РФ сцвярджае, што не збіраецца прыцягваць сілы АДКБ да вайны ва Украіне

У Крамлі нават ніколі не разглядалі варыянт прыцягнення сілы АДКБ да вайны ва Украіне, заявіў Дзмітрый Пяскоў

1356057805_odkb.jpg

У Крамлі заявілі, што пытанне аб магчымасці прыцягнення сіл Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) да "спецыяльнай ваеннай аперацыі" ва Украіне не разглядалася, піша Interfax.

"Не. Такі варыянт не разглядаўся", — заявіў у панядзелак журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Так ён адказаў на пытанне пра магчымасць прыцягнення сіл АДКБ да спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі на Украіне.

Пры гэтым, па словах Пяскова, "значэнне АДКБ вялікае, АДКБ у зусім недалёкім мінулым прадэманстравала сваю эфектыўнасць, аператыўнасць і патрэбнасць", а "развіццё АДКБ з'яўляецца адным з нашых прыярытэтаў у галіне знешняй палітыкі і бяспекі".

Зрэшты, з усіх краін-удзельніц АДКБ толькі Беларусь кажа пра падтрымку Расіі ў вайне з Украінай.