ISW: разгортванне расійскіх войскаў у Беларусі — інфармацыйная аперацыя

У амерыканскім «Інстытуце вывучэння вайны» лічаць малаверагодным прамы ўдзел беларускай арміі ў вайне з Украінай.

Ілюстрацыйнае фота: РІА «Новости»

Ілюстрацыйнае фота: РІА «Новости»


Разгортванне расійскіх сіл у Беларусі ў лістападзе 2022 года, імаверна, з'яўляецца часткай намаганняў Расіі, каб правесці інфармацыйную аперацыю, накіраваную на Украіну і краіны Захаду, а не падрыхтаваць паўторны ўвод войскаў ва Украіну з поўначы, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) у новай зводцы. Спадарожнікавыя здымкі сярэдзіны лістапада паказваюць павелічэнне расійскай тэхнікі на 230-м агульнавайсковым Абуз-Лясноўскім палігоне ў Брэсцкай вобласці. Гэтыя разгортванні, мяркуючы па ўсім, падтрымліваюць намаганні Расіі па навучанні сваіх сіл і не з'яўляюцца падрыхтоўкай баявых дзеянняў з Беларусі, адзначаюць аналітыкі.
Генеральны штаб УСУ напярэдадні паведаміў, што, паводле яго ацэнак, Расія перакіне «асобныя падраздзяленні» з Беларусі ў невядомы ўкраінскі раён пасля таго, як падраздзяленні стануць баяздольнымі. У той жа час украінскі Генштаб адзначыў, што не назірае прыкмет фарміравання расійскіх наступальных груповак паблізу паўночных памежных раёнаў Украіны. Гэтая заява падтрымлівае некалькі ацэнак ISW, паводле якіх баявыя страты сярод расійскіх інструктараў і стрэс, звязаны з мабілізацыяй, знізілі магчымасці навучання ў Расіі, што, верагодна, павялічыла яе залежнасць ад магчымасцей навучання ў Беларусі, гаворыцца ў зводцы.
Крэмль таксама, імаверна, імкнецца выкарыстоўваць разгортванне расійскіх сіл у Беларусі ў якасці інфармацыйнай аперацыі, каб затрымаць украінскія сілы вакол Кіева і тым самым прадухіліць іх выкарыстанне на поўдні і ўсходзе. Паводле ацэнкі ISW, удзел беларускай арміі ў вайне з Украінай па-ранейшаму застаецца малаверагодным, нягледзячы на тое, што Крэмль актыўна распаўсюджвае інфармацыю пра падрыхтоўку такога нападу.
Нагадаем, учора стала вядома, што Расія перакідвае ў Беларусь зенітна-ракетныя комплексы «Тор». Першы эшалон з расійскай вайсковай тэхнікай з гэтай партыі ўжо прыбыў у Беларусь. У кастрычніку расійцы перакідвалі сюды дроны-камікадзэ іранскай вытворчасці, якія былі выкарыстаны для начных абстрэлаў украінскай тэрыторыі, а ў чэрвені даслалі эшалон самаходных гаўбіц «Акацыя».