У Казахстане паліцыянты катавалі распаленым прасам затрыманых падчас студзеньскіх пратэстаў

Пяцёра супрацоўнікаў паліцыі Казахстана сталі падазраванымі па справе аб ужыванні катаванняў з выкарыстаннем распаленага праса ў дачыненні да пратэстоўцаў.

Паліцыя Казахстана падчас студзеньскіх пратэстаў 2022 года. Фота: «Reuters»

Паліцыя Казахстана падчас студзеньскіх пратэстаў 2022 года. Фота: «Reuters»


Пяцёра супрацоўнікаў паліцыі Казахстана сталі падазраванымі па справе аб ужыванні катаванняў з выкарыстаннем распаленага праса ў дачыненні да затрыманых падчас студзеньскіх пратэстаў, паведаміў начальнік службы крымінальнага пераследу Генеральнай пракуратуры Казахстана Серык Шалабаеў.
«Па справе аб катаваннях з выкарыстаннем распаленага паравога праса ў Алмацінскай вобласці прызнаныя пацярпелымі 25 асоб. Усе заяўнікі апісалі падобны спосаб катаванняў. У выніку аператыўна-следчых дзеянняў спецыяльнымі пракурорамі ўстаноўлена датычнасць да катаванняў пяцярых супрацоўнікаў паліцыі. Трое з іх віну прызналі», — сказаў ён.
Шалабаеў таксама паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да дваіх супрацоўнікаў дэпартамэнта Камітэта нацыянальнай бяспекі Алмацінскай вобласці, якія падазраюцца ў збіцці затрыманага, наступствам чаго стала яго смерць.
Фактам недазволеных метадаў следства, паводле яго слоў, «аддаецца асаблівая ўвага»: цяпер спецпракуроры расследуюць восем «найбольш рэзанансных выпадкаў». Па гэтых справах падазраванымі прызнаныя 15 супрацоўнікаў спецыяльных і праваахоўных органаў, дзевяць з іх цяпер пад вартай.
«Крымінальныя справы па катаваннях характарызуюцца асаблівай спецыфікай расследавання. Большасць пацярпелых не могуць апазнаць датычных асоб, бо тыя былі ў масках або без абмундзіравання. Па справах адсутнічаюць відэаматэрыялы, паколькі абсталяванне было пашкоджанае ў выніку атак на будынкі паліцыі. Нягледзячы на гэта, забяспечваецца правядзенне ўсяго комплексу следчых і працэсуальных дзеянняў па зборы доказаў», — заявіў прадстаўнік Генпракуратуры Казахстана.
На пачатку студзеня мірныя мітынгі, якія пачаліся ў горадзе Жанаазэне, перараслі ў масавыя пратэсты па ўсёй краіне з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваннямі. У некаторых рэгіёнах пачаліся пагромы, напады на адміністрацыйныя будынкі, аддзяленні паліцыі, крамы.
Паводле афіцыйных звестак, падчас студзеньскіх пратэстаў і беспарадкаў загінулі 238 чалавек. Раней улады Казахстана паведамлялі, што па скаргах на катаванні, якія падалі затрыманыя падчас і пасля студзеньскіх падзей, па краіне было распачата больш за 200 спраў.
Паводле РС.