — практычна ўсе ідуць сваім шляхам.

У 100-працэнтнай арбіце ўплыву Масквы застаюцца толькі Беларусь ды Арменія. Першая — таму, што рэжым у нас тут такі: ён без Расіі не жыццяздольны. Мы тут хваліліся, якія мы перадавыя на пост-савецкай прасторы, а па факце аказалася, што ці ледзь не адзіныя, каму 30-ці гадоў не хапіла, каб суверэнную дзяржаву пабудаваць. Арменія ж — таму, што яна гістарычна прывязалася да Маскве перад пастаяннай азербайджанскай-турэцкай пагрозай, плюс — там ёсць ваенная база.

Вось на такім вось фоне Пуцін узяўся "збіраць зямлі". Што называецца, калі словы і мары моцна разыходзяцца з рэальнасцю.

Ну а наогул жа, у святле ўсяго атрыманага на выхадзе, мы тут бачым выдатную карціну, якая ілюструе ступень наяўнасці свядомасці пост-савецкіх кіраўнікоў, якія заселі ў АДКБ. Тых самых, хто, губляючы тапкі, бегам спяшаўся адправіць свае войскі ў Казахстан, каб абараніць уладу палітыка, які прыкладна праз паўгода іх адкрыта і зневажальна пашле. Гэта, вядома, шматхадовачка такога ўзроўню, што заслугоўвае месца ў падручніках палітычнага мастацтва як прыклад дальнабачнасці і прагматызму.

Банальна цікава: яшчэ засталіся такія, хто верыць, што гэтыя кіраўнікі здольныя выйграць у Захаду цывілізацыйнае супрацьстаянне?»