На мяжы Сербіі і Косава наспявае ўзброены канфлікт. Абноўлена

Людзі будуюць барыкады, паведамляецца пра страляніну і паветраную трывогу. Армія Сербіі прыведзеная ў павышаную баявую гатоўнасць, спецназ Косава перакрыў мяжу.

Перакрыццё  дарогі на мяжы

Перакрыццё дарогі на мяжы

Паліцыя Сербіі змушае аўтамабілі і іншы транспарт вяртацца з мяжы з Косава. Ніякія транспартныя сродкі не змогуць уехаць ці выехаць паміж межамі.
Сербскі дэпутат Уладзімір Джуканавіч тым часам напісаў: «Божа, дапамажы нашаму народу ў Косава і Метохіі — паступае жахлівая інфармацыя», — перадае УНІАН.
Нібыта армія Косава плануе апоўначы напасці на паўночную частку Сербіі, заявіў сербскі прэзідэнт Аляксандр Вучыч. Ён мае намер выступіць з экстраным зваротам да нацыі наконт сітуацыі ў Косава. Раней паведамлялася, што ў Косава з 1 жніўня чакаюцца нейкія страшныя падзеі. З гэтага дня паводле рашэння ўладаў Косава, сербскія дакументы робяцца несапраўднымі. Кіраўнік МЗС Сербіі Нікола Селакавіч сцвярджаў у сувязі з гэтым, што косаўскія ўлады «літаральна рыхтуюць пекла ў бліжэйшыя дні» для сербаў, якія жывуць там.
Больш за 90% насельніцтва Косава складаюць албанцы, але ёсць і каля 100 тысяч сербаў, якія кампактна жывуць на самай поўначы тэрыторыі. Іх цэнтральны горад — Косаўска-Мітравіца. Косаўскія сербы не прызнаюць законнасць прызнання незалежнасці Косава, і ўрад у Белградзе іх у гэтым падтрымлівае. З-за гэтага паміж сербскай грамадой у Косаве і цэнтральнымі ўладамі ў Прышціне існуе пастаянны цяжкавырашальны канфлікт, нагадвае Н*ша Ніва.
Абноўлена. Прэзідэнт Сербіі Вучыч выступіў з тэлезваротам: «Учора ў нас былі перамовы з прадстаўнікамі сербскага народа з Косава і Метохіі.
Давайце пастараемся захаваць мір любой цаной.
Паспрабуем яшчэ раз спытаць ва ўсіх. Я прашу албанцаў зразумець, я прашу сербаў не паддавацца на правакацыі і не рабіць нічога, што можа прывесці да якога-небудзь канфлікту. Але я таксама прашу прадстаўнікоў магутных і вялікіх краін, якія прызналі незалежнасць Косава, трохі паклапаціцца аб міжнародным праве, быць асцярожней з рэальнасцю і не дазволіць сённяшнім падапечным выклікаць канфлікт.
Гэта мая просьба, гэта мая вялікая просьба. І ўсё, што я магу сказаць, гэта тое, што мы будзем маліцца аб міры і шукаць міра. Але адразу вам скажу, здачы не будзе, і пераможа Сербія. Калі яны паспрабуюць пачаць ганенні на сербаў, здзекі над сербамі, забойствы сербаў — Сербія пераможа. Гэта ўсё, што я хачу сказаць».
Між тым, міжнародныя сілы бяспекі ў Косава (KFOR), якія дзейнічаюць пад эгідай НАТА, сцягнутыя да моста праз раку Ібар у горадзе Косаўска-Мітровіцэ на поўначы сербскага краю Косава і Мятохія, паведаміў партал «Косава анлайн».
Па яго звестках, каля моста заўважаныя ў тым ліку італьянскія карабінеры. Там жа збіраюцца албанцы з паўднёвай часткі Косаўска-Мітровіцы. Усе кафэ і рэстараны ў паўночнай частцы горада закрытыя, усё яшчэ чутныя сігналы трывогі. Дарогі да гарадоў Рудары, Звечані і Зубін-Паток блакаваныя.