«Гульні ў 2024-м нам наўрад ці свецяць». Спартсмены — пра будучыню беларускага спорту

На ўмовах ананімнасці беларускія спартсмены падзяліліся з «Тр*бунай» сваім бачаннем сённяшняй сітуацыі і перспектыў на бліжэйшую будучыню.

Ілюстрацыйнае фота: noc.by

Ілюстрацыйнае фота: noc.by


Беларусаў і расіян перасталі дапускаць да міжнародных спартыўных спаборніцтваў. Для спартсменаў, многія з якіх усё жыццё рыхтаваліся да «скарэння Алімпу», гэта вельмі балючая сітуацыя, якой пакуль не бачна канца. Выданне «Тр*буна» паразмаўляла з тымі, хто быў гатовы ананімна падзяліцца сваімі думкамі.

«Міжнародная федэрацыя чакае рэкамендацый ад МАК»

Настольны тэніс
— Ці спадзяюцца прадстаўнікі настольнага тэніса Беларусі трапіць на Алімпіяду-2024 у святле цяперашніх санкцый?
— Зусім нядаўна Міжнародная федэрацыя дала зразумець, што пры прыняцці рашэння аб допуску беларусаў да міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку да барацьбы за пуцёўку на Гульні, будзе адштурхоўвацца ад рэкамендацый МАК. Так што спартсмены вымушаныя чакаць развіцця сітуацыі і рашэння чыноўнікаў.
— Ну а ў саміх спартсменаў надзея на лепшае ёсць?
— Вы ведаеце, у нашым настольным тэнісе не так шмат спартсменаў, якія могуць паехаць на Алімпіяду. Але гэтыя некалькі чалавек спадзяюцца, што з'явіцца шанец патрапіць на Гульні. Праўда, пакуль у першую чаргу хочацца, каб сітуацыя ва Украіне памянялася, потым, магчыма, стане лягчэй жыць і займацца спортам у Беларусі. Пакуль тэнісісты мірацца з тым, што ёсць. І ўпэўненыя, што калі ў МАК дадуць дабро, то і Міжнародная федэрацыя не будзе мець нічога супраць.
— Ці рэальна падтрымліваць свой узровень пры адсутнасці міжнароднай канкурэнцыі?
— Многія нашы тэнісісты гуляюць у замежных клубах, таму яны не пазбаўленыя матчаў з замежнікамі. Так што ў гэтым плане падтрымліваць форму можна. Шчыра, калі б не гэтыя клубы, калі б не гэтая магчымасць, то ў спартсменаў была б поўная дэградацыя. Гуляць толькі адно з адным або з расіянамі... Чуў, што ў Беларусі яшчэ арганізавалі нейкі турнір, але, па сутнасці, гулялі там толькі айчынныя спартсмены. Якое-ніякае спаборніцтва, аднак узровень супраціву, канкурэнцыі зусім іншы. А так, паўтаруся, клубы шмат у чым ратуюць. У людзей ёсць стымул трэніравацца, можна знаходзіцца ў форме, гуляць з замежнікамі.
— Які настрой зараз наогул у настольным тэнісе Беларусі?
— Шчыра, радаснага мала. Усе панурыя, у сваіх думках. Ведаю, што ў Беларусі, у той жа РЦАП, апошнім часам ходзіць шмат праверак, кагосьці прыбіраюць, кагосьці прызначаюць. Натуральна, радасці гэта не дадае. Плюс ніхто не разумее, да чаго рухаецца сістэма. Увогуле, усё ахрэневаюць ад таго, што адбываецца. Ніхто не думаў, што светлая будучыня, пра якую нам гаварылі, можа аказацца такой…
— Беларускі рэжым вырашыў правесці рамонт і мадэрнізацыю аб'ектаў БДУФК. І рабіць гэта плануецца ў тым ліку за сродкі, атрыманыя за кошт скарачэння прызавых атлетам. Што вы думаеце з гэтай нагоды?
— Мне здаецца, варта было б уладам патлумачыць, чаму прымаюцца такія пастановы, чаму грошы забіраюць у спартсменаў, а не шукаюцца нейкія іншыя крыніцы. А то ў нас як атрымліваецца? Адзін чалавек сказаў, што так будзе, значыць, усё робіцца без пярэчанняў. А прычына? Вы не хочаце растлумачыць? Любое рашэнне павінна быць чымсьці абгрунтавана. Вы можаце ўявіць, што звычайнаму беларусу на заводзе скажуць, што ён з наступнага месяца будзе атрымліваць менш, таму што ў суседнім двары трэба пакласці асфальт? Мне здаецца, чалавеку такая навіна не спадабаецца.
Ці хаця б рацыянальна растлумачце, для чаго так робіце. Калі зможаце даказаць сваю правату, магчыма, спартсмены зразумеюць і нават пагодзяцца. Пакуль ніякіх тлумачэнняў няма. Да таго ж, будзем шчырымі, практычна ў любым відзе спорту Беларусі людзі атрымліваюць не такія ўжо вялікія грошы. Павышаную зарплату атрымліваюць тыя, хто ўваходзіць у топ Еўропы, астатнія — у раёне тысячы рублёў, крыху больш. Атрымліваецца, яшчэ менш будзе?

«Думаю, Гульні-2024 нам наўрад ці свецяць, але я не перажываю з гэтай нагоды»

Лёгкая атлетыка— Ці спадзяюцца прадстаўнікі лёгкай атлетыкі трапіць на Алімпіяду-2024 у святле цяперашніх санкцый?
— Напраўду, я думаю, што Гульні ў 2024 годзе наўрад ці нам свецяць.
— Які настрой у сувязі з гэтым сярод калег?
— Я асабіста не хвалююся наконт гэтага. Таму што ніколі не хавала, што для мяне важней — каб вайна скончылася.
Што тычыцца настрою ў лёгкай атлетыцы ў цэлым, то тут трэба разумець, што спорт для мяне і многіх іншых атлетаў — гэта ўсё-ткі любімая справа, якой хочацца займацца. Гэта як, ведаеце, знайсці занятак усяго свайго жыцця. Таму асабіста я і працягваю трэніравацца, нягледзячы ні на што, і займацца якраз любімай справай.

«Наш від спорту жыве сённяшнім днём»


Стральба з лука
— Ці вераць прадстаўнікі стральбы з лука Беларусі ў тое, што нашы спартсмены трапяць на Алімпіяду-2024?
— Асабіста я думаю, што гэта малаверагодна, але мне б хацелася, каб атлеты ўсё ж паехалі. Разумееце, любы спартсмен марыць выступіць на Алімпіядзе, заваяваць медаль, таму ўнутры ёсць надзея на тое, што беларусы ўсё ж трапяць на Гульні ў Парыж. Здаецца, што вось-вось уся цяперашняя сітуацыя завершыцца, тыя ж санкцыі будуць знятыя, але, як бачым, нічога не адбываецца. Таму я стараюся не думаць пра гэта, проста жыву сённяшнім днём і выконваю свае задачы.
— Аднак вы кажаце, што ўдзел беларусаў у Алімпіядзе малаверагодны. Адкуль такія думкі?
— Можа, гэта я сябе так псіхалагічна рыхтую, загадзя супакойваю. Каб, калі ў будучыні нічога не зменіцца і беларусы не паедуць у Парыж, асабліва не хвалявацца. Калі не будзе [для нас Гульняў], значыць, не будзе. На самой справе не ад нас гэта ўсё залежыць.
— Які ўвогуле ў беларускай стральбе пануе настрой цяпер?
— Гэта — маю на ўвазе рызыку прапусціць Алімпіяду — ніхто асабліва не абмяркоўвае. Зразумела, што ўсе працуюць, трэніруюцца, кожны робіць сваю справу. У астатнім — проста чакаем, што будзе далей, як вырашыцца сітуацыя. Натуральна, як я ўжо сказаў, усе хочуць трапіць на Алімпійскія гульні, а як яно будзе…
— Ці можна сказаць, што беларуская стральба жыве сённяшнім днём?
— У прынцыпе, так.
— Цяпер нашы спартсмены пазбаўленыя магчымасці выступаць на буйных міжнародных спаборніцтвах. Як удаецца падтрымліваць форму ў такіх умовах?
— На самой справе ўсё індывідуальна, залежыць ад канкрэтнага атлета. Калі чалавек хоча трымаць сябе ў форме, прагрэсаваць, то ён знойдзе для гэтага спосабы і ў цяперашніх умовах. Можа нават выйсці на больш высокія паказчыкі. Так, пагаджуся, цяжка знайсці матывацыю, але трэба працаваць і імкнуцца паляпшаць сябе ў любым выпадку.
— А як знайсці матывацыю, калі побач няма сусветных зорак?
— Зноў жа, тут справа ў псіхалогіі канкрэтнага чалавека. Усё залежыць ад таго, што ў спартсмена ў галаве, і таго, чаго ён хоча дасягнуць. Гэта вельмі важна.
— Ці можна прагрэсаваць, калі побач спартсмены з Расіі ці краін, дзе від спорту недастаткова развіты?
— Калі браць Расію, то там таксама хлопцы, якія паказваюць высокія вынікі. Іх няшмат, але нам ёсць за што чапляцца. Так, узровень канкурэнцыі не такі, як на міжнародных спаборніцтвах, але ўсё ж. Так што я б не сказаў, што ўсё безнадзейна.
— Беларускія ўлады вырашылі правесці рамонт і мадэрнізацыю аб'ектаў БДУФК. І сродкі для гэтага будуць атрыманыя ў тым ліку за кошт скарачэння прызавых атлетам. Што думаеце з гэтай нагоды?
— Маё стаўленне да гэтага, мякка скажам, негатыўнае. Я магу зарабіць прызавыя, няхай нават зусім невялікія, а з іх яшчэ аднімуць працэнт на рамонт БДУФК і комплексаў? Гэта будзе вельмі дзіўна і несправядліва ў дачыненні да спартсменаў. Мне здаецца, атлетаў наадварот трэба неяк стымуляваць у сітуацыі, якая склалася. Цалкам магчыма, такія рэчы, якія прыдумалі ўлады, выклічуць хвалю абурэння сярод спартсменаў.