280-ты дзень вайны. Абстрэлы Украіны трываюць, але поспехі Расіі перабольшаныя

Расія працягвае абстрэльваць тэрыторыі Украіны з цяжкіх відаў узбраення, але гэта аніяк не дапамагае ім на фронце. Становішча расійскіх войскаў становіцца больш складаным, што б ні казалі прапагандысты.

solvxjm2b30hzuy6bu5vddvshgrqq3hr.jfif


Пад раніцу 30 лістапада расійскія акупанты нанеслі артылерыйскія ўдары па Нікапольскім раёне Днепрапятроўскай вобласці. На раніцу накрылі агнём з «Градаў» і цяжкай артылерыі сам Нікапаль і Марганецкую грамаду. Туды прыляцелі амаль 30 снарадаў.

Абстрэлы зазналі і памежныя абшчыны Сумскай вобласці. Расійцы накіравалі на іх да 150 мін, снарадаў і іншай выбухоўкі. Памежныя вёскі вораг абстрэльваў з артылерыі і мінамётаў. Пад удар патрапілі электрычныя і газавыя сеткі, аб'ект крытычнай інфраструктуры.

У ноч на 30 лістапада расійцы абстралялі Запарожскую вобласць. У адным з населеных пунктаў Запарожскага раёна ў выніку траплення ракеты (верагодна С-300) пашкоджаны газаразмеркавальны пункт, без газу засталося тры вуліцы.

Генштаб УСУ паведамляе, што 29 лістапада ўзброеныя сілы адбілі атакі расійцаў каля 6 населеных пунктаў Данеччыны і Луганшчыны. Расійскія акупанты нанеслі 2 ракетныя ўдары па грамадзянскіх аб'ектах населенага пункта Ківшарівка на Харкаўшчыне і горада Славянск Данецкай вобласці, здзейснілі 47 авіяцыйных удараў і 35 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў. У Генштабе паведамілі, што захоўваецца пагроза ракетных удараў расійскіх захопнікаў па аб'ектах энергетычнай сістэмы і крытычнай інфраструктуры па ўсёй тэрыторыі Украіны.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія войскі перабольшылі свае «поспехі» на фронце. Аналітыкі пішуць, што некаторыя расійскія ваенкоры рабілі неабгрунтаваныя заявы аб тым, што расійскія войскі прарвалі лінію абароны Украіны на поўдзень ад Бахмута па трасе T0513 і прасунуліся ў бок Часовага Яру, што разрэзала б адну з двух асноўных украінскіх наземных камунікацый. «Але малаверагодна, што расійскія войскі прасоўваліся ў тым тэмпе, аб якім паведамляюць расійскія крыніцы», — заявілі эксперты.

Паводле іх звестак, кадры з геалакацыяй паказваюць, што расійскія войскі трохі прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Бахмута.

«Такія сцвярджэнні, верагодна, з'яўляюцца часткай расійскай інфармацыйнай аперацыі і з'яўляюцца заўчаснымі. Дэградаваныя расійскія сілы вакол Бахмута наўрад ці хутка паставяць Бахмут пад пагрозу непазбежнага атачэння», — рэзюмавалі аналітыкі.


Міністэрства абароны Брытаніі паведаміла, што расійскія сілы, верагодна, спынілі разгортванне батальённых тактычных груп (БТГ) за апошнія тры месяцы, паколькі такія групы паказалі сваю неэфектыўнасць у баях ва Украіне.

Паводле ацэнак ISW, пачынаючы з красавіка, расійскія батальёны-тактычныя групы дэградавалі пасля няўдалых наступальных аперацый, уключаючы атакі на Кіеў, Марыупаль, Севераданецк і Лісічанск. У Інстытуце адзначылі, што далейшыя намаганні па рэканструкцыі гэтых БТГ для аднаўлення іх баявой моцы пацярпелі няўдач.

Пасля няўдач, гаворыцца ў паведамленні ISW, расійскія войскі, верагодна, кінулі свае сілы, якія засталіся, і новы асабісты склад, уключаючы мабілізаваных, у дрэнна падрыхтаваныя, абсталяваныя і арганізаваныя часовыя фармаванні з нізкім маральным духам і дысцыплінай.

Аналітыкі ISW мяркуюць, што спосаб, які расійскія вайскоўцы сфармавалі новыя структуры шляхам расфарміравання дактрынальных батальёнаў, палкоў і брыгад, імаверна, увогуле пазбавілі расійцаў магчымасці вярнуцца да канцэпцыі БТГ, а таму цяпер расійскія акупанты вымушаныя спадзявацца на часовыя фармаванні, у якія прыцягваюцца мабілізаваныя.

Паводле Украінская праўда; УНІАН; РБК-Украіна