Раман Світан: Рэжым Лукашэнкі — гэта акупацыйны расійскі рэжым, які захапіў Беларусь
Украінскі ваенны эксперт, палкоўнік запасу УСУ Раман Світан у інтэрв'ю «Салідарнасці» распавёў, як украінцы бачаць будучыню Беларусі, ці з’явілася і ці з’явіцца ў Беларусі ядзерная зброя і які будзе адказ Украіны, калі Лукашэнка вырашыць дазволіць новы напад на Украіну з Беларусі. На яго думку, будучыня прадвызначаная.
— Раман Рыгоравіч, што цяпер з сябе ўяўляе групоўка расійскіх войскаў у Беларусі, паводле звестак украінскага боку, і наколькі яна небяспечная для Украіны?
— Ідзе ратацыя расійскіх войскаў. Там [у Беларусі] знаходзіцца групоўка дзесьці каля дзвюх тысяч. Большасць расійскіх войскаў выведзена. У асноўным, у бок Купянска.
Раней [у Беларусі] была групоўка парадку 10 тысяч. І [яна размяшчалася] у такім ратацыйным рэжыме, па беларускіх частках; там, дзе расійцы кантралююць балістычныя ракеты, авіяцыйную кампаненту. Па роце, па батальёне. Гэта больш суправаджальныя войскі, яны не з'яўляюцца войскамі ў чыстым выглядзе, каб выконваць баявыя задачы ў поўным аб'ёме.
Таму ў гэты момант на іх рэакцыі ніякай няма, гэта не складае ніякай праблемы для ўкраінскіх войскаў. У Беларусі шмат расійскай вайсковай тэхнікі, асабліва на аэрадромах. Усё гэта трэба абслугоўваць.
— У першыя дні ляцелі ракеты з тэрыторыі Беларусі. Цяпер — дакладна не?
— Цяпер — дакладна не. Беларускія ўзброеныя сілы ўбудаваны ў агульную сістэму кіравання ўзброеных сіл так званай «Саюзнай дзяржавы». Яны пад поўным кантролем генштаба Узброеных сіл Расіі. Таму яны ў прынцыпе на кіраванні, але ў баявых дзеяннях не ўдзельнічаюць — гэта дакладна.
Можа быць, удзельнічаюць у разведвальных аперацыях з дапамогай тэхнікі. У асноўным, гэта так званыя радыётэхнічныя войскі. Зноў жа: практычна ўся інфраструктура беларускага войска — гэта частка расійскага войска.
Адзінае, Лукашэнка не даў дазволу на выкарыстанне беларускага войска непасрэдна ў баявых задачах.
— Як цяпер украінцы ўспрымаюць Беларусь? Як ворага? Нейтральную дзяржаву?
— Беларускі народ не падтрымаў агрэсію супраць Украіны. Таму для нас, украінцаў, беларускі народ застаецца суседскім, брацкім. Не ўспрымаем мы грамадзянскіх беларусаў і народ у цэлым як ворагаў. Гэта нашы сябры.
Я лічу, што рэжым Лукашэнкі — гэта акупацыйны расійскі рэжым, які захапіў краіну, і ён павінен быць скінуты народам Беларусі. Менавіта самімі беларусамі. Потым будзе абраны новы ўрад, з якім Украіна наладзіць нармальныя стасункі. Гэта мая пазіцыя як ваеннага аглядальніка.
— Як ваенны эксперт, што вы думаеце пра перспектывы стварэння «пояса бяспекі» ад Балтыі да Чорнага мора, пра які даўно ішла гаворка, яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання?
— Гэта аптымальны варыянт для захавання еўрапейскай цывілізацыі, утрымання лініі абароны. Таму што Беларусь — гэта такі балкон на гэты момант, якім карыстаецца Расія, каб зайсці і нагадзіць на Еўропу.
А вось калі яго зрэзаць, калі Беларусь пойдзе па дэмакратычным шляху — уступленне ў НАТА, у Еўрасаюз... Беларусы — разумны і працавіты народ. Яны вельмі хутка інтэгруюцца ў еўрапейскія сістэмы. Выраўняць лінію фронту з Расіяй ад краін Балтыі да Украіны — аптымальны варыянт.
— Думаю, беларусаў у гэтым моцна палохае слова «фронт».
— Беларусам проста трэба тлумачыць, які фронт. Фронт паміж Беларуссю, Еўрасаюзам і НАТА, з аднаго боку, і супраць Расіі; або ў Саюзнай дзяржаве з Расіяй — супраць Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Які з гэтых франтоў для беларусаў больш прымальны.
З пункту гледжання ваеннага эксперта, чым карацейшы фронт, тым лепш. Таму аптымальна, каб ён праходзіў па ўсходняй мяжы Беларусі і Расіі. Калі гэтага не будзе, то фронт будзе праходзіць па паўночнай, заходняй і паўднёвай мяжы Беларусі. Гэта амаль тры тысячы кіламетраў. Вось і ўсё.
Альбо тысяча кіламетраў фронту з Расіяй, альбо тры тысячы кіламетраў фронту з Еўропай. Гэта хай беларусы вырашаюць, ім лепш відаць.
— Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі — вы дапускаеце, што такое магчыма?
— Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі пачнуцца толькі ў тым выпадку, калі Лукашэнка раптам або сам прыме рашэнне, або яго прымусяць даць тэрыторыю краіны для прымянення любога віду паражальных элементаў, якія запускаюцца ў бок Украіны.
Тады будзе сур'ёзны «адказ» па ўсім ваенна-прамысловым комплексе Беларусі з дапамогай далёкіх сродкаў паражэння, якія ў нас ужо ёсць і якімі мы цяпер па Крыме «працуем». Яны за некалькі дзён будуць развернуты ў бок Беларусі. І за некалькі дзён эканоміка Беларусі будзе выключана, як святло ў лазні. Разам з ваеннымі аб'ектамі.
Разумеючы гэта, Лукашэнка на такія дзеянні не пойдзе. Ён жа разумее, што да Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, які з'яўляецца легальнай вайсковай цэллю, 50 кіламетраў лёту. Адзін залп «Смерчаў» або «Ураганаў» адмінусуе ў яго палову магутнасцей па вытворчасці паліва (другі буйны НПЗ Беларусі знаходзіцца ў Наваполацку).
Гэта спыніць беларускую эканоміку. Ёсць такія кропкі, на якія можна націснуць, і выключыцца ўсё.
— Што вам вядома пра ядзерную зброю Беларусі?
— Пацверджанай інфармацыі аб перадачы ядзернай зброі Беларусі няма. Ёсць толькі нейкія заявы ў інфармацыйным патоку — не больш за тое. Таму пакуль для нас Беларусь — не ядзерная дзяржава.
— Але яна можа з'явіцца?
— Яна можа з'явіцца дзе заўгодна. Але пакуль я не думаю, што Пуцін на гэта пойдзе і перадасць [ядзерную зброю] Лукашэнку. Таму што Лукашэнка тут жа стане другім Кім Чэн Ынам. І тады Пуціну давядзецца і да Лукашэнкі на паклон ісці.
Таму я думаю, што гэта «качка» для інфармацыйных нападаў. Ну, ніхто не стане даваць свайму «сябру» механізм, які можа перавесці яго ў стан «ворага». Таму я не думаю, што Лукашэнка калі-небудзь у жыцці атрымае ядзерную кнопку.
— Які лёс чакае Беларусь, калі раптам Украіна не зможа перамагчы свайго ворага?
— У нас няма іншых варыянтаў. Калі Украіна не пераможа расійскую армію, то тады Украіна перастане існаваць як дзяржава. Але гэта нерэальна цяпер. Еўропа і ЗША гэтага не могуць дапусціць, таму такі варыянт нават не разглядаецца.
Я ўпэўнены, што ў наступным годзе расійскае войска на тэрыторыі Украіны будзе разбіта. Далей расійская імперыя пачне развальвацца. Сыдзе Каўказ, потым Татарстан, Башкартастан, і далей — бураты, якуты, Далёкі Усход.
А тое, што застанецца ад Расіі, не зможа пераважаць над Беларуссю. Не будзе сіл. Беларусы змогуць самі вырашыць свой лёс.
— Афіцыйных стасункаў у Беларусі і Украіны цяпер практычна няма. Але ці маюць зносіны паміж сабой украінскія і беларускія вайскоўцы? Ці захоўваюцца гарызантальныя сувязі?
— Адназначна сувязі ёсць. Я таму і кажу, што беларускае войска не будзе ваяваць з Украінай. Упэўненасць — 100%. Лукашэнка таму і не дае ні тэрыторыю, ні войска, бо разумее, што штыкі могуць быць павернуты супраць яго. Ёсць і сувязі, і бачанне працэсаў.
З беларусамі, урэшце, будзе тое самае, што і з малдаванамі, і з грузінамі. Пасля таго, як Украіна знішчыць расійскую армію на сваёй тэрыторыі, будзе нашмат прасцей вырашыць пытанні з непрызнанымі рэспублікамі (Паўднёвая Асеція, Абхазія, Прыднястроўе).
А акупацыйны рэжым Лукашэнкі не ўтрымаецца, бо занадта шмат беларусаў ад яго пацярпела. Тысячы рэпрэсаваных — такое не забываецца.
Даведка: Раман Рыгоравіч Світан нарадзіўся ў 1964 годзе ў Макееўцы (Данецкая вобласць). У 1985 годзе з адзнакай скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча.
У 2014 годзе на Данбасе трапіў у палон, падвяргаўся катаванням. Быў вызвалены ў рамках абмену. Пасля працаваў дарадцам кіраўніка Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання як ваенныя эксперт супрацоўнічае з шэрагам украінскіх СМІ.