363-ці дзень вайны. Украіна трымае абарону, чакаецца выступленне Пуціна
21 лютага, фактычна напярэдадні гадавіны поўнамаштабнай вайны, Уладзімір Пуцін абяцае выступіць з пасланнем да Федэральнага сходу. Аднак гэта выступленне чакаюць не толькі ў Расіі — мяркуецца, што кіраўнік дзяржавы-агрэсара агучыць свае далейшыя планы ва Украіне.
Што будзе казаць Пуцін, канешне, ніхто пакуль не ведае. Эксперты фармулююць версіі, якім не варта надаваць шмат увагі. Ясна тое, што справы РФ ва Украіне дрэнь, але капітуляваць Крэмль не збіраецца. За кошт чаго Масква будзе працягваць агрэсію? Ёсць нейкі сакрэтны план? Дапаможа Кітай, аб чым трывожна кажуць некаторыя палітыкі на Захадзе? Паглядзім — пачатак пуцінскага выступлення а 12-й гадзіне. Гэта калі ён традыцыйна не спозніцца.
Тым часам украінскія войскі працягваюць стрымліваць акупантаў. За мінулыя суткі УСУ адбілі атакі расійцаў у раёне 11 населеных пунктаў на пяці кірунках.
У прыватнасці, агрэсары і далей засяроджваюць асноўныя намаганні
на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. Аб гэтым паведамляецца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба УСУ.
«За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі
атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Гранікоўка і Масютоўка Харкаўскай
вобласці, Белагораўка — Луганскай і Васюкоўка, Бярхоўка, Бахмут, Васільеўка,
Новабахмутаўка, Вадзяное, Невельскае і Мар'інка на Данеччыне», — гаворыцца
ў зводцы.
У той жа час на Валынскім, Палескім, Северскім і
Слабажанскім напрамках прыкмет фарміравання наступальных груповак праціўніка не
выяўлена.
Авіяцыя Сіл абароны Украіны за суткі нанесла 16 удараў па
раёнах засяроджвання асабістага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў і
ўдар па зенітна-ракетным комплексе на агнявой пазіцыі.
Таксама, як падаецца ў аператыўнай інфармацыі Генеральнага
штаба УСУ, украінскія абаронцы збілі тры
беспілотныя лятальныя апараты тыпу «Ланцэт».
«Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя
суткі паразілі дзве пазіцыі супрацьпаветранай абароны ворага і батарэю
рэактыўных сістэм залпавага агню праціўніка», — адзначаецца ў зводцы.
Тым часам расійскія захопнікі за суткі нанеслі шэсць
ракетных удараў па грамадзянскай інфраструктуры трох абласцей Украіны — Данецкай,
Запарожскай і Херсонскай. Таксама праціўнік здзейсніў 86 абстрэлаў з
рэактыўных сістэм залпавага агню. У выніку знішчаны і
пашкоджаны грамадзянскія жылыя дамы, школы і крамы. Ёсць загінулыя і параненыя.
У Генштабе адзначылі, што высокай застаецца пагроза далейшых
расійскіх авіяцыйных і ракетных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны.
Украіна мае патэнцыял вярнуць ініцыятыву на полі бою ў 2023 годзе пры своечасовай і дастатковай падтрымцы саюзнікаў. Такое меркаванне выказалі эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
У справаздачы падкрэсліваецца, што візіт прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ва
Украіну напярэдадні гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання сведчыць аб
працягу падтрымкі Захадам Украіны.
Аналітыкі адзначаюць заяву прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага
аб важнасці для Украіны абароны Бахмута, але «не любым коштам».
Зяленскі і міністр абароны Аляксей Рэзнікаў таксама падкрэслілі, што ўкраінскія
войскі працягваюць рыхтавацца да контрнаступлення найбліжэйшым часам.
«У ISW прытрымліваюцца думкі, што рашэнне Украіны
абараняць Бахмут з'яўляецца стратэгічна абгрунтаванай спробай скаваць расійскія
войскі на асобным участку фронту і разбіць іх, і Зяленскі, імаверна, змякчыў
пазіцыю сваёй адміністрацыі па Бахмуце, каб пайсці на абмежаваную рытарычную
саступку афіцыйным асобам ЗША», — гаворыцца ў справаздачы.
Эксперты дадаюць, што Расія не мае вялікіх незадзейнічаных
баяздольных рэзерваў, якія можна было б разгарнуць і змяніць ход вайны на сваю
карысць.
У ISW таксама крытыкуюць рашэнне мінабароны Расіі аб
рэарганізацыі ўзброеных фарміраванняў так званых «ДНР» і «ЛНР» на фоне
далейшага наступу. Гэта, на думку аналітыкаў, паказвае на тое, што расійскае
Мінабароны не цалкам усведамляе маштаб асноўных выклікаў інтэграцыі
нерэгулярных сіл у прафесійнае войска, асабліва ў перыяд інтэнсіўных баявых
дзеянняў.
«Расійскае вайсковае камандаванне можа прызнаць, што
Расія не мае баявога патэнцыялу, каб дасягнуць адміністрацыйных меж Данецкай
і Луганскай абласцей у кароткатэрміновай перспектыве, і, магчыма, спрабуе
прыспешыцца з некаторымі запланаванымі рэформамі, перш чым Пуцін зноў
расчаруецца праз няздольнасць расійскага Мінабароны забяспечыць значныя
дасягненні», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле ўкраінскіх медыя.