Эскалацыя ў Косава. Cui prodest? — Каму гэта выгадна?

Косава на мяжы новай вайны. Ці была эскалацыя замоўленая звонку?

kosava_5_1.jpg

Учора ўвечары на поўначы Косава, пераважна населеным сербамі, узброеныя людзі ўзвялі барыкады. Такім чынам яны пратэставалі супраць абавязковай перарэгістрацыі машын з сербскімі нумарамі на нумары RKS «Рэспубліка Косава» (планавалася, што яна пачнецца 1 жніўня). Акрамя таго, невядомыя абстралялі косаўскіх паліцэйскіх. У адказ касавары падцягнулі сілы спецыяльнага прызначэння, што ў Бялградзе расцанілі як падрыхтоўку да зачысткі краю. Да мяжы Косава былі скіраваныя фармаванні сербскай арміі. У экстраным звароце да нацыі прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч паабяцаў не капітуляваць і абавязкова дасягнуць перамогі. Адначасова KFOR (чальцы NATO ў Косава) заявілі, што гатовы ўмяшацца, калі стабільнасць краіны будзе пад пагрозай.

Аляксандр Вучыч

Аляксандр Вучыч

Па ўсіх прыкметах, запахла вайной. Прычым, на думку расійскіх СМІ, гэта не імправізацыя на месцы. Рупары Крамля паспяшылі абвясціць, што, маўляў, ход з пашпартамі і нумарнымі знакамі першапачаткова задуманы як правакацыя, прычым не рэгіянальнага маштабу.

Не выключаюць таксама, што нехта спрабуе вырашыць балканскі кейс, пакуль Расія ваюе ва Украіне і не можа асабліва дапамагчы сербам.

Зрэшты, паводле ўсё тых жа расійскіх медыя, галоўная мэта «правакатараў» – расцягнуць сілы Расіі. Відавочна, што саюзніцкія абавязкі перад Бялградам прымусяць Крэмль выступіць на баку сербаў, аслабляючы тым самым патэнцыял сваёй групоўкі ва Украіне.

kosava_7_1.jpg

Аднак шэраг дэталяў ставяць агучаную вышэй ​​версію пад сумнеў. Найперш, па лагістычных прычынах магчымасці Масквы на Балканах вельмі моцна абмежаваныя. Сербія абкружана краінамі NATO або саюзнікамі Альянсу. Пастаўкі ўзбраенняў і перакідка ў рэгіён жывой сілы немагчымыя без прарыву блакады, а гэта звязана са шматлікімі рызыкамі.

Але, напэўна, асноўны ўдар па тэзісах расійскай прапаганды нанёс амерыканскі амбасадар у Косава Джэфры Хавеньер. Уначы ён заявіў, што ўгаварыў косаўскія ўлады адкласці забарону на сербскія нумары і дакументы на тэрмін 30 дзён. Такім чынам, канфлікт купіруюць тыя, каго Салаўёвы і Кісялёвы запісалі ў галоўныя правакатары.

З іншага боку, відавочна, што эскалацыя на Балканах магла б мець негатыўныя наступствы для Кіева. У такім выпадку вайна ва Украіне перастала бы быць топ-тэмай для заходняга палітыкума. Прыярытэтным для еўрапалітыкаў стаў бы балканскі кірунак, бо вайна ў Косава, па сутнасці, — гэта баявыя дзеянні практычна ў цэнтры Еўропы. Такі расклад, безумоўна, спрасціў бы Маскве рашэнне задач у рамках СВА. Гэта правакуе шмат каго на пытанне: ці не магла Масква сама «падпаліць» Балканы?

kosava_6_1.jpg

Калі версія пра след Масквы ў Косава верная, то можна чакаць новыя інцыдэнты па перыметры ЕС. Напрыклад, гэта можа быць правакацыя ў раёнах пражывання этнічных венграў у Закарпацці. Тым больш у ліпені кіраўнік венгерскага МЗС Петэр Сіярта заявіў, што ў Венгрыі ёсць сцэнары для абароны і выратавання 150 тысяч венграў у Закарпацкай вобласці Украіны.