165-ты дзень вайны: разгортванні ў Беларусі, масіўныя абстрэлы і няўдалыя спробы наступу

Ідзе 165 дзень вайны Расіі ва Украіне. Распавядаем асноўнае, што вядома на гэты час сёння.

Фота: генштаб УСУ

Фота: генштаб УСУ

Па інфармацыі генштаба УСУ, на Валынскім і Палескім кірунках на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Узброеныя сілы РФ разгортваюць дадатковыя сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны.


На Северскім кірунку расійцы абстралялі з артылерыі раёны населеных пунктаў Гай і Грымяч Чарнігаўскай вобласці і Новыя Выркі Сумскай вобласці. На Харкаўскім напрамку абстрэлы арміяй РФ вяліся ўздоўж усёй лініі сутыкнення.


Вялікая Камышаваха, Бражкоўка, Вернаполле, Сулігоўка, Карнаухаўка, Роднае, Дыброўнае, Грушаваха, Багародзічнае, Норцоўка і Заліман — населеныя пункты на Славянскім кірунку, па якіх вёўся артылерыйскі агонь расійскімі сіламі гэтай ноччу.


Для ўскладнення вядзення паветранай разведкі расійскі бок задзейнічаў комплексы радыёэлектроннай барацьбы. Вёў наступальныя баі ў раёне Багародзічнага і Даліны, але поспеху не меў. Таксама непаспяховым быў і наступ пад Верхнекаменскім.
Расійская артылерыя і авіяцыя білі па Краматорскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Запарожскім, Паўдзённабужскім і Навапаўлаўскім кірунках.

Украінская авіяцыя і ракетна-артылерыйскія падраздзяленні працягваюць весці агнявое паражэнне скапленняў жывой сілы расійскіх войск. Па звесткам генштаба УСУ, страты асабовага складу расіян на сёння складаюць 42 200 (+300 за мінулыя содні).


*****



З украінскіх партоў выйшла яшчэ чатыры судны з збожжам.



Другі караван судоў з украінскай сельгаспрадукцыяй выйшаў з украінскіх партоў у рамках пагадненняў аб разблакаванні экспарту, дасягнутых 22 ліпеня. Пра гэта ў сваім твітары напісаў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў.


Ён паведамляе, што цяпер парты пакінулі сухагрузы Mustafa Necati, Star Helena, Glory і Riva Wind з сумарным грузам у 170 тыс. тон збожжа.


*****


Ва Украіне плануюць удвая павялічыць кампенсацыі сем'ям, якія прытулілі перасяленцаў у асенне-зімовы перыяд.  


Цяпер дзяржава плаціць такім сем'ям па 450 грн кампенсацыі на чалавека на ЖКГ-паслугі. Такім чынам, штомесяц на праграму падтрымкі перасяленцаў пералічваецца больш за 100 млн грн.


«Мы разумеем, што наперадзе ў нас зіма, ацяпляльны сезон і выдаткі будуць павялічвацца. Таму мы плануем у два разы падняць гэты параметр, падняць гэтую суму, яна будзе каля 900 грыўняў», — адзначыў міністр развіцця суполак і тэрыторый Аляксей Чарнышоў.


*****


З пачатку расейскага ўварвання ва Украіну як мінімум 6 расейскіх камандуючых былі звольненыя і 10 расейскіх генералаў загінулі.


Пра гэта гаворыцца ў выведвальным аглядзе Мінабароны Брытаніі.


Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб звальненні камандуючых Усходняга і Заходняга ваенных акругаў Расеі.


«Гэтыя звальненні ўзмацняюцца тым, што на полі бою ў Украіне загінулі па меншай меры 10 расійскіх генералаў. Сукупны ўплыў на ўзгодненасць камандавання, верагодна, узмацняе тактычныя і аператыўныя праблемы Расеі», — гаворыцца ў паведамленні.


Як паведамлялася, у ЗША кажуць, што РФ штодня губляе на вайне ва Украіне сотні вайскоўцаў.