Барыкады ў Косаве ліквідуюць пад кантролем міратворцаў NATO

Міратворцы NATO з верталётаў ажыццяўляюць кантроль за ліквідацыяй барыкад на поўначы Косава, дзе абвастрыўся канфлікт паміж косаўскімі сербамі і касаварамі. 

Барыкады дэмантуюць пасля таго, як урад Косава адклаў выкананне рашэння, якое абавязвала б этнічных сербаў, якія складаюць большасць на поўначы, атрымліваць дэкларацыю пры перасячэнні мяжы з Рэспублікай Косава на тры месяцы і мяняць сербскія аўтамабільныя нумарныя знакі на косаўскія.

Сітуацыя ўзнавіла рознагалоссі з Сербіяй і Расіяй — ніводная з гэтых краін не прызнае незалежнасць Косава і блакіруе яго намаганні па ўступленні ў ААН. Косава, прызнанае як дзяржава больш чым 100 краінамі, імкнецца таксама ўступіць у NATO.

Рашэнне ўрада адкласці новаўвядзенні па ўездзе ў краіну было прынята пасля кансультацый з пасламі ЗША і ЕС.

Патруляванне паўночнай мяжы Рэспублікі Косава. Скрыншот з відэа «Reuters»

Патруляванне паўночнай мяжы Рэспублікі Косава. Скрыншот з відэа «Reuters»


«Гвалт недапушчальны. Тыя, хто ўжываюць гвалт, будуць пакараныя па законе», — заявіў журналістам у панядзелак прэм'ер-міністр Альбін Курці. Ён сказаў, што ўсталявана дзевяць барыкад на мяжы, якія зараз і дэмантуюць.

Нагадаем, пасля анансавання новых правіл уезду ў Косава для сербаў у нядзелю жыхары Косаўскай-Мітравіцы пачалі ўсталёўваць барыкады, а таксама ўключалі сірэны паветранай трывогі. Паводле даных СМІ, паліцыя паведаміла пра страляніну ў некалькіх месцах на поўначы Косава, пацярпелых не было.

Паліцыя Косава закрыла два наземныя пераходы з Сербіяй. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч абвінаваціў улады Прышціны ў пераследзе этнічных сербаў у Паўночным Косаве. Абмежаванні для кіроўцаў аўтамабіляў на сербскіх нумарах ужо ўводзіліся ўладамі Прышціны ў верасні мінулага года. Тады распараджэнне ўлад абярнулася пратэстамі і блакадай з боку этнічных сербаў, якія пражываюць на поўначы Рэспублікі Косава.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: