«Можам паўтарыць?» Расійскія ўдары па ДнепраГЭС — не першая рана

Расійскія тэрарысты ўчора нанеслі 8 ракетных удараў па дамбе ў Запарожжы. ДнепраГЭС не першы раз пакутуе ад рук крамлёўцаў: падчас Другой сусветнай вайны чэкісты спрабавалі спыніць наступленне немцаў, падарваўшы грэблю крытычнага аб’екта. Але замест чаканага сыходу 30-метравая хваля забіла тысячы савецкіх жаўнераў.

ДнепраГЭС у Запарожжы пасля падрыву 18 жніўня 1941 года

ДнепраГЭС у Запарожжы пасля падрыву 18 жніўня 1941 года

Праз два гады пасля пачатку Другой сусветнай вайны, у чэрвені 1941 года, Трэці рэйх напаў на свайго былога саюзніка. Савецкія войскі з вялікімі стратамі адступалі, у той час як немцы прарываліся да Кіева і буйных прамысловых і партовых цэнтраў. Станам на сярэдзіну жніўня амаль уся лінія фронту УССР праходзіла па рэчцы Дняпро: пад кантролем савецкіх жаўнераў перабываў Кіеў, Херсон, Дняпро, Запарожжа, беларускія Гомель і Мазыр.

Па ўспамінах начальніка генеральнага штаба сухапутных войскаў нацысцкай Германіі Франца Гальдэра, 17 жніўня, за дзень да трагедыі, адна з нямецкіх танкавых дывізій знаходзілася ўжо амаль у кіламетры ад ДнепраГЭС.

Нямецкая калона бронетэхнікі на пад’ездзе да Запарожжа. Сярэдзіна жніўня 1941 года

Нямецкая калона бронетэхнікі на пад’ездзе да Запарожжа. Сярэдзіна жніўня 1941 года

Савецкім падраздзяленням, што знаходзіліся ў Запарожжы, быў адданы загад стрымліваць наступленне і прыкрываць адыход асобных частак на другую лінію абароны.

А восьмай вечара 18 жніўня адбыўся магутны выбух — грэбля ДнепраГЭС, найбольш уразлівы і крытычны элемент станцыі, быў падарваны. У выніку тактычнага ходу чэкістаў хваля даўжынёй у сотню і вышынёй у 30 метраў знішчала ўсё, што траплялася ўздоўж берагоў ракі.

Гэтыя падзеі апісваў гісторык, рэдактар газеты «Українські вісті», культурны дзеяч украінскай дыяспары Фёдар Пігіда-Правябярэжны, які пражыў чатыры гады ў акупацыі і эміграваў у Германію.

«Ваенны транспарт і людзі, якія ў гэты час рухаліся па набярэжнай, вядома, загінулі. Амаль трыццаціметровая лавіна вады пракацілася па пойме Дняпра, змываючы ўсё на сваім шляху. Усю ніжнюю частку Запарожжа з вялізнымі запасамі розных тавараў, ваенных матэрыялаў, дзясяткамі тысяч тон харчовых прадуктаў змыла за лічаныя хвіліны. Дзясяткі суднаў, разам з камандамі, загінулі ў той страшнай плыні. У Дняпроўскіх плаўнях за дзясяткі кіламетраў да Нікапаля і далей стаялі вайсковыя часткі. Вялізны паток хлынуў нечакана. Загінула вялікая колькасць чырвонаармейцаў і афіцэраў з артылерыяй ды баявой тэхнікай. Акрамя вайскоўцаў, загінулі ў паводках дзясяткі тысяч галоў рагатай жывёлы і шмат людзей, якія былі там на працы», — апісаў Фёдар Пігіда-Правабярэжны ў сваім творы «Велика Вітчизняна війна», апублікаваным у 1954 годзе.

Зруйнаванная грэбля ДнепраГЭС. Меркавана 18 жніўня 1941 года

Зруйнаванная грэбля ДнепраГЭС. Меркавана 18 жніўня 1941 года

Дакладныя лічбы па колькасці ахвяр сярод савецкіх салдат і мірнага насельніцтва адсутнічаюць — разабраць нешта ў такім хаосе не прадстаўлялася магчымым. Іх ацэньваюць прыблізнымі лічбамі ад 20 да 100 тысяч чалавек. Акрамя таго, некалькі тысяч чырвонаармейцаў, якім удалося эвакуіравацца на левы бераг Дняпра ўніз па цячэнні, былі вымушаны капітуляваць.

Запарожская гідраэлектрастанцыя была замініравана загадзя: для гэтага з Масквы самалётам даставілі на фронт больш за 20 тон выбухоўкі. Чэкісты 157-га палка НКУС, якія ахоўвалі ГЭС, вывелі са строю абсталяванне станцыі і падарвалі дамбу. Адказнымі за аперацыю лічацца начальнік Маскоўскага навукова-даследчага ваенна-інжынернага інстытута Барыс Эпаў і падпалкоўнік Аляксей Пятроўскі.

Меркаванні гісторыкаў наконт рэалізацыі настолькі крытычнага загаду падзяляюцца: некаторыя мяркуюць, што ён быў аддадзены асабіста Сталіным, іншыя — камандуючым войскамі паўднёва-заходняга напрамку Сямёнам Будзёным, іншыя — НКУСаўцамі, што заўчасна запанікавалі праз актыўнае прасоўванне германскіх войскаў.

Фашысцкія салдаты фарсуюць Дняпро. 10 верасня 1941 года

Фашысцкія салдаты фарсуюць Дняпро. 10 верасня 1941 года

У выніку выбуху 20 тон трынітраталуолу ў плаціне ўтварылася прабоіна даўжынёй 175,5 метраў. Нягледзячы на такую буйную колькасць ахвяр і наступстваў, падрыў дамбы не нанёс сур'ёзнага ўрону нямецкім войскам. Абарона Запарожжа пасля выбуху на грэблі працягвалася ўсяго паўтары месяцы.

Асабісты архітэктар Гітлера, рэйхсміністр узбраенняў і ваеннай вытворчасці Альберт Шпеер, прызнаны вінаватым у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавецтва на Міжнародным ваенным трыбунале ў Нюрнбергу, захапляўся тым, якую знаходку прыдумалі чэкісты для падрыву ГЭС. У сваіх успамінах ён адзначаў, што прастата вываду з ладу абсталявання вельмі здзівіла немцаў.

«Наведаў я ўзарваную электрастанцыю ў Запарожжы. Падчас свайго адступлення рускія вывелі з ладу абсталяванне даволі простым і прымітыўным спосабам: пераключэннем размеркавальніка змазкі пры поўнай рабоце турбін. Пазбаўленыя змазкі машыны разжарваліся і літаральна пажыралі самі сябе, ператвараючыся ў купу непрыдатнага металалому. Вельмі эфектыўны сродак руйнавання, і ўсяго толькі — простым паваротам ручкі адным чалавекам».

Адноўленая фашыстамі ГЭС. Лета 1942 года

Адноўленая фашыстамі ГЭС. Лета 1942 года

Падчас акупацыі нямецкія будаўнічыя падраздзяленні аднавілі яе ў вельмі хуткія тэрміны — электрастанцыя пачала працу ў 1942 годзе. З улікам пашкоджанняў і агульнай складанасці канструкцыі гэта надзвычай кароткі прамежак часу для выканання такіх работ.

Праз год савецкія войскі перайшлі ў контрнаступленне. Фашысты таксама загадзя пачалі рыхтавацца да магчымага адступлення, таму заклалі ў падмурак станцыі 200 тон выбухоўкі, якая павінна была цалкам знішчыць яе пры магчымым адыходзе з Запарожжа. Пяць авіябомбаў, размешчаныя непасрэдна ў турбінах ГЭС, павінны былі не пакінуць ад яе і рэшткаў, але ў чырвонаармейцаў атрымалася перасекчы частку дротаў, якія адказвалі за дэтанацыю. У выніку выбухнула толькі маленькая частка. 14 кастрычніка 1943 года ДнепраГЭС разам з Запарожжам перайшлі пад кантроль савецкай арміі.

Жаўнеры 3-ага Украінскага фронту ля грэблі ДнепраГЭС пасля вызвалення Запарожжа. Кастрычнік 1943 года

Жаўнеры 3-ага Украінскага фронту ля грэблі ДнепраГЭС пасля вызвалення Запарожжа. Кастрычнік 1943 года

Яшчэ адной цікавай дэталлю ў гэтай гісторыі з’яўляецца тое, што 21 жніўня 1941 года амерыканская газета The New York Times на першай калонцы апублікавала артыкул аб падрыве «адступаючымі рускімі» плаціны ДнепраГЭС. У ім быў адзначаны каментар дыпламата адной з краін гітлераўскай кааліцыі, які параўнаў такія дзеянні са «скарпіёнам, які сам сябе ўджаліў». Цяпер такім «скарпіёнам» стала Расія, якая пакінула на верную смерць сваіх акупантаў падчас падрыву Кахоўскай ГЭС мінулым летам.

Выпуск The New York Times з калонкай пра ДнепраГЭС. 21 жніўня 1941 года

Выпуск The New York Times з калонкай пра ДнепраГЭС. 21 жніўня 1941 года

Нягледзячы на жахлівыя наступствы і няўдалы вынік, канцэпцыя дзеянняў савецкай арміі відавочна мела сэнс.

Падарваная 6 чэрвеня 2023 года Кахоўская ГЭС — чарговы тэрарыстычны акт Расійскай Федэрацыі і здзяйсненне экалагічнай катастрофы кантынентальнага маштабу.

Нанесеныя 22 сакавіка 2024 года ўдары па Запарожскай ГЭС — чарговы тэрарыстычны акт Расійскай Федэрацыі і замах на здзяйсненне яшчэ адной экалагічнай катастрофы кантынентальнага маштабу.