Сіла працоўнага і рабочая салідарнасць

«Вось, далі інтэрнэт, і пратэсты сцішацца», — так казалі некаторыя ў Фэйсбуку. Мы, канешне, пабачылі зусім іншае. Пратэсты не сцішыліся, але вечар 13 жніўня сапраўды быў адносна мірны. Без перакрыцця метрапалітэну, без выбухаў светлашумавых гранат і стрэлаў пад вокнамі. Без жудасці і енку.

a71a9192c51c3e61b30133245b100fc0.jpeg


Чаму адліга?

Чаму ўключылі інтэрнэт? Падавалася б, усё проста — калі б яго не ўключылі, у Мінску б, па выразе Лукашэнкі, «мукі заставалася на тры дні». Таму што ўсе замовы крамаў на тавары, уся лагістыка, уся дастаўка — цяпер усё ідзе праз інтэрнэт. Пра гэта казалі разумныя людзі — і таму інтэрнэт быў уключаны.

А каб яго не ўключылі — мы б сутыкнуліся з недахопам, у першую чаргу, тавараў першай неабходнасці (выбачайце за таўталогію) — малака і хлеба. Таго, што ў першую чаргу разыходзіцца ў крамах. А хто быў бы адказны за дэфіцыт? Канешне ж, улада.

Але заўважу, што першым спробу страйку зрабіў Мінскі электратэхнічны завод. І адно з патрабаванняў было — уключыць інтэрнэт і распавесці людзям праўду пра тое, што адбываецца ў краіне.


Збор працоўных Мінскага электратэхнічнага завода

Збор працоўных Мінскага электратэхнічнага завода

У ноч з 12 на 13 жніўня з Акрэсціна і іншых ізалятараў пачалі выходзіць затрыманыя за акцыі пратэсту. Выштурхоўвалі іх пачкамі, без выбачэнняў (зразумела) і пратаколаў. Збітыя, катаваныя людзі выходзілі на волю — і немаведама як павінны былі дабірацца дадому.

З чаго такая шчодрасць? Мо ўлада зразумела, што новых пакаваць няма куды? Зусім не.

Зранку па радыё прайшла навіна, што ў Гомлі ў ізалятары памёр затрыманы на акцыі пратэсту і асуджаны на 10 сутак. Зразумела, што яго моцна збілі. Зразумела, суддзя, які даваў яму «суткі», на гэта не зважаў. Зразумела, дапамогі ў ізалятары яму ніякай не аказалі. А калі ўрэшце выклікалі дактароў — было ўжо позна, выратаваць не змаглі.

Адна справа, калі АМАП малоціць людзей і закідвае іх у аўтазакі. Іншая справа, калі пад арыштам гіне чалавек — за гэта ўжо павінны несці адказнасць супрацоўнікі ізалятара і начальнік гэтай установы персанальна. Прычым, несці адказнасць яму прыйдзецца ўсё роўна, хто б ні быў кіраўніком краіны.

Як толькі пра гэта стала вядома іншым кіраўнікам ізалятараў — тыя адразу ж пачалі людзей ледзьве не выштурхоўваць. Кажуць, што нават рэчы затрыманым не паспявалі аддаць.


Працоўныя — сіла

Працоўны пратэст — гэта сіла. Як толькі стала вядома пра спробу страйку на электратэхнічным заводзе — да іх адразу прыбегла начальства: «Давайце рабіць што заўгодна, толькі не страйкуйце!» Як толькі работнікі інстытута фізікі Акадэміі навук заявілі пра «італьянскі страйк» — да іх адразу прыбег начальнік. Зразумела ж (па логіцы), спачатку былі пагрозы звальнення, абяцанні ўсялякіх непрыемнасцяў і гэтак далей. Але, калі людзі не спужаліся, да іх ужо завітаў непасрэдна кіраўнік НАН, і размова была ўжо іншай: «Чаго вы хочаце?»

Пакуль сышліся на тым, што Нацыянальная акадэмія навук выступіць з адкрытым зваротам пра тое, што асуджае паліцэйскі гвалт. Але адна справа — абяцанка кіраўніка НАН, а іншая — дзеянне. Таму супрацоўнікі згаданага інстытута самі пішуць гэты ліст, каб не было так, што кіраўніцтва паабяцала — і не выканала.

А вось калі паўстаў БелАЗ — гэта быў зусім іншы каленкор. Да іх прыехаў не хто іншы, як экс-кіраўнік прадпрыемства, а цяпер цэлы міністр прамысловасці Пётр Пархомчык! Паведамлялася, што ён пачаў размову з рабочымі вельмі жорстка: маўляў, ёсць у цябе праца — ідзі і працуй, і няма чаго тут… Ахова выштурхала журналістаў з прадпрыемства, але…

Працоўныя БелАЗу абвяшчаюць патрабаванні

Працоўныя БелАЗу абвяшчаюць патрабаванні

Але больш навінаў пра Пятра Пархомчыка не паступала. Зыходзячы з таго, што далейшыя перамовы вымушаны быў весці мэр Жодзіна, працоўныя БелАЗу цэлага міністра паслалі ў вядомым кірунку!

Мэр Жодзіна запэўніў, што з гораду выведуць АМАП, як толькі «знікне пагроза захопу адміністрацыйных будынкаў». Вельмі цікава, ад каго сыходзіла тая пагроза, бо ўся палітыка зрабілася — на БелАЗе?

Працоўныя былі абураныя тым, што ведамасныя аўтобусы БелАЗу прадстаўляліся як транспарт для АМАПу — і мэр паабяцаў, што гэтага больш не будзе.

Больш за тое — мэр паабяцаў сустрэцца з людзьмі ў 20 гадзін у горадзе — на цэнтральнай плошчы. І сустрэўся! І вымушаны быў апраўдвацца перад працоўнымі!

«Браджэнні» былі на МАЗе, на МТЗ, «Гродна-Азот» пасля смены выйшаў на цэнтральную плошчу абласнога цэнтра. І паўсюль да працоўных прыбягала кіраўніцтва са словамі: «Толькі не спыняйце працу!». Прычым, прыбягалі тыя, якія раней грэбліва казалі рабочым: «Не падабаецца — звальняйцеся!»

Працоўныя "Гродна-Азот" пасля смены калонай рушылі ў цэнтр гораду

Працоўныя "Гродна-Азот" пасля смены калонай рушылі ў цэнтр гораду

Цяпер — паспрабуй такое скажы. Бо людзі раз’юшаныя — і звольняцца ж!

Канешне, кіраўніцтва заводаў кажа, што «ніякіх забастовак у іх няма», а людзі выходзяць «у абедзены перапынак», — такая заява прагучала, напрыклад, на «Кераміне». Але ж цяпер кожны сам сабе рэжысёр, і праўду ўжо не схаваеш. І калі рабочыя, ідучы калонай па прадпрыемстве, скандуюць «Сыходзь!», як на МТЗ — гэта ўжо ніяк не «абед».


Спынілі гвалт

У Мінску 13 жніўня па ўсім горадзе стаялі жанчыны — з кветкамі, у ланцугах «супраць гвалту». І, у адрозненне ад 12 жніўня, іх амаль не чапалі. Канешне, можа быць, тактыка вымотвання АМАПу штодзённым пратэстам дала свой плён, бо там, за шчытамі і балаклавамі — зусім не супермэны, ім таксама трэба есці і спаць. А трое сутак пагоняў за народам у бронекамізэльках — гэта цяжка. Можа быць, кіраўніцтва дало ім дзень адпачыць, бо неўзабаве Лідзія Ярмошына павінна агучыць «канчатковыя лічбы падліку галасоў»: прынамсі, ужо 14 жніўня яны павінны быць вядомыя. Няма сумневаў, што яна агучыць, бо ўжо ёсць «казка» па Мінску, дзе Ціханоўская набірае толькі 15 з нечым працэнтаў. Пасля гэтага пратэсты, зразумела, узмацняцца.

Але ўсё ж не трэба скідаць з рахунку і той самы БелАЗ — частка сілавікоў на мінскія разгоны проста не даехала, дзякуючы рабочым прадпрыемства.

Спыніць гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў — гэта было патрабаванне працоўных амаль усіх прадпрыемстваў, дзе была пагроза страйкаў. І гвалт — не да канца, канешне, ёсць інэрцыя ў сілавой машыны, — амаль спыніўся. Удзень яшчэ былі затрыманні. Вечар жа абышоўся, як казалася, без вулічных баёў і стрэлаў.

АМАП усё ж «тусіў» у звыклых для пратэсту кропках — напрыклад, ля Стэлы, але брутальных разгонаў (як толькі людзі збіраюцца больш за трое) ужо не было.

Мірная "Пушкінская" 

Мірная "Пушкінская" 

Дый як разгоніш? Мінск, Нясвіж, Жодзіна, Лунінец, Наваградак, Горкі, Ракаў, Валожын, Гродна, Бабруйск, Полацк, Брэст, Магілёў, Мазыр, Светлагорск, Мядзел, Салігорск, Гомель, Маладзечна, Кобрын, Віцебск, Пружаны, Шаркаўшчына, Асіповічы, Заслаўе, Чэрвень, Ганцавічы, Нарач, Івянец… Напэўна, складана сказаць, дзе акцый НЕ было, чым пералічваць усю краіну.

І хто пасля гэтага паверыць у абранне Лукашэнкі? Народ проста на вуліцах паказаў, што большасць за яго не галасавала.

«Беларусы! Вы — неверагодныя!» — хочацца паўтарыць услед за Ціханоўскай-Цапкала-Калеснікавай. Найперш гэта адрасуецца, канешне, працоўным нашых прадпрыемстваў. Яны толькі злёгку націснулі — а які вынік атрымалі!


Далей павінна быць болей

Але на гэтым усё не павінна скончыцца. Зразумела, цяпер людзей на прадпрыемствах проста ўлагоджваюць: размаўляюць з імі, нешта абяцаюць, і нават выслухоўваюць крытыку! Аднак галоўнае — каб гэта не скончылася размовамі. Важныя не словы, важныя — справы.

Спадарыня Качанава ўжо заявіла, што Лукашэнка «пачуў меркаванне працоўных калектываў і даў загад разабрацца па ўсім фактам затрыманняў». Выбачайце, гэта той, хто раней казаў нам, што «будзе, як у Андыжане», і паспрабаваў ператварыць Мінск у Андыжан? І пры чым тут «меркаванне»? Не «меркаванне», а «патрабаванне». І не толькі гвалту, але і пераліку галасоў, і свабодных выбараў. Ён гэта пачуў, ці пачуў толькі тое, што жадаў пачуць?

Кіраўнік МУС Караеў заявіў, што «бярэ адказнасць на сябе за траўмы выпадковых людзей на пратэстах, якія “трапілі пад раздачу”, і прыносіць прабачэнні». Не прабачэнні трэба прыносіць, а каяцца. Чаму Караеў яшчэ не каля труны таго мужчыны з Гомелю, якога фактычна забілі ў ізалятары? Чаму МУС не стварае фонд дапамогі збітым і зкатаванымі імі жа, з уласных сродкаў?Якая вартасць тых «прабачэнняў»?


Па меркаванні Караева, гэта азначае "трапіць пад раздачу"? 

Па меркаванні Караева, гэта азначае "трапіць пад раздачу"? 

Мы бачым, што моц — за рабочымі. Ім трэба сказаць не толькі «а» — агучыць патрабаванне мірных новых, справядлівых выбараў і спынення рэпрэсій, але і зрабіць «б» — дамагчыся гэтага. І яны ў стане гэта зрабіць.

Бо, як толькі рабочыя прыгразілі страйкам — рэпрэсіі спыніліся імгненна. Цяпер трэба патрабаваць выканання астатніх патрабаванняў — у тым ліку і свабодных выбараў.