Украіна можа адмовіцца ад байкоту спартовых спаборніцтваў з удзелам Беларусі і Расіі
Прычынай адмены байкоту можа стаць афіцыйнае незапрашэнне краін на Алімпіяду-2024 у Парыжы, заявіў у эфіры тэлемарафону міністр моладзі і спорту Украіны, прэзідэнт НАК Украіны Вадзім Гутцайт.
Са слоў міністра, перамовы з усеўкраінскімі федэрацыямі і спартоўцамі ўжо пачаліся.
«Вядома, нам трэба ўдзельнічаць цяпер ва ўсіх кваліфікацыйных спаборніцтвах. Калі Расія і Беларусь не будуць афіцыйна запрошаны на Алімпійскія гульні-2024, мы цяпер разглядаем пытанне вяртання нашых спартоўцаў да кваліфікацыйных спаборніцтваў», — сказаў міністр.
У красавіку гэтага года Міністэрства моладзі і спорту апублікавала загад аб забароне зборным Украіны спаборнічаць разам з атлетамі з Беларусі і Расіі. Абмежаванні адносяцца да ўсіх прадстаўнікоў алімпійскіх, неалімпійскіх і паралімпійскіх відаў спорту. Федэрацыі абавязаны адклікаць украінцаў з турніраў, калі там будуць беларускія або расійскія спартоўцы.
Нагадаем, Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў спартовым федэрацыям дапускаць да спаборніцтваў беларускіх або расійскіх спартоўцаў у нейтральным статусе. Да спаборніцтваў не рэкамендуецца дапускаць спартсменаў, якія падтрымліваюць вайну або маюць кантракты з расійскімі або беларускімі ваеннымі ведамствамі або спецслужбамі.
Расійскія спартсмены і раней выступалі без сцяга і гімна з-за парушэння антыдопінгавых правіл, але пры гэтым маглі прымаць удзел у спаборніцтвах зборных (у хакеі, валейболе і г. д.) — у якасці «нейтральных атлетаў з Расіі» або «зборнай алімпійскага камітэта Расіі (ROC)».
Цяпер жа МАК гэта забараняе: акрамя таго, спартсмены з Расіі не змогуць выступаць і ў камандных дысцыплінах, такіх, як лыжныя і біятлонныя эстафеты, мнагабор'і і г. д.
Для допуску расійскіх спартоўцаў МАК рэкамендуе кожнай федэрацыі стварыць асобную камісію, якая вызначыць, ці выступаў той ці іншы атлет у падтрымку вайны, развязанай Расіяй ва Украіне.
Як адзначаецца ў рэкамендацыях, такой падтрымкай могуць лічыцца пасты спартсменаў у сацсетках, выказванні ў СМІ, удзел у праваенных мітынгах і нашэнне публікацыя імі Z-сімволікі.
Калі спартсмен мае дачыненне да войска, сілавых структур або органаў бяспекі, то ён аўтаматычна лічыцца тым, хто падтрымлівае ўварванне, вырашылі ў МАК.
Вядома, што многія расійскія атлеты маюць воінскія званні і служаць у сілавых ведамствах. Так, на Алімпійскіх гульнях у Пекіне выступілі больш за 60 спартсменаў, якія прадстаўляюць ЦСКА — федэральную аўтаномную ўстанову Мінабароны Расіі.