Украіна выводзіць міратворцаў з Косава

Украіна пачынае вывад сваіх міратворцаў з місіі NATO ў Косаве. На дадзены момант украінскі міратворчы кантынгент у гэтым рэгіёне складаецца з 40 вайскоўцаў.

Украінскія міратворцы пакідаюць Косава. Фота: Мінабароны Украіны

Украінскія міратворцы пакідаюць Косава. Фота: Мінабароны Украіны


На дадзены момант Украіна ўтрымлівае кантынгент з 40 міратворцаў у Косаве ў рамках місіі «Kosovo Force» пад кіраўніцтвам NATO, агульная колькасць якой складае 3800 чалавек. У сакавіку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выдаў указ, які прадпісвае ўсім місіям вярнуцца дадому, каб дапамагчы ў вайне з Расіяй.
«Вяртанне нацыянальнага кантынгенту будзе азначаць часовае спыненне яго ўдзелу ў місіі KFOR», — цытуе «Reuters» заяву камандавання ўкраінскай арміі.
Афіцыйны прадстаўнік NATO пацвердзіў паведамленні, заявіўшы, што вывад войскаў не паўплывае на міратворчую місію.
«Украіна зрабіла каштоўны ўнёсак у нашу міратворчую місію. ...Мы вітаем даўні ўнёсак краіны ў нашы штодзённыя намаганні па падтрымцы ўсіх супольнасцей, якія пражываюць у Косава», — заяўляюць у альянсе.
Міратворчая місія NATO, разгорнутая ў Косава ў 1999 годзе, вымусіла сербскія войскі спыніць рэпрэсіі супраць албанцаў у незалежным цяпер Косава, былой паўднёвай правінцыі Сербіі.
Канфлікт паміж сербамі і албанцамі, якія пражываюць у Косаве, абвастрыўся на фоне новаўвядзенняў, якія косаўскія ўлады планавалі прыняць у дачыненні да грамадзян Сербіі. Гаворка ідзе пра рашэнне, што абавязвала б этнічных сербаў, якія складаюць большасць на поўначы, атрымліваць дэкларацыю пры перасячэнні мяжы з Рэспублікай Косава на тры месяцы і мяняць сербскія аўтамабільныя нумарныя знакі на косаўскія.
Пасля анансавання новых правіл уезду ў Косава для сербаў у нядзелю жыхары Косаўскай-Мітравіцы пачалі ўсталёўваць барыкады, а таксама ўключалі сірэны паветранай трывогі. Паводле даных СМІ, паліцыя паведаміла пра страляніну ў некалькіх месцах на поўначы Косава, пацярпелых не было.
Урад Косава адклаў новаўвядзенні да верасня. На днях пад кантролем міратворчай місіі NATO ў Косаве сталі разбіраць барыкады.