1040-вы дзень вайны. Расія адрэпетавала напад на Фінляндыю і краіны Балтыі

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

4280974.jpg

За суткі 28 снежня на фронце ва Украіне адбыліся 158 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ. Гарачэй за ўсё было на Пакроўскім кірунку, УСУ адбілі там 54 атакі. Колькасць баявых сутыкненняў за суткі на Ліманскім кірунку дасягнула 21. 

Сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага на Курахоўскім кірунку, дзе акупанты 22 разы спрабавалі прарваць украінскія абарончыя рубяжы.

Расійцы 15 разоў атакавалі на Врэмаўскім кірунку, на Краматорскім кірунку сілы абароны адбілі 14 атак, на Курскім кірунку расійцы нанеслі больш за чатырыста артылерыйскіх абстрэлаў па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Адбылося дзевяць баявых сутыкненняў.

* * *

У Часавым Яры і Тарэцку ідуць гарадскія баі. Як паведаміў спікер АСГВ «Хорціца» Віктар Трыгубаў падчас тэлемарафона, у Часавым Яры асноўныя сутычкі ідуць уздоўж канала «Северскі Данец — Данбас», які пераразае горад. «Адной з мэтаў праціўніка застаецца завод вогнетрывалых матэрыялаў у горадзе. Але там атакі ворага поспеху не дасягаюць», — адзначыў спікер.

У Тарэцку ідуць сутыкненні ў гарадской забудове. «Там пра сітуацыю нешта сказаць цяжка, таму што там ідзе пастаянная баявая праца з абодвух бакоў», — дадаў Трыгубаў.

* * *

У ноч на 29 снежня войскі Расіі запусцілі па Украіне шэсць ракет С-300/С-400 і 10 дронаў. Сілы СПА збілі дзевяць беспілотнікаў, паведамілі паветраныя сілы УСУ. Усе дзевяць дронаў збітыя ў небе над Мікалаеўскай вобласцю.

* * *

471437469_944663961180016_5989693840303657371_n.jpg

* * *

У NATO мяркуюць, што Расія адрэпетавала напад на Фінляндыю і краіны Балтыі. На іх думку, вайна ва Украіне паказала, што Расія гатовая ісці на значныя рызыкі.

Як піша выданне Iltalehti, крыніцы ў NATO паведамілі, што Расія адпрацавала атаку на Фінляндыю і іншыя краіны ўсходняга боку NATO. Па даных крыніц, у абароннай справаздачы ў цэлым лічыцца магчымым напад расійскіх вайскоўцаў на Фінляндыю, Паўночную Нарвегію або краіны Балтыі.

Выданне піша, што расійская атака нібыта павінна была быць адначасовай працай адразу некалькіх розных падраздзяленняў расійскай арміі. А ў нападзе маглі б задзейнічаны дзясяткі тысяч расійскіх салдат.

«На поўначы 14-ы армейскі корпус будзе атакаваць нарвежскае ўзбярэжжа з кірунку Мурманска з мора, сушы і паветра. У фінскую Лапландыю расійцы высадзяць дэсант. У Фінляндыю таксама ўварвуцца расійскія ракетныя войскі, разгорнутыя на Кольскім паўвостраве», — заявілі крыніцы выдання.

У NATO мяркуюць, што ў выпадку нападу Расія паспрабуе стварыць буферную зону ў Паўночнай Лапландыі і Фінмарцы ў Нарвегіі, што перанясе баявыя дзеянні на тэрыторыю краін NATO.

* * *

Існуе рэальная перспектыва таго, што неканвенцыйны напад Расіі на NATO — дыверсія або падпал — прывядзе да значных страт, мяркуе намеснік памочніка генеральнага сакратара NATO у пытаннях інавацый, гібрыдных і кібернетычных тэхналогій Джэймс Апатурай.

Апатурай, які займаецца абнаўленнем стратэгіі NATO па адсочванні і стрымліванні так званай гібрыднай вайны, сказаў у інтэрв'ю Sky News, што члены Альянсу павінны дакладна разумець паміж сабой і з Масквой, які ўзровень баявых дзеянняў у «шэрай зоне» можа справакаваць адказ саюзнікаў, у тым ліку прымяненне ваеннай сілы.

Паводле яго слоў, узрасла колькасць больш «кінэтычных» дзеянняў — такіх як пераразанне жыццёва важных падводных кабеляў, дыверсіі супраць будынкаў і закладка запальных прылад у груз самалётаў — пасля таго, як Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года.

«Мы дакладна можам налічыць дзясяткі. Да 100 дакладна. Але ёсць яшчэ шмат сарваных змоў», — сказаў Апатурай. «Існуе рэальная перспектыва таго, што адна з гэтых нападаў можа прывесці да значнай колькасці ахвяр або вельмі значных эканамічных страт», – заявіў чыноўнік NATO.